Сармацкі партрэт
Сарма́цкі партрэ́т — форма параднага рыцарскага партрэту, ўласцівая выяўленчаму мастацтву ВКЛ перыяду XV—XVIII стагоддзяў.
Дадзены партрэтны жанр быў часткай агульнае ідэалогіі сарматызму, што панавала ў той час на абшарах Рэчы Паспалітай. Паводле дадзенае ідэалогіі ўся шляхта лічылася нашчадкамі плямёнаў сарматаў, што ў 3 ст. да н. э. — 4 ст. н. э. насялялі прычарнаморскія стэпы. Сарматызм стаў светапоглядам, культурай і ладам жыцця шляхты. Гэтая ідэалогія лучачы вышэйшы стан Кароны і Літвы, адначасова супрацьпастаўляла яго іншым станам краіны і навакольным народам, асабліва некаталіцкага веравызнання. Галоўным абавязкам шляхты лічылася ваенная справа і абарона Бацькоўшчыны і каталіцтва.
Чалавек у такіх творах паказваўся па вызначанай схеме — у парадным аддзенні, у атачэнні прадметаў, што адлюстроўвалі не толькі мадэль, яе ўнутраны свет, характар, але і перадавалі прыналежнасць да тое ці іншае саслоўнае групы насельніцтва, дазвалялі даведацца пра становішча асобы ў грамадстве. Сармацкі партрэт, як асобны стыль «жывапіснага натуралізму», быў арыентаваны не толькі на выяву твару чалавека. Гэты жывапісны стыль нёс у сваёй аснове і новае разуменне пейзажу і асяроддзя пражывання чалавека. Узрастала імкненне да адлюстравання матэрыяльнасці і аб'ёмнасці твараў і фігураў, хоць святлоценявая мадэліроўка заставалася яшчэ плоскаснай.
У гэты час на Беларусі працавала шмат іншаземных майстроў, сюды прывозіліся творы з розных еўрапейскіх краінаў. Разам гэта стварала спрыяльную глебу для росквіту партрэтнага жанру, для фарміравання яго нацыянальных рысаў. У выніку сярод тыповых рысаў сармацкага партрэту можна знайсці і элементы рэнесансу і маньерызму, а таксама, у пазнейшы час, і барока. Буйнымі цэнтрам партрэтнага жывапісу ў ВКЛ былі Вільня, Нясвіж, Супрасль, Слуцк.
Да ліку найбольш выдатных помнікаў адносіцца партрэт Юрыя Радзівіла. Мадэль у ім паказаная ў поўны рост у атачэнні шматлікіх дэталяў. Дзякуючы ім, а таксама надпісу, можна даведацца пра партрэтуемага, пра месца паказанае асобы ў тагачасным грамадстве. Тыпова «сармацкім» з'яўляецца і партрэт Яна Сабескага, выкананы вядомым беларускім граверам Аляксандрам Тарасевічам з Глуску. Ён паказвае караля ў рыцарскіх даспехах, з гербамі абедзвюх частак дзяржавы і панегірыкам пераможцу, а над усім — Святы Дух — белы голуб, які асвятляе караля промнямі славы.
У XX стагоддзі адбылося адраджэнне жанру сармацкага партрэту, у выніку сумеснага праекту рыцарскага клуба «Жалезны воўк» і мастакоў А. Елізарава, А. Міхайлава, А. Піскуна і іншых. Сармацкі партрэт не толькі адрадзіўся на глебе старых традыцый, але і атрымаў новае развіццё ў розных стылях сучаснага жывапісу.
Літаратура
правіць- Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: Дапаможнік для вучняў. Менск: Беларусь, 2001. ISBN 985-01-0124-5
- Л. И. Тананаева. Сарматский портрет. Из истории польского портрета эпохи барокко. Москва, издательство «Наука», 1979.
- Аляксей Хадыка. Партрэт сармацкі. — ВКЛ. Энцыклапедыя, том 2. 2-е выданне (ст. 401—402). Мінск, «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 2007