Свята-Ільінская царква (Бабруйск)
Свята-Ільінская царква — дзейны праваслаўны храм у горадзе Бабруйску Магілёўскай вобласці, перавезены з вёскі Куляшоўка Клімавіцкага раёна. Знаходзіцца ва ўрочышчы Лукавая гара, на вуліцы Сікорскага, 38. Помнік драўлянага дойлідства.
Праваслаўны храм | |
Свята-Ільінская царква | |
---|---|
![]() | |
53°12′05″ пн. ш. 29°13′53″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Горад | Бабруйск |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Бабруйская |
Благачынне | Бабруйскае гарадское |
Архітэктурны стыль | псеўдарускі |
Першае згадванне | 1614 |
Дата пабудовы | 1893 год |
Статус |
![]() |
Стан | дзейнічае |
Сайт | elijah.hram.by |
![]() |
Царква з в. Куляшоўка Клімавіцкага раёна па вул. Сікорскага, 38 у г. Бабруйску — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000070.
Гісторыя
правіцьКуляшоўская царква
правіцьПершапачаткова царкву ўзвялі на паўночна-ўсходнім ускрайку вёскі Куляшоўка ў 1893 годзе з дрэва. Спачатку ў ёй служыў святар Пётр Петрашэн, з 1899 года — Міхаіл Харашуноў, а з 1909 года — Васіль Рафаловіч. У календары для духавенства Магілёўскай епархіі на 1899 год паведамляецца: «Куляшоўская, Ільінская [царква], пабудавана ў 1894 годзе, драўляная; прыхаджан абодвух палоў 2371; царкоўнай зямлі 48 дзесяцін; адрас ст. Хатовіж, святар Міхаіл Харашуноў»[1].
У пачатку 1930-х гадоў храм быў зачынены і зноў адкрыўся ў час Другой сусветнай вайны. Прыход царквы быў афіцыйна зарэгістраваны 2 лістапада 1946 года. Указам архіепіскапа Васіля настаяцелем царквы быў прызначаны святар Аляксандр Хобатаў. У 1947 годзе гэтую пасаду заняў Стахій Ільінкоў, а ў 1949 годзе — Уладзімір Забела[2].
Пры айцы Уладзіміры было складзена апісанне храма, дзе ён характарызаваўся як добранадзейны, «не пагражаў небяспекай і быў цалкам спраўны для правядзення набажэнстваў». Паведамлялася знешняе аблічча будынка: «царква драўляная, сцены, сечаныя з круглых бярвенняў, абліцаваны 30 мм дошкамі, дах бляшаны, з унутранага і знешняга бакоў пафарбавана алейнай фарбай»[1][2].
Указам архіепіскапа Піцірыма ў 1952 годзе настаяцелем прыхода быў прызначаны іераманах Варсанофій, накіраваны з Жыровіцкага манастыра. На яго месца ў 1955 годзе прыбыў святар Міхаіл Рагачоўскі. Неўзабаве ён звольніўся, і ў 1960 годзе ўказам мітрапаліта Гурыя ў царкве пачаў служыць айцец Уладзімір Суднік[2].
У 1960 годзе храм закрылі, а святара перавялі ў Свята-Успенскую царкву ў Чарацянку[2]. Паступова будынак прыйшоў у заняпад, абрынуўся адзін з купалоў[3].
Бабруйская царква
правіцьПаводле гістарычных звестак, Свята-Ільінская царква ў Бабруйску існавала яшчэ ў 1614 годзе. Верагодна, гэты храм быў разабраны падчас узвядзення крэпасці ў 1811 годзе. Будаўнічыя матэрыялы з яго пайшлі на ўзвядзенне могілкавай Свята-Сафійскай царквы на вуліцы Мінскай. У 1826 годзе на хутары Лукі (цяпер — урочышча Лукавая Гара) была пабудавана новая Свята-Ільінская царква, якую разабралі ў 1930-я гады. Ад яе застаўся толькі вялікі падмуркавы камень, на якім пазней будзе высечаны крыж і які будзе пакладзены ў аснову цяперашняга храма[4].
У 2000 годзе ў дзень памяці прарока Ільі былі асвячоны крыж і месца пад будаўніцтва новай царквы. У тым жа годзе кіраўніцтва Беларускай чыгункі перадала прыходу пасажырскі вагон, які выкарыстоўваўся як часовы храм[4]. 6 верасня таго ж года па блаславенні архіепіскапа Максіма прастол у ім быў асвячоны благачынным Генадзем Вейгам, протаіерэем Андрэем Мільтам і клірыкамі епархіі. У 2002 годзе прыход наведаў мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт[5].
Да канца 2003 года быў заліты падмурак пад новы храм. У 2004 годзе па блаславенні архіепіскапа Сафронія з дазволу мясцовых уладаў на месца будаўніцтва была перавезена Куляшоўская царква[5]. Працы па перамяшчэнні будынка, прызнанага помнікам архітэктуры, прайшлі з парушэннем заканадаўства і без узгаднення з Міністэрствам культуры Беларусі[3].
Увесну 2004 года пачалася зборка царквы, якая скончылася да канца ліпеня. Праведзеная рэканструкцыя цалкам змяніла гістарычнае аблічча будынка[3]. Першая літургія адбылася 2 жніўня 2004 года[5]. 19 жніўня 2008 года быў асвечаны купал.
2 жніўня 2013 года епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім асвяціў прастол адбудаванай царквы. У ім захоўваюцца часцінкі мошчаў праведнага Іаана Кармянскага і прападобных старцаў Опцінскіх. Пры храме дзейнічае нядзельная школа і бібліятэка. Святаром у прыходзе служаць іерэй Віктар Смычнік[5].
Архітэктура
правіцьПомнік драўлянага дойлідства з рысамі псеўдарускага стылю. Чатырохчасткавая кампазіцыя царквы складаецца з асноўнага прамавугольнага зруба, пяціграннай апсіды з невялікімі гранёнымі рызніцамі, дадатковага аб’ёму і бабінца. Над асноўным аб’ёмам пастаўлены светлавы васьмігранны барабан, над бабінцам — васьмярык званіцы. Барабан і званіца завершаны вастраверхімі шатрамі з галоўкамі. Такая ж галоўка знаходзіцца і над апсідай. Будынак мае тры ўваходы — галоўны і два бакавыя, аформленыя раней вялікімі ганкамі з масіўнымі разнымі слупамі і фігурнымі франтонамі. Пластыку фасдаў у мінулым дадавалі разарваныя карнізы, разьба, шалёўка (гарызантальная ў прасценках, вертыкальная ў цокальнай панелі, фрызе, атыку).
Інтэр’ер двухсветлавы, перакрыты самкнёным васьмігранным скляпеннем[6].
Зноскі
правіць- ↑ а б Минченко, Н. «И храм разрушенный — все храм…» : [о деревяной церкви в д. Кулешовка] (руск.) / Н. Минченко // Родная ніва. — 2001. — 27 студзеня.
- ↑ а б в г Кожемяко, А. Ильинская церковь села Кулешовки (руск.) / А. Кожемяко // Родная ніва. — 1997. — 24 верасня.
- ↑ а б в Ясь Гаспадар.. Як згубілася і дзе знайшлася Куляшоўская царква (недаступная спасылка). Вольны горад Клімавічы (2014-01-06 ). Архівавана з першакрыніцы 6 лістапада 2019. Праверана 8 кастрычніка 2020.
- ↑ а б Культавае дойлідства Бабруйска Архівавана 6 снежня 2019. — Магілёўская абласная бібліятэка (бел.)
- ↑ а б в г Храм Святога Прарока Іліі г. Бабруйска — Бабруйская епархія (руск.)
- ↑ Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл. — С. 238
Літаратура
правіць- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл. — С. 238
- Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мінск: БелЭн, 2001. — 328 с. — ISBN 985-11-0190-7. — С. 107
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Свята-Ільінская царква (Бабруйск)
- Свята-Ільінская царква (Бабруйск) на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)
- Свята-Ільінская царква (Бабруйск) на сайце Radzima.org
- Свята-Ільінская царква (Бабруйск) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Свята-Ільінская царква (Бабруйск) на сайце «Архіварта»