Свята-Мікалаеўская царква (Азяты)

Свята-Мікалаеўская царква — праваслаўны храм у аграгарадку Азяты Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Знаходзіцца на паўночна-заходняй ускраіне вёскі.

Праваслаўны храм
Свята-Мікалаеўская царква
52°06′05,22″ пн. ш. 24°08′17,31″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Аграгарадок Азяты
Канфесія Праваслаўе
Епархія Брэсцкая і Кобрынская
Благачынне Жабінкаўскае
Архітэктурны стыль псеўдарускі
Будаўнік Мсціслаў Міхайлавіч Барташэўскі
Дата пабудовы 1870 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000233шыфр 113Г000233
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Вядома з XV—XVI стагоддзяў. У 1555 годзе берасцейскі кашталян Ян Гайка атрымаў правы на Азяцкую царкву. У 1629 годзе згадваецца святар царквы Васіль Ждановіч. На працягу ХVII—ХVIII стагоддзяў настаяцелямі прыхода была святарская дынастыя Будзіловічаў[1].

У 1851 годзе храм наведаў епіскап Брэсцкі Ігнацій, дзе правёў урачыстую літургію. Праз шэсць гадоў святаром царквы стаў айцец Адам Лехачэўскі, які склаў «Царкоўны летапіс Азяцкай Свята-Мікалаеўскай царквы».

Закладка новага храма адбылася 20 красавіка (3 мая) 1867 года чаравачыцкім дабрачынным святаром Антоніем Катовічам. Каштарыс на ўзвядзенне царквы выканаў брэсцкі архітэктар Мсціслаў Барташэўскі, які таксама быў выканаўцам работ па яе будаўніцтве[2].

18 (31) кастрычніка 1870 царква была асвечана. Да 1877 года вяліся царкоўныя летапісы. Прыход па звестках 1899 года аб’ядноўваў 2090 вернікаў у 6 вёсках; дзейнічалі капліца ў Старым Сяле, царкоўна-прыходскае брацтва і народнае вучылішча[3]. У 1912 годзе яго наведаў епіскап гродзенскі і брэсцкі Міхаіл.

У пачатку XX стагоддзя ў храме служылі айцы Васіль Катовіч, Міхал Тэадаровіч, Мікалай Каранец (1913—1918) і Рыгор Богуш (1919—1947). У 1947—2007 гадах настаяцелем прыхода быў святар Іаан Петручук, з 2007 года — Вадзім Літвінюк[1].

Архітэктура правіць

Помнік архіэктуры псеўдарускага стылю і народнага дойлідства[4]. Вырашана кубападобным зрубам, да якога далучаюцца прамавугольная апсіда, трапезная і трох’ярусная шатровая званіца. Пакаты чатырохсхільны дах па цэнтры завершаны купалам на васьмігранным барабане.

Іканастас змяшчае абразы XVI—XVII стагоддзяў «Маці Божая Адзігітрыя» і «Спас Пантакратар», захоўваюцца драўляная скульптура трэцяй чвэрці XVIII ст. «Гэта чалавек» і разны ківот XIX стагоддзя. Колішні шанаваны абраз Святога Мікалая XV стагоддзя захоўваўся ў храме яшчэ ў 1899 годзе[3].

Зноскі

  1. а б Вадзім Літвінюк. Не зарастае шлях да Храма. Свята-Мікалаеўскай царкве ў аграгарадку Азяты — 145 гадоў. // Сельская праўда, 24 снежня 2015. (бел.)
  2. Кулагин А. Н. Гродненские зодчие XIX — начала XX веков (новые архивные изыскания). // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Выпуск 22. — Мінск: «Права і эканоміка», 2017. — С. 78
  3. а б Гродненский православно-церковный календарь. Православие в Брестско-Гродненской земле в конце XIX века. Том I, 1899. — С. 70—71
  4. Кулагін А. М. Эклектыка. Архітэктура Беларусі другой паловы XIX — пачатку XX ст. — Мн.: Ураджай, 2000. — 304 с. — С. 64

Літаратура правіць

Спасылкі правіць