Свята-Раства-Багародзіцкая царква і кляштар базыльянак (Гродна)
Гродзенская Раства-Багародзіцкая царква і манастыр, або Гродзенская царква і манастыр базыльянак — помнік архітэктуры эпохі барока і класіцызма, колішні ўніяцкі храм. Комплекс уключае царкву Раства Багародзіцы, жылы і гаспадарчы корпус, капліцу. У архітэктуры комплекса адбіліся асаблівасці пераходу ад барока да класіцызму. Размешчаны па адрасе: Гродна, вуліца Давыда Гарадзенскага, 3.
Славутасць | |
Гродзенская Раства-Багародзіцкая царква і манастыр | |
---|---|
| |
53°40′37,53″ пн. ш. 23°49′35,46″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Гродна |
Канфесія | Праваслаўе, у мінулым уніяцтва |
Епархія | Гродзенская і Ваўкавыская епархія |
Ордэнская прыналежнасць | базыльяне |
Тып будынка | жаночы манастыр |
Архітэктурны стыль | барока, класіцызм |
Архітэктар | І. Фантана |
Заснавальнік | Антоній Сялява |
Дата заснавання | 1632 |
Будаўніцтва | 1720—1756 гады |
Стан | дзеючая царква і кляштар |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьКляштар базыльянак быў заснаваны ў 1633 годзе (па іншым дадзеным у 1632 годзе паводле загада ўніяцкага мітрапаліта Антонія Сялявы) з дазвалення ўніяцкага мітрапаліта Іосіфа-Вельяміна Руцкага на месцы Прачысценскай царквы 12 стагоддзя. Першай ігуменняй была Базілія Сапега, якая прыехала з Вільні. У 1641 годзе ў кляштары было ўсяго 5 манашак. У 1642 годзе А. Сялява загадаў аддаць гродзенскаму манастыру базыльянак, якія прыбылі сюды з Вільні, «на вечныя часы» тэрыторыю на захад праваслаўнай Прачысценскай царквы і да Каралеўскага замка.[1] Пасля спусташальнага пажару 1647 года, які знішчыў старадаўнюю царкву, быў пабудаваны драўляны храм Раства Багародзіцы, які таксама быў знішчаны пажарам 1720 года. У 1720 годзе пачалося будаўніцтва каменнай царквы і кляштара пад кіраўніцтвам архітэктара І. Фантана. Фінансаваў будоўлю ўніяцкі мітрапаліт Леў Кішка. Кляштар быў асвечаны ў 1756 годзе (па іншым даным у 1751 годзе[2]).
Пасля роспуску ўніяцкай царквы на Беларусі, кляштар у 1843 годзе быў перададзены праваслаўным. У 1848 годзе царква была перароблена, у выніку чаго іканастас быў перанесены з заходняй часткі, дзе раней быў алтар, ва ўсходнюю. У 1866 годзе на тэрыторыі кляштара з’явілася так званая «цёплая» царква Св. Сергія Раданежскага, якая была пабудавана на грошы, накладзеныя на мясцовую шляхту за ўдзел у паўстанні 1863 года. У 1891 годзе ў заходняй частцы комплекса быў пабудаваны гаспадарчы корпус. У 1901 годзе кляштар быў перанесены ва ўрочышча Чырвонасток, а пасля 1914 года ў сувязі з нямецкай акупацыяй Гродна ў Маскву, але падчас Грамадзянскай вайны манахіні вярнуліся назад у Гродна. Кляштар дзейнічаў і пасля Вялікай Айчынай вайны. Так, тут у 1953 годзе працаваў прытулак для дзяцей-сірат, золаташвейная майстэрня, цэх па вырабу свечак. Аднак у 1960 годзе манахіні былі вымушаны пераехаць у Жыровічы, а кляштар зачыніўся на рэстаўрацыю. У 1977—1992 гадах у будынку размяшчаўся Рэспубліканскі музей атэізму і гісторыі рэлігіі, а пасля 1992 года ўзнавіў сваю дзейнасць кляштар Раства Багародзіцы.
Архітэктура храма
правіцьЦарква ўзведзена ў 1726 годзе архітэктарам І. Фантана, прадстаўніком шматлікай дынастыі італьянскіх дойлідаў Фантана, якія працавалі, як у Кароне Польскай, дык і ў Вялікім княстве. І. Фантана, як архітэктар-каталік, пры ўзвядзенні грэка-каталіцкага храма мусіў адчуць яго сінтычную ідэйную сутнасць і выявіць яе сродкамі архітэктуры. Асаблівай адметнасцю царквы з’яўляецца то, што яна ўяўляе сабой не руска-візантыйскі крыжова-купальны храм і не лацінскую крыжова-купальную трохнефную базіліку, а адметны цэнтрычна-крыжовы тып храма, падкрэсліваючы памкненні ўніяцкай царквы да раннехрысціянскіх вытокаў, каб пераадолець увазнікшы раней канфесійны раскол.
Да васьміграннага ядра кампазіцыі, увенчанага светлавым барабанам з купалам, з чатырох бакоў свету прылягаюць аднолькавыя прамавугольныя аб’ёмы, утвараючы ў плане роўнаканцовы грэчаскі крыж. Першапачаткова да заходняй часткі, якая з’яўлялася алтарнай, далучаны роўнавысокі і роўнашырокі аб’ём, што рабіла прэсбітэрый моцна выцягнутым, а царкве ў плане надавала форму лацінскага крыжа. Унутры алтарная частка мела закруглёны абрыс. Пасля рэканструкцыі 1843 года тут быў зроблены ўваход, а ва ўсходняй частцы пастаўлены іканастас.[1]
Асаблівасцю кампазіцыі з’яўляецца размяшчэнне дзвюх чатверыковых вежаў з фігурнымі глаўкамі над крыламі трансепта, а не традыцыйна па баках галоўнага фасаду. Такое размяшчэнне вежаў больш характэрна раннехрысціянскаму культаваму дойлідству, чым артадаксальнаму праваслаўю з яго традыцыйным пяцігалоўем па дыяганалях крыжова-купальнага храма. Купал змешчаны на высокім барабане, завершаны цыбульнай глаўкай. Да купал прамавугольнай алтарнай часткі прымыкаюць нізкія аб’ёмы рызніц. Галоўны ўваход завершаны трохвугольным франтонам. Першапачаткова храм меў унікальную кампазіцыю вярхоў, якая нідзе больш у беларускім дойлідстве не сустракаецца. Пасля перабудовы 1843 года купал набыў рысы класіцызму.[2]
Сцены ўпрыгожаны пілястрамі, а ў месцы з’яднання аб’ёмаў — сдвойнымі, завершаны шырокім прыфіляваным карнізам. У інтэр’еры крылы трансепта перакрыты цыліндрычнымі зводамі на папружных арках. Сцены завяршае прафіляваны антаблемент с вялікім вынасам карніза. Пры ўваходзе па бакам асноўнага нефа змешчаны вінтавыя лесвіцы. У паўночнай частцы трансепта знаходзяцца хары, з’яднаныя з калідорам другога паверха корпуса кляштара, што таксама з’яўляецца адметнасцю комплекса. Перад галоўным фасадам царквы ў 1980 годзе выяўлены рэшткі Прачысценскай царквы.
Архітэктура кляштара, капліцы і гаспадарчага комплексу
правіцьКляштар пабудаваны таксама архітэктарам І. Фантана. Кляштар прадстаўляе двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак з высокім двухскатным дахам. Прадольнае крыло кляштара прыбудавана к царкве і ўтварае перад апсідай невялікі напалову адкрыты дворык. Прамавугольныя вокны кляштара размешчаны нерэгулярна. Планіроўка будынка галерэйная, памяшканні перакрыты крыжовымі і цыліндрычнымі зводамі.
Да ўсходняга тарца кляштара ў 19 стагоддзі прыбудавана капліца. Сцены капліцы рассечаны лапаткамі. Усходні тарцовы фасад завершаны франтонам.
У 1891 годзе да ўсходняй частцы комплекса прыбудаваны гаспадарчы корпус, які прадстаўляе сабой двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з прамавугольнымі вокнамі.
Зноскі
- ↑ а б Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. Мн.: Ураджай, 2001. — 287 с. ISBN 985-04-0499-X с. 190
- ↑ а б Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. Мн.: Ураджай, 2001. — 287 с. ISBN 985-04-0499-X с. 191
Літаратура
правіць- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. Мн.: Ураджай, 2001. — 287 с. ISBN 985-04-0499-X
- Гродно. Энциклопедический справочник / Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с., [12] л. ил.: ил.
- Королевский город Гродно. Семенчук А. А., Гостев и др., Рифтур, 2010, 70с.,ISBN 9-78956-919230
- Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
- Головкова Л. А., Менькова И. Г. Подвиг длиною в жизнь. — М.: Издательство ПСТГУ, 2021. — 333 с. — ISBN 978-5-7429-1406-8.
Спасылкі
правіцьСвята-Раства-Багародзіцкая царква і кляштар базыльянак (Гродна) на Вікісховішчы |