Адкрыць галоўнае меню

Свята-Георгіеўская царква (Вялікія Лукі)

Праваслаўны храм
Свята-Георгіеўская царква
53°00′15,33″ пн. ш. 26°02′51,65″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Вёска Вялікія Лукі
Канфесія Беларуская праваслаўная царква
Епархія Пінская і Лунінецкая епархія

Свята-Георгіеўская царква (Брэсцкая вобласць)
Свята-Георгіеўская царква
Свята-Георгіеўская царква

Свята-Георгіеўская царква — храм, які знаходзіцца ў цэнтры вёскі Вялікія Лукі Баранавіцкага раёна.

ГісторыяПравіць

Першае апісанне драўлянай царквы ў вёсцы Лукі сустракаецца ў дакументах Візітаў уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 16801682 гг., што захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Святаром прыходу быў Якаў Радзевіч. Прыход аб'ядноўваў 540 прыхаджан.

Згодна з апісаннем 1864 года ў сяле Лукі мелася Свята-Георгіеўская, чацвёртага класа драўляная царква, пабудаваная ў 1779 годзе рымска-каталіцкім біскупам Касакоўскім. Пры царкве было 2366 прыхаджан.

У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года згадваецца драўляная Свята-Георгіеўская царква, пабудаваная ў 1770 годзе на сродкі рымска-каталіцкага біскупа Касакоўскага. Царква была вырашана падоўжаным прамавугольнікам з адным глухім цыбулепадобным купалам у франтоннай частцы. Дах гонтавы, вокны размешчаны ў адзін рад, дзвярэй двое. Унутры царква мела драўляную падлогу, столь падшыта дошкамі. Новы іканастас з калонамі быў пафарбаваны ў белы колер, з пазалочанымі карнізамі, рамамі і разбою, складаўся з 14 абразоў размешчаных у два рады. На звоніцы, пабудаванай асобна ад царквы, было пяць званоў вагою ў 20, 5, 2, 1 і 1/2 пуда.

Настаяцелем храма быў Сілуян Кахановіч, рукапаложаны ў 1865 годзе. Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства і штатнае народнае вучылішча.

У склад прыходу ўваходзілі вёскі Вялікія Лукі, Малыя Лукі, Волька, Малое Гарадзішча, Рагізніца, Багушы, Млынок, Валахва, Русіны, Грабавец.

Памятныя кніжкі Мінскай губерніі згадваюць прозвішча святара Свята-Георгіеўскай царквы вёскі Вялікія Лукі Сілуяна Кахановіча да 1914 года ўключна.

АрхітэктураПравіць

Пабудавана ў 19231926 гг. з дрэва на месцы драўлянага храма другой палавіны 19 стагоддзя, у пачатку 21 стагоддзя абкладзена сілікатнай цэглай.

Вырашана прамавугольным у плане аб'ёмам пад вальмавым крыжовым дахам, завершаным па цэнтры 4-гранным шатровым светлавым барабанам. Да фасада далучаны прамавугольны прытвор, да алтарнай сцяны — прамавугольная апсіда з бакавой рызніцай. Сцены расчлянёны вялікімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі, умацаваны вуглавымі і прасценачнымі лапаткамі.

ЛітаратураПравіць

  • Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007. — 103 с.
  • «Візіты ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680—1682 гг.» / Укладальнік Д. В. Лісейчыкаў. — Мінск: І. П. Логвінаў, 2009. — 270 с., стар. 128.
  • Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд, стар. 202—213.
  • Описание церквей и приходов Минской епархии, Минск, 1879.
  • Памятныя кніжкі Мінскай губерніі на 1883, 1889, 1891, 1893, 1895, 1898, 1900, 1902, 1905, 1907, 1908, 1910, 1912, 1913, 1915 гады.

СпасылкіПравіць