Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Орша)
Свята-Раства-Багародзіцкая царква[1] — праваслаўны храм у горадзе Оршы Віцебскай вобласці. Знаходзіцца пры ўтоку ракі Аршыцы ў Дняпро, на Зааршынні, па адрасе: вуліца Савецкая, 4а.
Славутасць | |
Свята-Раства-Багародзіцкая царква | |
---|---|
| |
54°30′22,8″ пн. ш. 30°25′03,52″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Горад | Орша |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Віцебская і Аршанская |
Благачынне | Цэнтральнае благачынне горада Оршы |
Архітэктурны стыль | барока, класіцызм |
Дата заснавання | 1691 |
Дата пабудовы | 2000-я |
Статус |
![]() |
Стан | дзейнічае |
![]() |
У 1961 годзе савецкія ўлады зруйнавалі царкву, у 2000-я гады яе аднавілі на старых падмурках. Твор архітэктуры барока і класіцызму. Рэшткі падмуркаў гістарычнай царквы Раства Багародзіцы з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэгіянальнага значэння.
ГісторыяПравіць
Гістарычную царкву Раства Багародзіцы збудавалі ў 1661 годзе. На плане Оршы 1770 года яна значыцца насупраць замка і гарадзішча.
У 1781 годзе царква мела назву саборнай у імя Раства Багародзіцы. У XIX стагоддзі яе пераасвяцілі ў імя Святога Мікалая. Будынак рамантаваўся ў 1818 годзе. На плане 1843 года перад царквой значыцца званіца.
У 1961 годзе савецкія ўлады зруйнавалі царкву разам з званіцай. У 1987 годзе пры пракладцы трубаправода ў культурным пласце на месцы царквы былі знойдзены асобныя часткі сцен і падмуркаў, рэшткі паліхромнай кафлі, шматлікія пахаванні. У 1994—1995 гадах праводзіліся археалагічныя даследванні падмуркаў царквы[2].
У 2000-я гады Беларуская Праваслаўная Царква аднавіла будынак на старых падмурках, аднак пры адбудове аўтэнтычныя барочныя купалы-бані з чатырохканцовымі крыжамі замянілі на пазалочаныя купалы-цыбуліны з васьміканцовымі крыжмі.
АрхітэктураПравіць
Помнік архітэктуры пераходнага стылю ад барока да класіцызму. Гэта цэнтрычны кубападобны аб’ём з завяршэннем у выглядзе магутнага паўсферычнага купала, над якім узвышаецца васьмігранны ліхтар. Падобныя вежы адзначаюць вуглы асноўнага аб’ёма. Рысы барока выявіліся ў пластыцы вежаў і авальных люкарнах у аснове купала, складана пряфіляваных антаблементах, пластычных ліштвах прамавугольных аконных праёмаў. Рысы класіцызму — у аднолькавых кампазіцыях роўнічных фасадаў, завершаных трохвугольнымі франтонамі, антаблеменце з дарычным фрызам, парных паўкалонах. Да асноўнага аб’ёму воссю ўсход—захад далучаецца акруглая апсіда з бакавымі рызніцамі і прытвор. Будынак мае галоўны і 2 бакавыя ўваходы.
Інтэр’ер у стылі позняга барока меў багатую пластыку. Пад царквой існавала крыпта з пахаваннямі. Побач з царквой стаяў службовы корпус з вежай-званіцай, які выходзіў на Вакзальную (цяпер Савецкую) вуліцу[3].
- Старыя здымкі і графіка
НастаяцеліПравіць
- Протаіерэй Іаан Кутневіч (5 жніўня 1798 — лістапад 1800)
- Іерэй Сімяон Андрэевіч Любіч-Стратановіч (зг. у 1857)
- Іерэй Гаўрыіл Ісакавіч Галоўчыц (зг. у 1861)
- Іерэй Мікалай Іванавіч Казлоўскі (24 сакавіка 1863 — 11 лістапада 1879)
- Іерэй Іаан Васільевіч Лепяшынскі (11 лістапада 1879 — 10 лютага 1899)
- Іерэй Павел Пятровіч Хруцкі (10 лютага 1899 — 1916 (1923?))
Зноскі
- ↑ Таксама царква Нараджэння Божай Маці, Царква Раства Багародзіцы
- ↑ Левко О. Н. Культовые памятники Орши конца XVI—XVIII вв.: (историко-археол. исслед.). — Орша, 1996.
- ↑ Праваслаўныя храмы на Беларусі, 2001
ЛітаратураПравіць
- Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мінск: БелЭн, 2001. — 328 с. — ISBN 985-11-0190-7.
СпасылкіПравіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Орша)
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Орша) на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Орша) на сайце Radzima.org
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Орша) на сайце Глобус Беларусі (руск.)