Свята-Пакроўская царква (Хатляны)
Свята-Пакроўская царква — праваслаўны храм у вёсцы Хатляны (Уздзенскі раён, Мінская вобласць), помнік архітэктуры. Знішчаны пажарам 6 студзеня 2013 года.
Праваслаўны храм | |
Свята-Пакроўская царква | |
---|---|
53°24′10″ пн. ш. 27°33′39″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Аграгарадок | Хатляны |
Канфесія | Беларуская праваслаўная царква |
Епархія | Маладзечанская епархія |
Архітэктар | К. Тон |
Заснавальнік | Завіша |
Будаўніцтва | 1897—1898 гады |
Дата скасавання | 2013 |
Стан | згарэла |
Гісторыя
правіцьЦарква пабудавана ў 2-й палове ХІХ стагоддзя з дрэва на сродкі памешчыка Завішы на месцы Свята-Міхайлаўскай царквы ХVІII стагоддзя. У 1897 годзе паводле праекта Канстанціна Тона ў Хатлянах за кошт дзяржавы пачата будаўніцтва новай царквы, ім кіраваў майстар Тадэвуш. 2 верасня 1898 года яна была асвячона. У 1930 годзе царква была закрыта і аддадзена калгасу пад збожжасклад. Падчас нямецкай акупацыі царква ў 1941 годзе была адкрыта і працавала да 1963 года, потым зноў стала калгасным збожжаскладам. У 1987 годзе царква была ўзята пад ахову дзяржавы як помнік драўлянай архітэктуры ХІХ стагоддзя. Да 1990-х гадоў не дзейнічала[1].
Архітэктура
правіцьКрыжова-купальны 5-зрубны храм. Над цэнтральным кубападобным зрубам узведзены 8-гранны барабан з макаўкай на шыі. Па вуглах зруба ўзведзены невялікія 8-гранныя барабаны з цыбулепадобнымі галоўкамі ў завяршэнні шатроў. Апсіда, прыдзелы і прытвор выкананы аднолькавымі 5-граннымі прырубамі. Архітэктурная выразнасць будынка дасягаецца багатым дэкаратыўным афармленнем фасадаў фігурнай шалёўкай і разным дэкорам: рустамі, пілястрамі, ліштвамі аконных праёмаў, падзорамі.
Унутры малітоўная зала перакрыта 8-гранным светлавым барабанам на ветразях: у яе шырокімі трапецападобнымі прасветамі адкрываюцца памяшканні апсіды, прыдзелаў і бабінца, над якім створана галерэя хораў. Брусчатыя сцены афарбаваны ў блакітны колер. Пад апсідай крыпта.
Пажар
правіцьПаводле інфармацыі Мінскага абласнога ўпраўлення МНС, пра пажар 6 студзеня ў 3.30 паведаміла па тэлефоне мясцовая жыхарка, якая ўбачыла з акна свайго дома зарава.
На ліквідацыі пажару былі задзейнічаны 14 адзінак тэхнікі і прыблізна 30 чалавек асабовага складу Уздзенскага гарнізона МНС. Першае падраздзяленне ратавальнікаў-пажарных прыбыло да месца выкліку праз тры хвіліны, аднак дах царквы ўжо абваліўся. Драўляны будынак знішчаны агнём[2].
Зноскі
- ↑ Стала царква складам. Потым — зноў храмам
- ↑ БелаПАН Архівавана 6 сакавіка 2016.
Літаратура
правіць- Свята-Пакроўская царква, Хатляны // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. — Мн., 2001. — С. 198.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].