Свята-Георгіеўская царква (Ліда)

Свята-Георгіеўская царква — праваслаўны храм у г. Ліда Гродзенскай вобласці.

Праваслаўны храм
Свята-Георгіеўская царква
53°53′59″ пн. ш. 25°17′40″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Ліда
Канфесія БПЦ
Епархія Лідская епархія
Дата пабудовы 1875 год
Map

Гісторыя правіць

Храм святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца пабудаваны з дрэва ў 1875 годзе на сродкі купца Антонія Васнеўскага як могілкавая капліца. У тым жа годзе ў храм быў перанесены захаваны Прастол з аднайменнай дамовай царквы Лідскага замка.

Пасля захопу палякамі г. Ліды ў 1919 годзе Свята-Георгіеўскі храм застаўся адзіным праваслаўным храмам у горадзе.

У 1920-х гадах з боку бабінца была зроблена драўляная прыбудова.

У 1990-х гадах Георгіеўскі храм пачалі пашыраць. Былі ўзведзены з сілікатнай цэглы сцены новага храма, накрыты дах. Атрымаўся храм у храме. 22 лістапада 2008 года Свята-Георгіеўская царква была асвечана як Храм-Помнік у памяць 1020-годдзя Хрышчэння Русі. Асвячэнне Храма-Помніка ўзначальваў архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый.

У верасні 2014 года на ўсходняй сцяне Свята-Георгіеўскага храма Ліды ўсталявалі памятны медальён з выявай князя Канстанціна Астрожскага. Гэты медальён — даніна памяці праваслаўных лідчан абаронцу праваслаўя ў Вялікім Княстве Літоўскім. Медальён уяўляе сабой круглую пліту чырвонага граніту, на якой адліты партрэт князя. Па крузе медальёна выбіты надпіс: «Князю Канстанціну Іванавічу Астрожскаму — абаронцу веры I дзяржавы». Урачыстае адкрыццё шыльды памяці Канстанціна Астрожскага адбылося 11 верасня 2014 года ў дзень яго смерці. Меркавалася, што памятны знак будзе адкрыты на 500-годдзе перамогі ў бітве пад Оршай, у якой вялікі гетман адыграў вырашальную ролю, але з аб’ектыўных прычын асвячэнне медальёна было перанесена на 11 верасня — дзень памяці выдатнага велікакняжацкага ваяра. Асвяціў памятны медальён благачынны цэркваў Лідскай акругі айцец Расціслаў Салаўёў.

Архітэктура правіць

Вырашана манументальным прамавугольным у плане аб’ёмам, да якога далучаны прамавугольны прытвор, двухсхільны дах якога завершаны чатырохграннай шатровай званіцай з макаўкай. Фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў арачных ліштвах. Уваход аформлены глыбокай аркай.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.

Спасылкі правіць