Свята-Мікалаеўская царква (Шарашова)
Свята-Мікалаеўская царква — праваслаўны храм у гарадскім пасёлку Шарашова Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Размяшчаецца на вуліцы Леніна.
Славутасць | |
Свята-Мікалаеўская царква | |
---|---|
52°33′43″ пн. ш. 24°12′57″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Гарадскі пасёлак | Шарашова |
Канфесія | Беларуская праваслаўная царква |
Епархія | Брэсцкая і Кобрынская |
Благачынне | Пружанскае |
Архітэктурны стыль | рэтраспектыўна-рускі |
Архітэктар | Якаў Фардон |
Дата заснавання | 1872 |
Дата пабудовы | 1872 год |
Стан | дзейнічае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьПабудавана ў 1872 годзе з цэглы паводле праекта гродзенскага архітэктара Я. М. Фардона[1]. Рэстаўрыравана ў 1968 годзе.
Архітэктура
правіцьПомнік архітэктуры сінадальнага накірунку рэтраспектыўна-рускага стылю. Храм 4-часткавай падоўжна-восевай кампазіцыі, створанай званіцай, трапезнай, малітоўнай залай і апсідай. Элемент асіметрыі ў кампазіцыю прыўносіць рызніца, далучаная да 5-граннай апсіды з паўднёвага боку. У сілуэце будынка дамінуюць 2 гранёныя цыбулепадобныя галоўкі на 3-яруснай (2 васьмерыкі на чацверыку) шатровай званіцы і 8-гранным барабане 4-схільнага даху асноўнага кубападобнага аб’ёму. Фасады прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі ў прафіляваных ліштвах. У аздобленні выкарыстаны элементы старажытнарускага дойлідства: закамары верхняга яруса званіцы, кілепадобныя аркі ў абрамленні арачных аконных праёмаў, галоўнага і бакавых уваходных парталаў-ніш, нішы-філёнгі. Архітэктурнай крапоўкай насычаны фасады асноўнага аб’ёму: выкарыстаны магутныя пілястры, тонкапрафіляваны карніз.
Інтэр’ер
правіцьУ інтэр’ер малітоўнай залы шырокім арачным прасветам адкрываецца прастора трапезнай з галерэяй хораў на 2 калонах. Апсіда вылучана высокім ярусным драўляным іканастасам. Абразы 18 — 19 ст.: «Святыя Пётр і Павел», «Благавешчанне», «Бічаванне Хрыста», «Тры свяціцеля», царскія вароты 1820 г.
Зноскі
- ↑ Мікалаеўская царква. // Шарашоўская сярэдняя школа, 11 лістапада 2016. (руск.)
Літаратура
правіць- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Брэсцкая вобласць. — 368 с., іл. — С. 376
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
Спасылкі
правіцьСвята-Мікалаеўская царква (Шарашова) на Вікісховішчы |
- Свята-Мікалаеўская царква (Шарашова) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Свята-Мікалаеўская царква (Шарашова) на сайце Radzima.org
- Свята-Мікалаеўская царква (Шарашова) на сайце «Архіварта»