Свята-Петра-Паўлаўская капліца (Лясная)

Свята-Петра-Паўлаўская мемарыяльная капліца — праваслаўны храм у аграгарадку Лясная Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. Пастаўлена ў гонар 200-годдзя перамогі рускіх войскаў над шведскім корпусам А. Левенгаўпта ў бітве пад Лясной. Адзін з найбольш удалых помнікаў псеўдарускай архітэктуры ў Беларусі[1].

Праваслаўны храм
Свята-Петра-Паўлаўская капліца
53°32′25″ пн. ш. 30°54′30″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Аграгарадок Лясная
Канфесія Праваслаўе
Епархія Магілёўская і Мсціслаўская
Благачынне Чавускае
Архітэктурны стыль неарускі
Будаўнік І. А. Лідзверс
Архітэктар А. І. фон Гаген, І. А. Бакіцька
Будаўніцтва 19081912 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 511Д000531шыфр 511Д000531
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць
 
Першая мемарыяльная царква ў Лясной

Першы драўляны мемарыяльны храм у гонар гэтай падзеі быў збудаваны тут паводле загада імператара ў 1708 годзе і з’яўляўся помнікам архітэктуры барока; быў вырашаны прамавугольным зрубам з прырубам 5-граннай апсіды з рызніцай і прытвора-ганка з 3 арачнымі ўваходамі. Зруб завяршаўся ўсечаным шатром, над якім чацверыковы барабан быў накрыты пластычным купалам з ліхтаром. Арыгінальнае шатровае завяршэнне набыла і апсіда. Гарызантальна ашаляваныя фасады чляніліся прамавугольнымі аконнымі праёмамі і брусамі-сцяжкамі ў прасценках. Унутры шацёр і барабан былі размаляваны.

У 1748 годзе ўладальнік Лясной пан Валкавіцкі перавёз царкву ў свой маёнтак Галавенчыцы і там зрабіў з яе фамільную пахавальню.

Ідэя ўзвесці новы помнік узнікла ў 1889 годзе ў сувязі з набліжэннім 200-й гадавіны гістарычнай бітвы. У 1904 годзе члену інжынернага камітэта Галоўнага інжынернага ўпраўлення прафесару архітэктуры А. І. фон Гагену было даручана скласці праект помніка-храма. Гэты праект быў ухвалены ў жніўні 1908 года.

Будаўніцтвам, якое праводзіла Бабруйская ваенна-інжынерная дыстанцыя, кіраваў ваенны інжынер І. А. Лідзверс. Інжынер І. А. Бакіцька ўдасканаліў першапачатковы праект (мураванае скляпенне заменена больш сучасным бетонным, чарапічнае пакрыццё шатра — жалезным ацынкаваным лускатым). За будаўніцтва храма адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі майстры І. Гоп і А. Іваноў.

Асвечана ў верасні 1912 года. Пашкоджана ў Вялікую Айчынную вайну, адноўлена ў 1956—57 гадах. У 1958 годзе ў капліцы адкрыўся музей гісторыі бітвы пры Лясной. У 1990-я гады капліца перададзена вернікам.

Архітэктура

правіць
 
Мемарыяльная капліца ў 1941 годзе

Помнік архітэктуры неарускага стылю, стылізацыі крамлёўскіх вежаў Масквы. Мураваны будынак цэнтрычнай 4-граннай пірамідальнай 2-яруснай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, завершанай 8-гранным лускаватым шатром з цыбулепадобнай галоўкай.

Пастаўлена на магутны стылабат, выкладзены з гранітных квадратаў, ярусы абліцаваны светла-жоўтай цэглай, аздабленні (уваходныя парталы, перамычкі аконных праёмаў, паясы і карнізы) з белага радамскага пясчаніку. Ярусы апяразаны паясамі і машыкулямі. Тры ўваходы вырашаны магутнымі перспектыўнымі арачнымі парталамі. На арачным імпэсце галоўнага ўвахода надпіс: «В лето от рождества Христова тысяча семьсот восьмого. Великий император Петр». Вышэй над уваходам — званіца пад кілепадобным шчыпцом і лучковым праёмам.

Галоўны фасад упрыгожаны мазаікай «Маці Божая з дзіцем». Усходні алтарны фасад прарэзаны 2 вузкімі арачнымі аконнымі праёмамі, якія ахоплены магутным арачным парталам, дэкарыраваны паміж імі мазаічным пано «Апостал Пётр». Мазаікі выкананы ў майстэрні Уладзіміра Фралова[ru] ў Пецярбургу. Другі ярус завершаны зубцамі ў выглядзе «ластаўчына хваста». Лучковыя аконныя праёмы 2-га яруса ў ліштвах. Па скругленых вуглах 1-га яруса і над галоўным уваходам — вузкія аконныя праёмы-байніцы.

Унутраная прастора перакрыта крыжовым скляпеннем з распалубкамі; сцены абліцаваны керамічнай пліткай, падлога выкладзена тэракотавай пліткай, у алтары і на салеі паркетная падлога. За балюстраднай агароджай стаяў 3-ярусны, афарбаваны белай эмаллю сасновы іканастас на 20 абразоў. На сценах віселі 2 мармуровыя дошкі: адна са спісам вайсковых часцей, якія бралі ўдзел у бітве, другая — з копіяй рэляцыі аб гэтай бітве. Насценная размалёўка не захавалася.

У інтэр’еры капліцы вылучаюцца іканастас —   Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Ж001066шыфр 513Ж001066, два ківоты  Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Ж001067шыфр 513Ж001067, мазаічны абраз «Казанская ікона Божай Маці» —   Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Ж001068шыфр 513Ж001068, мазаічны абраз «Апостал Пётр» —   Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Ж001069шыфр 513Ж001069.

Праект рэстаўрацыі мемарыяльнай капліцы выканаў беларускі архітэктар Валерый Слюнчанка[2].

Капліца ўдала ўпісваецца ў ландшафт мясцовасці, яго архітэктурна-мастацкая ідэя падпарадкавана гераічнай тэме[3].

Манумент

правіць
 
Помнік у гонар перамогі рускіх войскаў

Побач з капліцай на сродкі палкоў-ветэранаў пастаўлены скульптурны помнік, адкрыты 28 верасня 1908 года. Быў створаны вядомым рускім скульптарам-анамалістам А. Л. Оберам[ru].

Вырашаны ў выглядзе гранітнай скалы, на вяршыні якой бронзавы шыракакрылы арол, які рве кіпцюрамі павержаны шведскі сцяг з паламаным дрэўкам. На пастаменце — дошка з рэльефным надпісам: «У памяць бітвы пры Лясной. Маці Палтаўскай перамогі — 1708 г. 28 верасня 1908 г.». На процілеглым баку бронзавая дошка са спісам палкоў — удзельнікаў бітвы.

Помнік —   Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 511Д000532шыфр 511Д000532

Зноскі

  1. В. А. Чантурия. История архитектуры Белоруссии. — Мн.: Выш. школа, 1977. — 319 с. — С. 273 : ил.
  2. Pawet.net № 33 (1236). Да 70-годдзя Валерыя Слюнчанкі
  3. Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5. — С. 272

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць