Санацыя (Польшча)
Сана́цыя (польск.: Sanacja ад лац.: sanatio — аздараўленне) — назва палітычнага руху, які ўзнік у сувязі з абвяшчэннем Юзафам Пілсудскім лозунгу «маральнай санацыі» грамадскага жыцця ў Польшчы, высунутага падчас падрыхтоўкі і падчас майскага перавароту 1926 года.
Аснову руху склалі былыя армейскія афіцэры, у якіх карупцыя ў польскай палітыцы выклікала агіду. Санацыя была кааліцыяй розных палітычных сіл з акцэнтам на ліквідацыю карупцыі і скарачэнне інфляцыі.
Галоўнай палітычнай арганізацыяй санацыі быў Беспартыйны блок супрацоўніцтва з урадам (1928—1935) (польск.: Bezpartyjny Blok Współpracy z Rządem Józefa Piłsudskiego (BBWR)), а з 1937 года —Лагер нацыянальнага аб’яднання.
У жніўні 1926 года ў Канстытуцыю 1921 года былі ўнесены істотныя папраўкі. Прэзідэнт атрымаў права датэрмінова распускаць сейм і сенат і прызначаць новыя выбары, выдаваць дэкрэты, якія маюць сілу закона да моманту зацвярджэння або не зацвярджэння іх парламентам. Сейм пачаў працаваць на сесійнай, а не на пастаяннай аснове. Толькі прэзідэнт меў права адкрываць і закрываць яго сесіі. Уводзілася папярэдняя цэнзура прэсы.
Санацыя ўсталявала аўтарытарнае кіраванне, змагалася з камунізмам, абвяшчала тэзісы пра крызіс дэмакратыі, неабходнасць моцнай улады і ліквідацыі апазіцыйных партый. У цэлым рэжым Пілсудскага насіў правацэнтрысцкі, кансерватыўна-патэрналісцкі характар.
Прыкладамі барацьбы з апазіцыяй, апрача іншага, былі: стварэнне канцэнтрацыйнага лагера ў Бярозе-Картузскай, Брэсцкі працэс, абвяўчэнне па-за законам Лагера вялікай Польшчы, а таксама Нацыянальна-радыкальнага лагера, абмежавання свабоды друку і сходаў.
У красавіку 1935 года, незадоўга да смерці Пілсудскага, у Польшчы была прынята новая Канстытуцыя, у якую ўвайшлі асноўныя прынцыпы Санацыі: моцная цэнтралізаваная дзяржава з прэзідэнцкай сістэмай кіравання. Неўзабаве пасля смерці Пілсудскага рух сутыкнуўся з шэрагам унутраных праблем і рознагалоссяў. Урэшце ён распаўся на тры асобныя кірункі:
- Левая санацыя (польск.: Lewica sanacyjna), з лідарам Валерыем Славакам (польск.: Walery Sławek), якая імкнулася да пагаднення з апазіцыяй;
- Замкавая група (польск.: Zamek), сфарміраваная вакол прэзідэнта Ігнацыя Масціцкага (які пражываў у Варшаўскім замку — адсюль і назва) — цэнтрысты;
- Правая санацыя (польск.: Prawica sanacyjna), што гуртавалася вакол Эдварда Рыдз-Сміглы ў саюзе з Лагерам нацыянальнага аб'яднання — нацыяналісты.
Першы з гэтых кірункаў неўзабаве страціў сваё значэнне, а два іншыя працягвалі барацьбу за ўплыў да пачатку вайны.
Другая сусветная вайна паклала канец ураду санацыі, але яе дзеячы захавалі значныя сувязі ў эмігранцкім урадзе і яго структурах у Польшчы.
Спасылкі
правіць- Sanacja Архівавана 15 мая 2012. (польск.)
- Przemiany ustroju Polski w latach 1921—1935 (польск.)