Санта-Барбара (Каліфорнія)
Са́нта-Ба́рбара (англ.: Santa Barbara) — горад і аднайменная акруга ў Каліфорніі (ЗША). Насельніцтва — 91 364 чал. (2019 г.).
Горад
Санта-Барбара
Santa Barbara
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||
Геаграфія
правіцьСанта-Барбара месціцца на беразе Ціхага акіяна за 145 км на паўночны захад ад Лос-Анджэлеса. З поўначы горад абмежаваны горнай градой, схілы якой пакрыты чапаралем і дубовымі лясамі. Клімат міжземнаморскі, блізкі да клімату паўночнай Італіі і паўднёвай Францыі, таму Санту-Барбару і наваколле часцяком клічуць каліфарнійскай Рыўерай.
Гісторыя
правіць4 снежня 1786 г. іспанскі місіянер Фермін дэ Ласуэн заснаваў на месцы сучаснага горада францысканскую місію Святой Барбары. Яна прыцягвала навакольных індзейцаў, якія акрамя хрысціянізацыі навучаліся ў ёй сельскай гаспадарцы і еўрапейскаму ладу жыцця. На беразе акіяна каля місіі паўстала паселішча Лагуна-дэ-ла-Кансепсьён. Яго насельнікі займаліся жывёлагадоўляй. У 1812 г. і 1825 г. місія і паселішча моцна пацярпелі ад землятрусаў. У 1818 г. Лагуна-дэ-ла-Кансепсьён была атакавана піратамі, аднак індзейцы пад кіраўніцтвам францысканцаў разам з невялікім атрадам іспанскіх салдат здолелі абараніць мясцовых жыхароў.
У 1821 г. Каліфорнія ўвайшла ў склад незалежнай Мексікі. У 1833 г. мексіканскі ўрад секулярызаваў маёмасць місіі. На аснове яе архіва была створана бібліятэка, якая ў наш час з'яўляецца адной з найстарэйшых і найбуйнейшых у Паўночнай Амерыцы. Падчас амерыкана-мексіканскай вайны ў 1846 г. навакольныя землі былі заняты амерыканскім батальёнам і ў 1848 г. афіцыйна ўключаны ў склад ЗША. У 1850 г. склалася выбранае гарадское кіраўніцтва Санта-Барбары. У 1851 г. было распачата гарадское планаванне. Паміж 1850 г. і 1860 г. насельніцтва павялічылася ўдвая. Аднак характэрна, што да пачатку 1870-х гг. большая частка гарадскіх афіцыйных дакументаў пісалася на іспанскай мове.
Развіццю эканомікі горада садзейнічала будаўніцтва ў 1872 г. чыгункі. Да 1929 г. дзейнічала сетка гарадскіх чыгуначных дарог, што спачатку працавалі на на коннай цязе, а потым былі электрафікаваны. У пачатку XX ст. недалёка ад горада вялася здабыча нафты. У 1910 — 1922 гг. Санта-Барбара з'яўлялася адным з важных цэнтраў амерыканскай кінаіндустрыі.
У другой палове XX ст. Санта-Барбара развівалася як турыстычны і сучасны прамысловы горад. Пераезд у яго заможных грамадзян з Лос-Анджэлеса паступова ператварыў гарадскую нерухомасць у адну з самых дарагіх у Каліфорніі. Горад і наваколлі моцна пацярпелі ад пажараў у 1964 г., 1977 г., 1990 г., 2009 г., 2018 г.
Эканоміка і інфраструктура
правіцьСанта-Барбара — важны турыстычны і прамысловы цэнтр Каліфорніі. Каля дзесятай часткі дарослага насельніцтва працуе на прадпрыемствах авіякасмічнай, ваеннай і харчовай прамысловасці. Акруга Санта-Барбара лічыцца радзімай яечнага макмафіна. Турысты наведваюць горад для сёрфінгу, знаёмства з прыроднымі і гістарычнымі славутасцямі. Акрамя таго, Санта-Барбара знакаміта як цэнтр мастацтваў, арганізацыі спартыўных спаборніцтваў і фестываляў, у тым ліку 2 фестываляў незалежнага кіно.
У горадзе існуюць універсітэт, кансерваторыя, некалькі каледжаў і інстытутаў, буйная грамадская бібліятэка, музеі, батанічны сад, заапарк, аэрапорт, чыгуначная станцыя і порт для круізных суднаў.
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
правіць- Энтані Эдвардс, амерыканскі акцёр
Гарады-пабрацімы
правіць-
Будынкі місіі Святой Барбары — галоўная гістарычная славутасць
-
Аэрапорт
-
Каліфарнійскі універсітэт Санта-Барбары
-
Батанічны сад
Зноскі
- ↑ а б https://www.santabarbaraca.gov/gov/cityhall/council/meet/rrowse.asp Праверана 23 сакавіка 2022.
- ↑ 2020 United States Census / пад рэд. Бюро перапісу насельніцтва ЗША Праверана 1 студзеня 2022.
- ↑ http://www.aatccusco.com/ciudades_hermanas.php
Спасылкі
правіцьSanta Barbara даведнік на сайце Wikivoyage
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Санта-Барбара (Каліфорнія)
- Афіцыйны сайт
- Інфармацыя для наведвальнікаў
- Эканамічная статыстыка