Свінагадоўля — галіна жывёлагадоўлі, развядзенне свіней на мяса, сала і іншыя прадукты.

Кніжная літаграфія пра свінагадоўлю (Францыя, 19 ст.)

Свініна — каштоўны харчовы прадукт, са скуры свіней робяць абутак і іншыя рэчы, з крыві — каўбасы, альбуміны, крывяную муку, са шчаціння — шчоткі і пэндзлі, з касцей — касцявую муку  (руск.), кішкі ідуць ў каўбасную вытворчасць і на выруб струн.

Свінні рана дасягаюць палавой спеласці, ужо ў гадавалым узросце могуць мець прыплод. Высокая пладавітасць (10-12 парасят за апарос) разам з кароткім эмбрыянальным перыядам даюць магчымасць атрымліваць ад кожнай свінаматкі да 2,5 т свініны ў жывой масе за год. Рэалізацыйнай жывой масы 100—120 кг свінні дасягаюць за 5-7 месяцаў пры сярэднясутачнай прывазе 600—800 г (а пры збалансаваных рацыёнах кармлення да 1000—1200 г) пры спажыванні на 1 кг прыбаўлення ў масе 3,5-4,5 кг у кармавых адзінках. Свінні маюць высокую забойную масу (да 75-85 % ад жывой масы), у ёй да 52 % мяса і да 32 % падскурнага тлушчу. З мяса свіней гатуюць разнастайныя харчовыя прадукты, многія з якіх вытрымліваюць працяглае захоўванне. У мясным балансе Беларусі свініна складае 47,7 % (2000).

Гісторыя правіць

Гадоўляй свіней людзі пачалі займацца ў неаліце (5 — 3-е тыс. да н.э.). У развітых антычных краінах (Егіпет, Грэцыя, Рым) ужо існавалі іх пароды. У краінах феадальнай Заходняй Еўропы свінагадоўля была прымітыўнай. Яе развіццё звязана з ростам гарадоў і попыту на мяса. У 19 стагоддзі пачалася інтэнсіўная праца па паляпшэнні мясцовых і фарміраванні новых парод, у выніку з’явіліся высокапрадукцыйныя, многія з якіх (асабліва буйная белая, выведзеная ў Англіі) не страцілі значэння да нашага часу.

Найбольшае развіццё свінагадоўля атрымала ў Еўропе, Усходняй Азіі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы. Амаль палова сусветнага пагалоўя ў краінах Азіі (Кітай, Японія, Індыя, В’етнам), каля 25 % у Еўропе (Германія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, Расія, Украіна, Польшча) і каля 10 % у ЗША. Па рэлігійных матывах свінагадоўля не атрымала развіцця ў мусульманскіх краінах. У сусветным гандлі свінінай галоўнае месца займаюць Нідэрланды, Бельгія, Данія, Кітай і Канада.

Свінагадоўля ў Беларусі правіць

На Беларусі да пачатку 20 стагоддзя свінагадоўля была адной з развітых галін жывёлагадоўлі. Гадаваліся пераважна мясцовыя пароды, у памешчыцкіх гаспадарках — палепшаныя пароды. У 1916 годзе было 2,4 млн свіней.

Племянная і таварная свінагадоўля пачала развівацца ў 1920-я гады. У час калектывізацыі ўзніклі таварныя свінагадоўчыя фермы (больш за 4 тыс. у 1934 годзе).

На пачатак 1941 года мелася 2,5 млн свіней.

З 1970-х гадоў свінагадоўля пераводзілася на прамысловую аснову. Пабудаваны буйныя высокамеханізаваныя комплексы і ўкаранёна паточна-цэхавая сістэма вытворчасці на фермах калгасаў і саўгасаў.

На Беларусі разлічаюць свінагадоўчыя комплексы і фермы трох тыпаў:

  • з закончаным абаротам статка
  • рэпрадукцыйныя
  • адкормачныя

Буйныя комплексы на Беларусі на 108 тыс. галоў гадавога адкорму свіней і сярэднія на 54 тыс. галоў знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці. Асноўныя пароды — буйная белая, чорна-белая, беларуская мясная, эстонская беконная, ландрас, дзюрок і іншыя.[1]

Племянную работу праводзяць спецыялізаваныя заводы, саўгасы, раённыя племянныя станцыі; навуковыя даследаванні — Беларускі НДІ жывёлагадоўлі, лабараторыі пры ВНУ.

Эфектыўнасць свінагадоўлі апошнія гады паніжана ў сувязі з высокімі выдаткамі корму (каля 6,6 кг у кармавых адзінках на кг прывагі, у т.л. каля 6 кг у кармавых адзінках канцэнтратаў).

Зноскі

Літаратура правіць