Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Мураванка)

Свята-Раства-Багародзіцкая царква — праваслаўны храм у в. Мураванка Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці Беларусі. Помнік абарончага дойлідства. Мае стылявыя адзнакі беларускай готыкі з элементамі рэнесансу[1].

Праваслаўны храм
Свята-Раства-Багародзіцкая царква
53°41′51″ пн. ш. 24°59′59″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Мураванка
Канфесія Беларуская праваслаўная царква
Епархія Гродзенская
Благачынне Шчучынскае 
Тып будынка Царква абароннага тыпу
Архітэктурны стыль Готыка, Рэнесанс
Дата заснавання 1542
Будаўніцтва 1524
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 410Г000638шыфр 410Г000638
Матэрыял цэгла
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

 
Мураванкаўская царква на малюнку В. Гразнова (1874)

Доўгі час афіцыйнай датай будаўніцтва царквы лічыўся 1407 год. Пазней аналіз гістарычных дакументаў паказаў, што дата 1407 г. была сфальсіфікавана ў XVII стагоддзі. Больш дэталёвае вывучэнне помніка дало навукоўцам падставы меркаваць, што пабудавана ўмацаваная царква была дзесьці паміж 1516 і 1542 гг. Да гэтага часу мясцовасць будучага будаўніцтва ўжо насіла назву Мураванка дзякуючы адзінай умацаванай мураванай вежы, якая і была пазней перабудавана ў храм[2].

У Паўночную вайну царква трапіла ў 1706 годзе пад гарматны абстрэл войскаў шведскага караля Карла XII, якія ішлі на Палтаву. У выніку абстрэлу царква панесла сур'ёзныя пашкоджанні. Пасля гэтага прыйшла ў запусценне і была адноўлена толькі ў сярэдзіне XIX стагоддзя[2].

Архітэктура правіць

 
План царквы (1874)

Царква ў Мураванцы — адзін з выдатнейшых помнікаў абарончага храмабудаўніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім. Падобная да Свята-Міхайлаўскай царквы ў Сынкавічах, яна мае больш дасканалую структуру.

У плане царква нагадвае правільны прамавугольнік, блізкі да квадрата (15х13,5 м). Да ўсходняга фасада прымыкае адна апсіда амаль на ўсю шырыню царквы. Вежы храма круглыя; заходнія вежы маюць ў дыяметры каля 4,5 м, таўшчыня сцен — блізкая да 1,8 м, а першапачатковая вышыня — каля 14 м; усходнія вежы меншых памераў — дыяметр усяго 3 м, таўшчыня сцен — каля 1 м, вышыня амаль такая ж, як і ў заходніх. У вежах размяшчаюцца вітыя сходы, якія вядуць да байніц. Кожная байніца мела від даволі вялікага праёму перакрытага акруглай аркай, які паступова звужваецца да сярэдзіны. Над байніцай — невялікая адтуліна для назірання за праціўнікам. Раней у паўночнай і паўднёвай сценах мелася па 7 байніц, потым адна была закладзена, засталося толькі шэсць — па тры з кожнага боку. Галоўны ўваход у храм абараняла цяжкая рашотка-герса, якая спускалася на ланцугах з нішы над уваходам[2].

Унутраная прастора збудавання падзелена чатырма гранёнымі слупамі на тры нефы, якія перакрыты зоркавымі скляпеннямі. Гурты апошніх у перапляценнях утвараюць ромбы і трохкутнікі. Была знойдзена алтарная сцяна, што аддзяляла кафалікон ад алтарнай часткі. Паводле меркавання Г. Лаўрэцкага, што гэта сцяна таксама была невялікім умацаваннем. Паводле апісанняў гісторыкаў, да пачатку XIX стагоддзі ў храме па ўсім перыметры ішоў тайны ход. Акрамя таго, там знаходзілася мноства схованак, а пад будынкам размяшчаліся два склепы[2].

Фасады храма насычаны дэкаратыўнымі элементамі. Нішамі ўпрыгожаны не толькі сцены, але і вежы, апсіда. Усё збудаванне ахоплівае дэкаратыўны паясок — рад цэглы, пакладзенай пад вуглом. Спалучэнне цёмна-чырвонага фона сцяны з белымі паясамі і нішамі надае храму асаблівае хараство, таму яго фасады не выклікаюць уражання суровасці.

Галоўны заходні фасад выконвае ролю своеасаблівага дэкаратыўнага шчыта, падзеленага па гарызанталі на дзве часткі. Унізе — тры нішы складанай канструкцыі. У кожнай з іх — дзве меншых памераў. У верхняй частцы зроблена адна вялікая ніша з падвойнай аркай. Нягледзячы на відавочную прастату, такі дэкор вельмі гарманічна падзяляе паверхню шчыта і надае яму вытанчанасць. Гэтаму спрыяюць і бакавыя абрысы франтона з яго рытмічнымі вертыкальнымі павышэннямі і стромкімі схіламі. Размяшчэнне шчыта франтона паміж ніжэйшымі вуглавымі вежамі значна ўзмацняе вертыкальнасць усяго заходняга фасада. Афармленне фасада зроблена па прынцыпе паступовага нарастання дэкаратыўнасці[2].

Храм неаднойчы змяняўся, асабліва ў час капітальных рамонтаў у 1822 і 18711872 гг. Зніклі некаторыя характэрныя дэталі, якія стваралі непаўторны каларыт царквы-крэпасці. Аказалася замураванай частка байніц на галоўным і бакавых фасадах, зніклі байніцы з усходняга. Раскіданы лесвіцы алтарных вежаў, на адзін ярус надбудаваны заходнія вежы заходняга фасада. Зроблены новыя карнізы, пабудаваны прытвор. На вонкавых сценах з'явілася тынкоўка. Аднак, нягледзячы на істотныя змены, першапачатковы выгляд храма ў асноўным захаваўся. У час Вялікай Айчыннай вайны была пашкоджана, у канцы 1940 — пачатку 1950-х гг. адрамантаваны сцены, скляпенні, дах.

Галерэя правіць

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць