Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Шарашова)

Царква Раства Багародзіцы — царква ў Шарашове. Вядома з пачатку XVI стагоддзя, у 1760 годзе перабудавана. Зруйнавана ў савецкі час. Была выдатным помнікам драўлянага дойлідства Беларусі.

Славутасць
Свята-Раства-Багародзіцкая царква
52°33′17″ пн. ш. 24°12′51″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Гарадскі пасёлак Шарашова
Канфесія уніяцтва
Першае згадванне 1517
Асноўныя даты

1517першыя згадкі
1760перабудаваная

1960-язруйнаваная
Будынкі
званіца • плябанія
Рэліквіі і святыні Шарашоўскае Евангелле
Стан зруйнаваная
Map

Гісторыя правіць

Першыя звесткі пра царкву адносяцца да 1517 года, калі берасцейскі войт Ян Абрамовіч, жанаты з дачкой уласніка Шарашова Юрыя Ільініча, надаў царкве ўклад.

У 1760 годзе царква перабудавана.

У 1803 годзе згарэла старая плябанія. Дзякуючы намаганням ксяндза Антонія Прыбышэвіча (па-польску: Antoni Przybyszewicz) і князя Адама Чартарыйскага яна была адноўлена.

У 1818 годзе царкве належалі тры капліцы: уласна ў Шарашове, а таксама ў Красніку і Ялове.

З 1833 года на працягу 15 гадоў у царкве вёў богаслужэнні на беларускай мове выкладчык Віленскага ўніверсітэта Міхась Баброўскі. У гэты час напрастольным тут было рукапіснае Евангелле канца XV — пачатку XVI стагоддзяў. Цяпер гэтае Евангелле разам з абразамі з іканастаса царквы захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

З 1839 года шарашоўская парафія пераведзена ў праваслаўе, а царква пераасвечана ў гонар Успення Багародзіцы[1].

У польскі час закінута[2].

У пачатку 1960-х гадоў зруйнавана савецкай уладай, а дошкі з яе былі выкарыстаны пры будаўніцтве хат у Пружанах[3].

Апісанне правіць

У апісанні за 1725 год пазначаны добры стан драўляных сцен, новы гонтавы дах і купал з вялікім крыжам; вакол будынка разьбяны кружганак «старасвецкай моды». Асобна стаяла званіца. У царкве пералічаныя пазалочаны дэісус, разныя царскія вароты з евангелістамі і выявай Тайнай Вячэры. Па левым баку разны алтар з абразамі Святых Пятра і Паўла; Вялікі алтар з абразом трох свяціцеляў  (грэч.); а таксама іншыя неідэнтыфікаваныя абразы на дрэве і палатне[4].

У апісанні за 1757 год называюцца разны алтар Пятра і Паўла са слупкамі, карнізамі, двума анёлкамі і іншай разьбой.

Уяўленне пра выгляд царквы пасля перабудовы можна атрымаць з візіты 1809 года: мела шэсць калон, купал-сігнатурку, пакрыты гонтам. Уваход у царкву праз адну з дзвюх сакрысцій. Перад прэзбітэрыем галерэя сталярскай работы. На хорах з балясінамі ручной работы пастаўлены разны вялікі алтар у ківорыі. Алтар распісаны рознымі фарбамі, па левым яго баку знаходзіцца ахвярнік (менса) з выявай Маці Божай з Ісусам у руках. Царскія вароты разныя, пазалочаныя і месцамі пасярэбраныя; на іх выразаныя асобы чатырох евангелістаў і Благавешчання. Каля варот знаходзяцца два разныя алтары з менсамі: правы з абразом Госпада Ісуса Ласкавага, левы з выявай Багародзіцы[4].

Рэліквіі правіць

 
Царскія вароты. Сярэдзіна XVIII ст. НММ РБ
 
Абраныя святыя: Васіль Вялікі, Рыгор Багаслоў, Іаан Златавуст. Абраз з Прачысценскай царвы. Цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі

Напрастольнае Евангелле і амаль поўны царкоўны іканастас XVIII стагоддзя з Прачысценскай царквы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі. Апошні мае мясцовы і апостальскі рады, унікальны па колькасці сюжэтаў (іх 24) рад свят Гасподніх, царскія і бакавыя вароты. Іканастас царквы, неўзабаве разбуранай, быў перавезены ў Дзяржаўны мастацкі музей БССР у 1958 годзе, падчас першай музейнай экспедыцыі па выяўленні і збіранні помнікаў сакральнага мастацтва. Пачалася планамерная рэстаўрацыя і вывучэнне помнікаў. З 1969 года такую ж працу праводзіла Акадэмія навук, у структуры якой ужо ў 1979 годзе быў адкрыты Музей старажытнабеларускай культуры[5].

Уяўляе цікавасць абраз тыпу «Нараджэнне Хрыстова», якое трактуецца як «Пакланенне вешчуноў». Яслі з Дзіцем пастаўленыя на высокай падстаўцы, за якой намаляваны Іосіф. Марыя сядзіць побач на нябачным крэсле. Фігуры каралёў паменшаныя, без галаўных убораў, на правым краі карціны[6].

Незвычайна трактавана таксама Благавешчанне на адным з двух абразоў, які можна разглядаць як «Перадзвеставанне». На ім намалявана Марыя ў момант малітвы, апранутая ў блакітны хітон і чырвоны мафорый. Яна глядзіць у неба, адкуль з вясёлкавай дугі выступае рука, што бласлаўляе. На другім абразе гэтага тыпу расстаноўка фігур традыцыйная, а да галавы Марыі ідуць тры прамяні ад Святога Духа[7].

Званіца правіць

 
Званіца.

У 1799 годзе ля царквы паўстала званіца, збудаваная без адзінага цвіка. На ёй выбіты надпіс з часам збудавання: «Roku 1799 mca iula dnia 27».

Званіца — помнік архітэктуры ў стылі класіцызм, уяўляе сабой двух’яруснае квадратнае ў плане (5,3×5,6 м) збудаванне вышынёй 18 м. Ніжні ярус з брусоў у «лапу», верхні (звон) зроблены з васьмі стоем з крывалінейнымі пакосамі і разьбянай агароджай[8].

З 1990 года знаходзіцца на кансервацыі. Унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Зноскі

  1. Ігар Лашук. Развіццё культу Беззаганнага Зачацця Маці Божай у Беларусі. Рымска-каталіцкі касцёл на Беларусі. Праверана 27 студзеня 2012.
  2. Dr. Michał Marczak. Przewodnik po Polesiu. — Brześć nad Bugiem: Polskie Towarzystwo Krajoznawcze, 1935. — С. 45.
  3. Юрый Жыгамонт. Деревня Шерешево (Беловежская пуща): После восстания Кастуся Калиновского здесь вешали арестованных повстанцев (руск.). Новыя падарожжы дылетанта. СТБ. Праверана 27 студзеня 2012.(недаступная спасылка)
  4. а б Трыфанава Н. Я. З гісторыі шарашоўскай царквы Нараджэння Багародзіцы і яе ўнутранага аздаблення. Сообщения Национального художественного музея Республики Беларусь, выпуск 5, 2004. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Праверана 27 студзеня 2012.
  5. Беларускі іканастас. Іканапіс і драўляная пластыка канца XVII — пачатку XIX стагоддзя са збору музея і Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі(недаступная спасылка)
  6. Аляксандр Ярашэвіч. «І нарадзіла Сына свайго…» Сюжэты Божага Нараджэння ў старабеларускім мастацтве. Catholic.by. Наша вера 4/1999. Праверана 27 студзеня 2012.
  7. Аляксандр Ярашэвіч. «І пачула голас…» Сюжэты Звеставання ў беларускім мастацтве. Catholic.by. Наша вера 1 (11)/2000. Праверана 27 студзеня 2012.
  8. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 1 ліпеня 2013.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць