Сапяжанка, або Бергамот польскі — летні сорт грушы, папулярны ў Рэчы Паспалітай у XVIII ст.[1], а цяпер у Беларусі і Літве. Разам з Берэ слуцкай і Вінёўкай лічыцца мясцовым беларускім сортам.

Сапяжанка
Грушы сорту Сапяжанка, выява ў кнізе «Атлас плодов» пад рэдакцыяй Адама Грабніцкага.
Грушы сорту Сапяжанка, выява ў кнізе «Атлас плодов» пад рэдакцыяй Адама Грабніцкага.
Сістэматыка
Род Груша
Від Pyrus communis
Сорт 'Сапяжанка'
Сінонімы
Pyrus domestica
Паходжанне
Рэзкасць
Узнагароды

Паходжанне назвы

правіць

Бер­га­мо­та­мі  (руск.) на­зы­ва­юць гру­пу сартоў гру­шы з пладамі пляскатай фор­мы, падобнай да пладоў бергамоту — гібрыднага віду раслін сямейства Рутавых. Сло­ва bergamotta італьянскага паходжання — ад горада Бергама, у ваколіцах якога вывелі і пачалі вырошчваць бергамот. Таксама ёсць версія турэцкага паходжання ад слова bеgarmudu (турэцк.: bеg — князь; турэцк.: аrmud — груша)[2] або beyarmudu (турэцк.: bey — пан).

Назва Сапяжанка звязана з магнацкім родам Сапегаў, які прычыніўся развядзенню сорту ў Вялікім Княстве Літоўскім, на тэрыторыях якога яшчэ на пачатку XX ст. захаваліся дрэвы, пасаджаныя ў XVIII ст.[3].

Адам Грабніцкі-Дактаровіч адзначаў, што месцамі ў Курляндыі Сапяжанку называлі Курляндскім Бергамотам (Kurländische Bergamotte)[3]. У Віленскай губерні і ў Пецярбургу была вядома таксама пад назвай Жыдоўкі або Жыдоўскай грушы, напэўна, бо прадавалі яе на рынках яўрэі. У Мінску лепшую яе разнавіднасць, адметную вялікімі смачнымі пладамі, называлі Галавянкай[3].

Гісторыя

правіць
 

З’яў­лен­не сорту ў Рэ­чы Па­спа­лі­тай звяз­ва­юць з імем найуплы­во­вейша­га вялікалітоўскага маг­на­та свайго часу — Казіміра Яна Сапегі (1637—1720). Па­вод­ле ад­ной вер­сіі, мес­цам адкуль Са­пя­жан­кі распаўсюдзіліся па Рэ­чы Па­спа­лі­тай быў сад пры па­лацы Са­пе­гаў у Мінску, дзе высадзілі флянсы вывезеныя з Фран­цыі дочкамі Казімі­ра Яна Са­пе­гі, кашталяна менскага. Паводле другой, паведамленай Паўлам Шпілеўскім, гру­шы пры­вёз з Венг­рыі сам Ка­зі­мір Ян Са­пе­га і пачаў разводзіць у сва­ёй рэ­зі­дэн­цыі ў Беразіне. Паводле трэцяй, прывезеныя з замежжа флянсы высадзілі ў Быхаўскім замку[2].

Не ўсё ў версіях адпавядае фактам, генеалогам вядома толькі адна дачка Казіміра Яна — Ка­ця­ры­на-Сха­лас­ты­ка, не быў ён і менскім кашталянам, ёсць пытанні да перыяду валодання ім Беразіном і Быхавам. Трэба аднак разумець асаблівыя заканамернасці развіцця паданняў, часцей яны захоўваюць ключовую інфармацыю змяняючы пры гэтым дэталі.

Батанічнае паходжанне сорта

правіць
 
Выява грушы сорта Bergamotte rouge у кнізе В. Лаўхэ  (англ.) «Deutsche Pomologie»
 
Выява грушы сорта Bergamote d'été у кнізе В. Лаўхэ  (англ.) «Deutsche Pomologie»

Э. Янкоўскі  (польск.) лічыў Сапяжанку ідэнтычнай французскаму сорту Bergamote ronde d'été або Runde Sommer-Bergamotte[4], але А. Грабніцкі лічыў[3], што гэта розныя сарты і дапускаў, што хутчэй, Сапяжанка — уласна літоўскі сорт, бо апісанні і выявы, пададзеныя Флотавым і Леруа, на яго думку, не адпавядаюць Сапяжанцы[3]. З’яўленне сорту прыпадае на канец XVI — пачатак XVII ст., напэўна, Сапега ўвёз яго неўзабаве пасля з’яўлення. Аднак Bergamote ronde d'été хоць і тоесны з Сапяжанкай, і мае такі самы моцны рост, але дрэвы не дасягаюць велізарных памераў, а маладыя парасткі нават у Германіі цярпяць ад маразоў, тады як Сапяжанка была дастаткова вынослівай у літоўскіх і польскіх губернях. Яшчэ меней падстаў каб лічыць Сапяжанку сортам, які паходзіць ад Bergamotte rouge, дае іх адрозная форма, смак мякаці і час паспяванне пладоў[3].

Батанічнае апісанне

правіць

У садзе дрэва дасягае буйных памераў і глыбокай старасці[3]. Рост дрэва троху мацнейшы за Бессямянку  (руск.)[3].

Крона сярэдняй гушчыні, шырокапірамідальная, з разлапістымі, крывымі галінамі. Маладыя парасткі тонкія, светла-бурыя, з рэдкімі чачавічкамі. Двухгадовыя галіны шэра-бурыя, з круглымі чачавічкамі[3]. Парасткі простыя, злёгку каленчатыя, сярэдняй таўшчыні. Міжвузеллі значнай даўжыні, бо пупышкі сядзяць рэдка[3]. Кара на парастках даволі светла-аліўкава-бураватая, гладкая, паўматавая. Чачавічкі вельмі дробныя, пераважна доўгія, востра скончаныя, малалікія, вохрыстага колеру[3].

Пладовыя галіны сярэдняй даўжыні і кароткія, слаба разгалінаваныя, не тоўстыя[3]. Пладовыя маткі кароткія (10-12 мм), голыя, арэхава-зеленаватага колеру, шурпатыя ад густых скапленняў дробных чачавічак, ссечана-канічнай формы, сярэдняй таўшчыні, з 2-3 пупышкамі, нясуць ва ўраджайны год па 1-3 плады кожная[3].

Ліставыя пупышкі дробныя, шырока канічныя, слаба аттапыраныя ад парастка, з кончыкам, нахіленым да парастка, гладкія, чорнабурыя ці нават зусім чорныя, сядзяць на нямоцных падушачках з вузкім серпападобным рубцом[3].

Лісце невялікае, авальнае, завостранае[3], цёмна-зялёнага колеру, з моцным бляскам з верхняга боку і матавае ярка-зялёнае знізу, зусім голае з абодвух бакоў[3]. Ліставыя жылкі далікатныя, сеткавыя, больш светла-зялёныя за саму паверхню, моцна выдаюцца[3]. Край ліста даволі слаба зазубраны ля лістоў на роставых парастках і цэльна-крайні, часам злёгку пухнаты па краі[3].

Чарашок ліста вельмі доўгі, якра светла-белавата-зялёны, тонкі, голы, амаль просты, злучаны з пласцінкай пад тупым вуглом. Прылісткі шылападобныя, хутка ападаюць[3].

Пупышкі пладовыя таксама голыя, цёмнакарычнева-бурыя, сярэдняй велічыні, яйкападобнай формы[3].

Вялічыня ніжэйшая за сярэднюю ці сярэдняя, вышыня 55-60, шырыня 62-70[1]. Вага пладоў каля 60 г[1].

Форма ў верхняй частцы плоская, з шырокай тупой верхавінкай, да ножкі круглява-канічная, са слабым канічным завастрэннем, якое бывае больш сільным толькі ў нетыповых пладоў, якія маюць востра-канічнае аснаванне. Ніжняя частка звычайна нераўнабокая. Паверхня роўная, без рабрыстых выступаў і барознаў[3].

Чашачка не развітая, адкрытая, з малымі, кароткімі чорнымі чашалісцікамі. Паглыбленне чашачкі (верхняя ямка) шырокае, даволі паглыбленае, правільнае, з дробнымі баразёнкамі ці без іх[3].

Ножка крыху выгнутая, доўгая, роўная ўсёй вышыне плода, ці ад 12 да 34 яе. Ніжняя ямка дробная, полая, з невялікім аднабаковым мясістым вырастам (часта колцападобным), што некалькі адхіляе ножку ўбок[3].

Скура тоўстая, плотная, гладкая ці некалькі шурпатая ад іржавых кропах, слаба глянцавая ці тусклая, у паўспелых пладоў зелянява-жоўтая, у спелых светла-жоўтая, часам васкова-белая, на сонечным баку ці на большай частцы плода з разлітым мутным малінавым румянцам, які часам вельмі прыгожы ў спелых пладоў[1]. Падскурныя кропкі дробныя, частыя, шэрыя ці бурыя, акружаныя ружовым абадком, ад чаго яны здаюцца ружовымі, пры гэтым яны рэзка вылучаюцца на светла-жоўтай афарбоўцы. Ад ніжняй часткі ямкі часта ідуць прамяні і пятны тонкага, шэра-жоўтага, іржавага налёту, які рассеяны па ўсяму плоду і прыдаюць яму ў спеласці шэраваты колер[3].

Водар фенхельны[3].

Насеннае гняздо невялікае, з вузкім восевым каналам, акружана мякаццю рыхлай грануляцыі, больш камяністай ля чашачкі[3].

Падчашачкавая трубка варонкападобная ці канічная. Насенне тоўстае, кароткае, чорнабурае, падобна на яблычнае[3].

Мякаць белая, дробназярністая, каля гнёздаў мала камяністая і рыхлая, спачатку плотная і цяжкая, потым мягкая, паўталая, дастаткова сакавітая, саладкаватая, у паўспелага плода некалькі кіславатая, з даўкім смакам, без астраты[1]. У параўнанні з Бессямянкай  (руск.), мякаць грубаватая, менш сакавітая і не далікатная, але больш сладкаватая. На думку В. Пашкевіча Сапяжанка далікатней і высакародней за Бессямянку, апошнюю ён лічыць грубейшай[5].

Масляністай мякаці, уласцівай сапраўдным бергамотам  (руск.), Сапяжанка не мае, нават у рэгіёнах, дзе дасягае высокіх якасцяў[3].

Сорт культывуюць, галоўным чынам, у Беларусі і Літве, сустракаецца таксама ў заходніх абласцях Украіны, у Варонежскай, Курскай, Арлоўскай абласцях Расіі[6].

Экалогія

правіць
 
Плод іншага сорта, пашкоджаны грыбком вентурыя грушавая (Venturia pyrina)

Дрэвы Сапяжанкі (Бергамота польскага) моцнарослыя, вызначаюцца адноснай вынослівасцю да ўмоў росту, але ў суровыя зімы падмярзаюць.

Дрэва любіць добрую, пажыўную глебу, і на дрэнных глебах плады яго застаюцца мала смачнымі і дробнымі[3].

Плоданашэнне пачынаецца позна, ва ўзросце 7—9 гадоў. Плады размешчаны на 3-4-, радзей і на 5-гадовай драўніне, так што яны сабраны больш на верхняй частцы сукоў, нанізаўшыся на іх даволі густа, як бы гронкамі, ад чаго яны слаба звешваюцца дугападобна ўніз[3]. Трымаюцца плады на дрэве дастаткова крэпка, так што асаблівай аховы ад ветру не патрабуюць.

Завязваюцца плады шматліка, пераважна на верхняй палове і на самай верхавіне кроны[3]. Ураджайнасць добрая.

Паводле паспявання пладоў Сапяжанку хутчэй можна лічыць познім летнім, чым асеннім сортам. Плады яе паспяваюць у Літве і Беларусі да 15-20 жніўня і могуць захоўвацца да сярэдзіны верасня[3]. Пасля чаго яны мучнеюць і мякчэюць унутры. Толькі пры добрых умовах захоўвання могуць заставацца ў добрым стане да канца верасня, калі сарваны былі няспелымі[6]. У «Атласе пладоў» прыводзяцца звесткі пра тое, што ў Тамбоўскай губерні Сапяжанка паспявае ў пачатку верасня і нібыта можа захоўвацца ў падвале два месяцы, але сам А. Грабніцкі лічыць іх сумнеўнымі[3].

Плады блага пераносяць перавозку, таму сорт мае толькі мясцовае значэнне.

Паўсюль плады лічацца дэсертнымі і цэняцца вышэй іншых груш сярэдняй паласы Расіі[3].

У сырое і прахалоднае лета плады пакутуюць ад паражэння грыбком вентурыя грушавая (Venturia pyrina), робяцца калянымі і нясмачнымі[3].

Сорт выключаны са стандарту Рэспублікі Беларусь з-за моцнай паражальнасці дрэваў і пладоў паршой[ru]. Плады схільныя да паршы ў вялікай ступені, так што часта на ўсім дрэве грушы дробныя, плямістыя, нераўнабокія і пакрытыя чорнымі расколінамі[3]. Аднак, багатае ўгнаенне падглебы і правільнае апрыскванне бардоскай вадкасцю  (руск.) дапамагаюць перамагчы хваробу[6]. Пры такім доглядзе груша плоданасіць вялікай колькасцю пладоў выдатнага выгляду, дасканала гладкіх, сакавітых, даволі салодкіх, хоць яны і не бываюць дасканала масляністымі, а толькі паўмасляністымі, з дастаткова крохкай, крыху даўкай мякаццю[3].

Сорт практычна самобесплодны. Лепшы апыляльнік — Бессямянка[7].

Вытворныя сарты

правіць

Іван Мічурын удала прышчапіў гэты сорт у Казлове Тамбоўскай губерні[8][9].

З удзелам Сапяжанкі створаны сорт груш 'Кудзесніца': (Сапяжанка х Дружба) х Лагодная[10]. Гэты сорт уключаны ў Дзяржаўны рэестр сартоў і дрэўна-кустовых парод Рэспублікі Беларусь у 2011 годзе[10].

З гібрыднай сям’і Сапяжанка х Дуля остзейская атрымана груша Бергамотная, а з сям’і Вінёўка х Сапяжанка — Беларуска[11].

У літаратуры

правіць

У аповесці «Над Нёмнам» Элізы Ажэшкі: «Стагадовая, мабыць, сапяжанка, сваё галлё, ужо бясплоднае, але густа пакрытае лісцем, паклала на вокны і сцены дому, чые пабеленыя аканіцы і нарожнікі весела з-за яе выглядалі». Не раз сапяжанку настальгічна згадваў у сваіх творах нобелеўскі лаўрэат Чэслаў Мілаш. Якуб Колас стварыў аўтабіяграфічнае вершаванае апавяданне «Грушы-сапяжанкі», у якім апісваецца, як хлапчукі, нарваўшы груш, змаглі ўцячы ад гаспадара сада[12]. Сапяжанкам таксама прысвяціў верш Аляксей Зарыцкі[2].

Зноскі

  1. а б в г д Рылов Г. П., Стеркин И. В. Путешествие за сортом. — М.: Агропромиздат, 1987.
    «Летний сорт Сапежанка (Бергамот польский), получивший в XVIII веке широкое распространение в Литве, а затем в Белоруссии. Дерево сильнорослое. Плоды ниже средней или средней величины, плоскоокруглой формы. Кожица вначале зеленовато-желтая, при созревании светло-желтая с размытым румянцем малинового цвета на солнечной стороне. Мякоть сочная, сладкая, приятного освежающего вкуса».
  2. а б в Кухмістр Верашчака Сапяжанка — арыстакратка сярод груш / Ігуменскі тракт № 19 (77) // Звязда № 106 (27716) за 10.06.2014.
  3. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа аб ав аг ад ае аё аж аз А. Гребницкий. Сапежанка // Атлас плодов / под редакцией Адама Гребницкого. — 1906. — С. 518.
  4. Паводле A. Leroy, D., 1867, p. 237, № 114, Bergamote D'été, p. 239, у немцаў Bergamote ronde d'été, паводле v. Flotow  (руск.), III. Н., № 270, Runde Sommer-Bergamotte
  5. В. Пашкевич. Сапежанка // Атлас плодов / под редакцией Адама Гребницкого. — 1906. — С. 518.
  6. а б в Сапежанка Архівавана 7 верасня 2016. (руск.)
  7. Сапежанка (руск.)
  8. Аврора (руск.)
  9. Бергамот // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  10. а б КУДЕСНИЦА (руск.)
  11. Частная генетика растений / Редактор(ы): А. Кильчевский,Л. Хотылева
  12. Паэмы «Прапаў чалавек»

Літаратура

правіць
  • Кухмістр Верашчака Сапяжанка — арыстакратка сярод груш / Ігуменскі тракт № 19 (77) // Звязда № 106 (27716) за 10.06.2014.
  • Рылов Г. П., Стеркин И. В. Путешествие за сортом. — М.: Агропромиздат, 1987.
  • J. Strumiłło. Ogrody Północne, VII изд., Вильна, 1880 г., стар. 167 (пад назвай Sapieżanka (rothe Bergamotte))
  • E. Jankowski  (польск.). Sad i ogród owocowy, 1882, стар. 327, 41 (пад назвай Sapieżanka (Bergamote ronde d'été, Runde Sommer-Bergamotte) і 1893, с. 327, 52, таксама
  • Н. Кичуновъ. Вѣстн. С., 1889 г., с 63, 65 (пад назвай Сапѣжанка ці бергамотъ польскій) — першае падрабязнае памалагічнае апісанне сорту з хромалітаграфіяй не тыповага плоду, з моцным канічным завастрэннем да ножкі і не характэрнай жоўтай афарбоўкай
  • G. Kuphaldt  (руск.). Der Rationelle Obstbau in den nordwestlichen Provinzen des russischen Reiches : ein Handbuch der Obstkultur für Gärtner und Gartenfreunde, Riga, 1896, s. 160 (пад назвай Bergamotte Sapieganka).
  • Гоше  (руск.). Руководство к плодоводству для практиков по Гоше" под общей редакцией проф. А. Ф. Рудзкого, изд. II, 1899 г., с. 79. (пад назвай Сапѣжанка) — з малюнкам разрэзу плода, якаснае апісанне, з пазначэннем, між іншым, што мяжа развядзення гэтага сорта праходзіць некалькі далей на поўдзень, чым мяжа сорта Бессямянка  (руск.), у Арле дрэва ўжо не стойкае да марозаў, але ў Варонежы толькі ў выключна суворыя зімы некалікі пашкоджваецца.
  • Осламовская  (укр.) опытная помологическая станція, 1899 г., с. 55, № 55 (пад назвай Сапежанка) — з пазначэннем, што ў Асламаве (Падольскай губерні) яна ў два-тры разы буйнейшая, чым на сваёй радзіме, у Літве, але саступае амаль усім астатнім грушам. Дрэва здаровае, вялікае і вельмі ўраджайнае.
  • Л. Симиренко. Иллюстр. опис., 1901 г., с. 90, 89 (пад назвай Bergamotte Sapiejanka, Sapieżanka, Бергамотъ польскій, Сапѣжанка)

Спасылкі

правіць