Свята-Пакроўская царква (Басценавічы)

праваслаўны храм у в. Басценавічы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці Беларусі

Свя́та-Пакро́ўская царква́ — драўляны праваслаўны храм у аграгарадку Басценавічах Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Размешчаны ў цэнтры вёскі.

Праваслаўны храм
Свята-Пакроўская царква
Church in Bascienavičy.jpg
54°01′50″ пн. ш. 31°23′15″ у. д.HGЯO
Краіна Flag of Belarus.svg Беларусь
Вёска Басценавічы
Канфесія Праваслаўе
Епархія Магілёўская і Мсціслаўская
Благачынне Мсціслаўскае
Архітэктурны стыль неакласіцызм
Будаўніцтва 18901904 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000514шыфр 513Г000514
Стан дзейнічае
Лагатып Вікісховішча Свята-Пакроўская царква на Вікісховішчы

ГісторыяПравіць

Упершыню згадваецца ў XVII стагоддзі як Свята-Успенская царква, дакладнай даты заснавання не захавалася. Вядома, што раней у вёсцы існаваў вялікі ўніяцкі прыход.

У 1890 годзе распачалося будаўніцтва праваслаўнага храма, якое скончылася ў 1904 годзе. Царква, узведзеная без цвікоў, мела рысы неакласіцызму і псеўдарускага стылю, а ў інтэр’еры захоўваліся старадаўнія грэка-каталіцкія алтары і шмат іншага начыння розных эпох[1].

Храм дзейнічаў да ўсталявання савецкай улады, пасля выкарыстоўваўся па розных прызначэннях. У 1960-я гады на царкве разабралі купал і пераўтварылі будынак у склад.

У 1990 годзе Мсціслаўскі райвыканкам вярнуў храм прыхаджанам, пасля чаго яго злёгку адрамантавалі. Але дзейнічаў ён пасля гэтага толькі 3—4 гады: святара для гэтага месца не знайшлі. Царкву зноў зачынілі, і будынак стаў прыходзіць у заняпад. Асабліва пацярпелі купалы, якія прагнілі і праваліліся ўнутр[2].

У 2007 годзе будынак царквы занеслі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння. У 2010 годзе пачалася рэстаўрацыя храма, у ходзе якой быў пастаўлены новы купал, зроблена падлога, набыты абразы. 17 лістапада 2013 года адбылося асвячэнне царквы ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы, на якім прысутнічалі епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній і духавенства. Настаяцелем прыхода быў прызначаны іерэй Анатоль Слаўнікаў[3].

АрхітэктураПравіць

Помнік драўлянага дойлідства з рысамі неакласіцызму. Будынак вырашаны кананічнай складанай чатырохчасткавай кампазіцыяй, шматзрубны. Да квадратнага ў плане асноўнага зруба (двух’яруснай малітоўнай залы) прылягаюць на ўзаемна перпендыкулярных восях пяцігранная апсіда з бакавымі рызніцамі, папярочны прамавугольны ў плане зруб прытвора і бабінец. Разнастайныя дахі ўтвараюць складаны сілуэт будынка. Усе аб’ёмы аднолькавай вышыні, накрыты агульным шматсхільным дахам. Вылучаецца формай двухсхільны дах над бабінцам, вільчык якога перпендыкулярны вільчыку асноўнага. Тарцы бабінца з шчытовымі завяршэннямі. Сцены ашаляваны гарызантальна, вертыкальнай шалёўкай вылучана цокальная частка. Фасады прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі і аздоблены разнымі ліштвамі, што імітуюць формы мураванай архітэктуры: руст, замковы камень, профілі і інш. Тры ўваходы былі аформлены двухсхільнымі падстрэшкамі. Інтэр’ер шматзальны, столь плоская, падшыўная[4].

АбразыПравіць

З колішняй Успенскай царквы ў Басценавічах паходзяць шэсць абразоў XVII—XVIII стагоддзяў, выкананых на дошках: «Маці Божая Адзігітрыя» (1640)[5], «Хрыстос Уседзяржыцель» (1640), «Цалаванне Іаакіма і Ганны» (1723—1728), «Пакланенне вешчуноў» (1723—1728), «Аўрамій i Меркурый Смаленскія» (1723—1728), «Грамніцы (Стрэчанне)» (1731). Яны былі выяўлены ў 1920-х гадах і пасля праведзенай рэстаўрацыі знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, акрамя абараза «Стрэчанне», які захоўваецца ў Мінскім кафедральным саборы.

У абразах «Аўрамій i Меркурый Смаленскія», «Цалаванне Іаакіма і Ганны» і «Пакланенне вешчуноў» ідэнтычныя асновы, грунты, пігменты і прапорцыі дошак. Таксама яны блізкія па кампазіцыі, манеры пісьма і тэхніцы выканання арнаментаў, што дае падставу лічыць усе тры помнікі працай аднаго майстра. Датаванне гэтых абразоў грунтуецца на супастаўленні архітэктурнага ансамбля, адлюстраванага на адным з іх, з відам Смаленска 1710—1721 гадоў на абразе ў Смаленскім Успенскім саборы «Прападобны Аўраамій і Святы Меркурый — Смаленскія цудатворцы». Напрыклад, на абразы з Басценавічаў адсутнічае Гарадзецкая вежа, узарваная ў 1722 годзе па неасцярожнасці кананіра. Дняпроўская вежа адлюстравана да яе першай рэканструкцыі ў 1728 годзе. Такім чынам, архітэктурны выгляд горада і сам абраз можна аднесці да часу пасля 1722 і да 1728 года[6].

Абраз «Грамніцы (Стрэчанне)», вядомы яшчэ па публікацыях 1926 года, які да пачатку Другой сусветнай вайны захоўваўся ў Дзяржаўнай карціннай галярэі БССР, з’яўляецца тыповым прыкладам мастацтва Магілёўшчыны 1720—30 гадоў. У ім працягнуты пошукі іканапісца ў перадачы чалавечых пачуццяў і настрою. З вялікім майстэрствам перададзены характары і тыпы персанажаў, што асабліва выразна адлюстравана ў вобразе Святой Ганны, якая павярнулася да Дзевы Марыі[6].

У творах майстра з Басценавічаў традыцыі беларускага жывапісу XVI стагоддзя спалучаюцца з дасягненнямі мастацтва XVIII стагоддзя. У старыя кампазіцыйныя схемы, пачэрпнутыя са старажытнарускага і заходнееўрапейскага рэнесанснага мастацтва, ён укладае новы змест, больш уласцівы свецкаму жывапісу, чым іканапісу, пры гэтым упрыгожваючы фон ляпным арнаментам барочнага характару, які сустракаецца ў беларускім жывапісе XV—XVI стагоддзяў[6].

ЗноскіПравіць

  1. Сяргей Харэўскі. Басценавічы // Наша ніва, 13 верасня 2006. (бел.) 
  2. Юлія Бальшакова. Тайнае і яўнае Замкавай гары. // 21.by, 21 верасня 2013. (бел.) 
  3. Галіна Папова. Узнясём малітвы да нябёсаў. // Мсціслаўскі раённы выканаўчы камітэт, 19 лістапада 2013. (бел.) 
  4. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. 13. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1986.— 408 с., іл. — с. 311
  5. Произведения могилевской школы иконописи XVII—XVIII вв. в собрании НХМ РБ
  6. 6,0 6,1 6,2 Іканапіс Беларусі XV—XVIII стагоддзяў. Мн., 1998. С. 13-15, 67-71.

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць