Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Слаўгарад)
Царква Раства Багародзіцы — архітэктурны помнік класіцызму ў горадзе Слаўгарад Магілёўскай вобласці.
Царква | |
Раства Багародзіцы | |
---|---|
53°26′33″ пн. ш. 31°00′15″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Слаўгарад |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Магілёўская епархія |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Будаўнік | Лука Іваноў |
Архітэктар | Мікалай Львоў |
Заснавальнік | Аляксей Міхайлавіч Галіцын |
Будаўніцтва | 1791—1793 гады |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 512Г000519 |
Стан | працуе |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьПабудавана ў 1791—1793 гг. князем Аляксеем Міхайлавічам Галіцыным у стылі класіцызму. Інтэр’ер упрыгожаны іканастасам, жывапісам і цудоўнымі фрэскамі, у якіх першапачаткова налічвалася 57 сюжэтаў Новага і Старога запаветаў[1]. На будаўніцтва будучага храма былі запрошаны вядомыя па тых часах майстры: муляр Лука Іваноў і рускі архітэктар Мікалай Львоў.
У ансамбль з царквой уваходзяць двух’ярусная званіца з невялікай вежачкай у завяршэнні, будынак царкоўнапрыходскай школы. З паўднёвага боку ад царквы — парк, які спускаецца да р. Сож. У 1988 г. перададзена вернікам і адрэстаўрыравана, набыты званы.
У роспісе ўнутраных сцен і іканастаса прымалі ўдзел лепшыя маскоўскія жывапісцы. Сярод мастакоў, якія пісалі фрэскі, згадваецца Уладзімір Баравікоўскі (аўтар партрэтаў Кацярыны II, Паўла I і многіх іншых высокапастаўленых асоб Расійскай імперыі)[2].
Каля царквы былі пахаваныя князь Мікалай Крапоткін (1831—1887) і яго жонка Марыя Аляксандраўна, народжаная фон Бенкендорф (1833—1887). На іх магілах стаялі мармуровыя помнікі з крыжамі наверсе[3].
Архітэктура
правіцьГэта цэнтрычны безапсідны храм з васьмігранным купалам[4]. Помнік архітэктуры класіцызму. Цэнтрычны крыжова-купальны храм. На сяродкрыжжы двухсхільных дахаў з трохвугольнымі франтонамі на тарцах узвышаецца васьмігранны светлавы барабан з пакатым сферычным купалам, пакрытым сусальным золатам. Грані барабана прарэзаны «паладыянскімі» арачнымі аконнымі праёмамі. У пазухах планіровачнага крыжа нізкія акруглыя аб'ёмы прыдзелаў і рызніц (у плане чвэрць круга) пад сферычнымі пакрыццямі. Усе фасады аднолькавай трактоўкі, апяразаны карнізам на дэнтыкулах і шырокім фрызам з разетак. Уваходны партал вылучаны 2 тасканскімі паўкалонамі і паўкруглым «паладыянскім» акном на версе. Аналагічна аформлены арачныя аконныя праёмы фасадных граняў.
Інтэр'ер
правіцьУнутры малітоўная зала перакрыта цыліндрычнымі скляпеннямі, над сяродкрыжжам узвышаецца паўсферычны купал. На сценах і скляпеннях зберагліся фрэскавыя размалёўкі ў стылі класіцызму (канец 18 ст.; верагодна, пры ўдзеле мастака У. Баравікоўскага). Захаваліся 57 сюжэтных кампазіцый, найбольш цікавыя з якіх «Пакуты Хрыста» (у 1-м ярусе) і «Цябе Бога хвалмі» (на купале), выявы евангелістаў у прасценках барабана. У 1793 — 94 гг. устаноўлены драўляны іканастас (не збярогся). Над уваходам у заходняй частцы хоры.
Школа
правіцьПры царкве працавала прыходская школа, будынак якой быў пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя і захаваўся па сённяшні дзень.
Зноскі
Літаратура
правіць- Лаўрэцкі Г. А., Пятросава А. Ю. Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 508—509. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0389-4.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Слаўгарад)
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Слаўгарад) на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Слаўгарад) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Слаўгарад) на сайце Radzima.org
- Пропойск с близлежащими деревнями подарен Екатериной II князю А. М. Голицыну. (руск.)
- В Славгороде погибают уникальные церковные фрески (руск.)
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Слаўгарад) на сайце «Архіварта»