Свята-Успенская царква (Быцень)
Свята-Успенская царква — праваслаўны храм у аг. Быцень (Івацэвіцкі раён). Размешчана ў цэнтры аграгарадка. Помнік архітэктуры позняга рэнесансу і ранняга барока.
Праваслаўны храм | |
Свята-Успенская царква | |
---|---|
![]() | |
52°52′54,79″ пн. ш. 25°29′40,91″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Аграгарадок | Быцень |
Канфесія | Беларуская праваслаўная царква |
Епархія | Пінская і Лунінецкая епархія |
Ордэнская прыналежнасць | базыльяне |
Архітэктурны стыль | позні рэнесанс і ранняе барока |
Дата пабудовы | 1654 год |
Статус |
![]() |
![]() |
Гісторыя
правіцьПабудавана ў 1654 г. з цэглы як капліца ў ансамблі базыльянскага манастыра (не захаваўся), заснаванага ў 1640 г. па фундацыі слонімскага маршалка Рыгора Трызны[1] з жонкаю Рэгінай з Сапегаў. Пасля смерці яго сына падскарбія Мікалая Трызны багатае паселішча парайшло ва ўладанне базыльян. У надзейна ўмацаваным быценскім кляштары пад час паўстання Б. Хмяльніцкага хаваліся уніяты з Украіны і іншых месцаў. З 1656 г. у быценскім манастыры знаходзіўся кіраўнік базыльянскага ордэна Бенедыкт Цярлецкі. Тут захоўваліся таксама нятленныя мошчы старца Сімяона Стаўроўскага, настаяцеля кляштара з 1640 г.
Узнятыя наступным уладальнікам Казімірам Тызенгаўзам дакументы аб лёсе Быценя далі падставу для адабрання яго ад уніятаў і вяртання ў 1779 г. законным уладальнікам[2]. З 1683 г. тут 5 гадоў вучыўся і ўступіў у ордэн св. Васілія Вялікага вядомы грамадска-рэлігійны уніяцкі дзеяч Леў Кішка (1668—1728).
Набажэнствы былі адноўлены ў 1920—30-я гг. У 1990-я гг. перад храмам пастаўлена мураваная брама-званіца (архітэктар Л. Макарэвіч).
Архітэктура
правіцьЦарква вырашана кампактным прамавугольным у плане аб'ёмам пад вальмавым дахам з васьмігранным купальным барабанам. Галоўны заходні фасад расчлянёны лапаткамі на тры праслы, бакавыя з іх крапаваны плоскімі прамавугольнымі нішамі, над галоўным уваходам арачны аконны праём. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны арачнымі вокнамі і пілястрамі ў прасценках.
Унутраная прастора храма магутнымі пілонамі падзелена на тры нефы, цэнтральны шырокі перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі. Апсіда вылучана драўляным іканастасам. Абразы «Маці Божая Замілаванне Жыровіцкая» (сярэдзіна 18 ст.) і «Хрыстос Уседзяржыцель» (16 ст., перанесены з Быценскага манастыра), драўляная скульптура «Укрыжаванне» (18ст.)[3].
Брама-званіца ўяўляе крыжова-цэнтрычнае двух'яруснае збудаванне; першы ярус — арачны праезд у двухкалонным арачным партале, другі — цыліндрычны барабан, завершаны цыбулепадобным купалам.
Зноскі
Літаратура
правіць- Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007.
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 189-190.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Свята-Успенская царква (Быцень)
- Свята-Успенская царква (Быцень) на сайце Radzima.org
- Свята-Успенская царква (Быцень) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Свята-Успенская царква (Быцень) на сайце «Архіварта»