Свіслацкая гімназія

Свіслацкая гімназія — адна з 8 сярэдніх навучальных устаноў адкрытых на тэрыторыі Беларусі і Літвы паводле плану ўтварэння Віленскай навучальнай акругі, распрацаванага кіраўніцтвам Віленскага ўніверсітэта на чале з рэктарам Янам Снядэцкім.

Свіслацкая мужчынская гімназія
Свіслач. Будынак гімназіі.JPG
Заснаваны 1804
Тып гімназія
Адрас Свіслач

Заснаваная ў 1804 г. як Гродзенская губернская акадэмічная гімназія на грошы графа Вінцэнта Тышкевіча (1757—1816), уласніка мястэчка Свіслач. Адкрыта ў 1805 г. У 1834 г. страціла статут губернскай і была пераўтворана ў звычайную павятовую гімназію. У 1835 г. Свіслацкая павятовая гімназія была рэарганізавана ў павятовае вучылішча, а праз 16 гадоў — у пяцікласнае дваранскае вучылішча, закрытае ў 1851 г.

З 1944 г. — Свіслацкая сярэдняя школа. З 1987 г. — Свіслацкая сярэдняя школа № 1 імя К. Каліноўскага. З 2005 г. — гімназія № 1 імя К. Каліноўскага.

ГісторыяПравіць

Заснаваная ў 1804 г. як Гродзенская губернская акадэмічная гімназія для навучання моладзі з Брэсцкага, Пружанскага, Кобрынскага, Ваўкавыскага, Слонімскага і Гродзенскага паветаў.

Граф Вінцэнт Тышкевіч і Свіслацкая гімназіяПравіць

Уладальнік Свіслачы граф Вінцэнт Тышкевіч аказаў вялікую матэрыяльную дапамогу і падтрымку пры стварэнні гімназіі. Ён ахвяраваў гімназіі будынак і грошы на яго мураваную перабудову (архітэктар Шульц), а таксама завяшчаў 20 тыс. руб. серабром. Паводле ўспамінаў Л. Патоцкага, “паліва для гімназіі дастаўлялася са свіслацкага двара, а для бяднейшых студэнтаў Тышкевіч наймаў пакоі з уласнай кішэні, а многіх з іх утрымліваў за свой кошт поўнасцю”. Не толькі матэрыяльна падтрымліваў гімназію ўладальнік Свіслачы.

“Ён дбаў пра маральнасць моладзі. З дапамогай заведзенай ім паліцыі яму былі вядомыя паводзіны кожнага студэнта, можа лепш, як школьнай уладзе. Ад інспектара гімназіі ён дамагаўся, каб вінаватага пакаралі за найменшую правіннасць. Часта нават прысутнічаў разам з настаўнікамі на студэнцкіх судах. Тых, што вучыліся добра і мелі прыкладныя паводзіны, умеў вылучаць сярод іншых, рабіў ім неспадзяванкі, малодшых абдорваў садавінаю або цукеркамі, старэйшых добрай і карыснай кніжкаю. Кожны год увесну наладжваў для студэнтаў маёўку, завітваў на экзамены і падчас урачыстага акту сам раздаваў узнагароды. Калі праз некалькі гадоў сустракаўся з былым вучнем свіслацкіх школаў, вітаўся з ім як са сваім і ніколі не адмовіў таму, хто меў патрэбу ў дапамозе і пратэкцыі”[1].

Навучанне разлічвалася на 7 гадоў. Вучэбны план гімназіі быў падобны да планаў павятовых вучылішчаў, але быў больш шырокі і разнастайны. Асноўнай мовай навучання была польская.

Свіслацкая гімназія была дастаткова буйной навучальнай установай. Тут у розныя гады вучыліся ад 200 да 300 вучняў. Сюды прыязджалі не толькі дзеці мясцовай ваўкавыскай шляхты, але навучэнцы з розных куткоў Гродзенскай губерні. Для іх, дзякуючы дабрачыннасці Тышкевіча, быў зроблены інтэрнат.

Выкладчыкі і навучэнцы Свіслацкай гімназіі складалі значную частку насельніцтва мястэчка. Для вызначэння ўдзельнай вагі выкладчыкаў і навучэнцаў сярод усіх жыхароў Свіслачы возьмем 1816–1818 гг. Сталае насельніцтва мястэчка складала 614 чалавек (у 1816 г.), выкладчыкі і вучні гімназіі – 328 (у 1818 г.), разам – 942 чалавекi. Атрымліваецца, што 35% жыхароў былі звязаны з навукай і асветай[2].

Насельніцтва Свіслачы было 614 чалавек (1816), выкладчыкі і вучні — 328 (1818).

Год Выкладчыкі Вучні
1805 6 84
1818 10 318
1827 14[3] 273 [4]
1830 16[5] 306[6]
1835 16 332

Кіраўніцтва і выкладчыкі Свіслацкай гімназііПравіць

Гімназія ў Свіслачы была базавай школай Віленскага ўніверсітэта, у параграфе 1 Устава Віленскай навучальнай акругі гаворыцца: «Свислочская гимназия передается в непосредственное ведение и университета». Універсітэт падбіраў кадры для гімназіі, даваў вучэбныя дапаможнікі, папаўняў бібліятэку. Таму гімназія ў Свіслачы адрознівалася высокім узроўнем навучання і мела вялікую вядомасць. Атрымала афіцыйную назву Гродзенская губернская гімназія ў Свіслачы.

Кіраўніцтва Віленскага універсітэта паклапацілася аб высокім узроўні выкладання ў Свіслацкай гімназіі. Першым яе дырэктарам стаў Яцэк Крусінскі, доктар філасофіі, аўтар прац па методыцы выкладання матэматыкі і правядзення метэаралагічных назіранняў. Штат настаўнікаў падбіраўся з лепшых выпускнікоў Віленскага і часткова Варшаўскага універсітэтаў. Таму ўзровень выкладання ў гімназіі быў высокім, а праграма – шырокай і разнастайнай. Гімназія забяспечвалася ўсім неабходным для ўладкавання вучэбнага працэсу на грошы В. Тышкевіча. Тут былі добра абсталяваныя фізічны, матэматычны, нумізматычны і мінералагічны кабінеты, багатая бібліятэка[2].

У 1820-я гады гімназіяй кіраваў А. Сухадольскі, а ў часы пераўладкавання яе ў вучылішча — Грацэрт. Тут вывучаліся матэматычныя навукі, гісторыя, мовы, у тым ліку польская, руская, французская, маляванне (з 1820-х — тапаграфічны малюнак, чарчэнне), геаграфія, прыродазнаўчыя навукі, літаратура.

У фондах ДАРФ у Маскве захоўваецца “Справа аб экзаменах у Свіслацкай гімназіі. 1840 г.”[2] Сутнасць яе заключалася ў разглядзе накіраванага на імя імператара даносу на дырэктара гімназіі Грацэрта, які нібыта быў невукам, чым карысталіся студэнты падчас экзаменаў, атрымоўваючы высокія адзнакі і медалі: “Во время экзаменов в Свислоцкой гимназии ученики до такой степени пользовались невежеством Директора, что один из них, не найдя условно предназначенного для него билета вынул случайно билет о географии Австралии и не имея об оной понятия начал говорить о Сахаре и получил 5 баллов. Таковым невежеством пользовались и многие ученики с помощью профессоров, а ученик Горбачевский, также обманывавший Директора, получил серебряную медаль”. Звесткі, якія былі сабраныя з гэтай нагоды, сведчылі, што Грацэрт скончыў Віленскі універсітэт, меў ступень кандыдата, з 1838 г. займаў пасаду дырэктара гімназіі ў Свіслачы, а Гарбачэўскі належаў да лепшых яе выхаванцаў. Для агляду гімназіі быў накіраваны дырэктар Віленскага дваранскага інстытута Галер, які ў сваёй справаздачы адзначыў: “Обвинения Грацерта в невежестве и злоупотреблениях не имеют никакого основания, носят на себе в полной мере печать клеветы… и личной недоброжелательности сочинителя оной статьи к Директору… Касательно учебной части я при настоящем обозрении гимназии еще более прежнего убедился как в особенно похвальном усердии преподавателей, так и в прилежании учащихся…”.

Гімназія мела моцны прафесарска-настаўніцкі склад. Тут працавалі Лявон Бароўскі — настаўнік мовы і літаратуры; Іван Вольскі — настаўнік фізікі, аўтар шматлікіх навуковых артыкулаў; Максіміліан Якубовіч — настаўнік лацінскай і грэчаскай моў, аўтар граматыкі лацінскай мовы і навуковай працы «Философия христианства»; Шыдлоўскі — настаўнік рыторыкі, вядомы пісьменнік, працаваў прафесарам Віленскага ўніверсітэта; Ян Чачот (не філамат) — настаўнік геаграфіі[7], малюнак у 1841—1847 гадах выкладаў выпускнік Віленскай мастацкай школы Палікарп Ётэйка.

Тайныя таварыствы навучэнцаўПравіць

Заняткі ў гімназіі праходзілі па распарадку дня. Навучэнцы уставалі ў 6 гадзін раніцы, клаліся спаць у 10 гадзін вечара. Выконваць урокі гімназісты павінны былі з паловы сёмага і да часу, калі трэба было ісці на заняткі. Пасля заняткаў давалася дзве гадзіны, каб вярнуцца дадому і пагуляць. Потым быў час на выконванне ўрокаў і асабліва такіх пісьмовых работ, якія не патрабавалі вялікага разумовага напружання. Пасля гэтага адводзіліся яшчэ 2 гадзіны на абед, прагулку, а затым зноў 2 гадзіны на выконванне ўрокаў. Забаранялася піць моцныя напіткі і курыць тытун, а таксама спрэчкі. Навучэнцы не павінны былі ілгаць і крывадушнічаць. Гімназісты павінны былі імкнуцца да самаўдасканалення.

Высокі ўзровень навучання, багатая бібліятэка, добры настаўніцкі склад садзейнічалі не толькі атрыманню добрых ведаў, але і развіццю вальнадумства сярод студэнтаў. Формай арганізацыйнага і ідэйнага з’яднання дэмакратычных сіл былі розныя тайныя таварыствы. У 1819 г. тут узніклі таварыствы “Навуковае” і “Маральнае”. З рапарту рэктара Віленскага універсітэта міністру духоўных спраў і народнай асветы ад 25 кастрычніка 1825 г. вынікае, што “в 1819 г. ученики VI класса, коих числилось 11, в свободных от лекций часах собирались в лекционном зале и составляя товарищество читывали между собою стихи и речи, между таковыми были весьма неприличного и хулы достойного содержания…”. З 1822 г. у Свіслацкай гімназіі дзейнічала тайнае таварыства “Заране”, якое было раскрыта ў кастрычніку 1823 г. 46 чалавек былі арыштаваны ці трапілі пад нагляд паліцыі, частка выкладчыкаў была пераведзена ў іншыя навучальныя ўстановы. Але гэтыя меры не зменшылі напружанасці ў Свіслачы. У студзені 1825 г. рэктар Віленскага універсітэта загадаў дырэктару гімназіі забараніць сходы вучняў, а таксама і мясцовых жыхароў. Вайсковаму патрулю загадвалася бесперапынна сачыць за гімназіяй, што не перашкодзіла тайнаму гуртку “Ваенныя сябры” заснаваць у 1825 г. тут свой філіял. У час паўстання 1830–1831 гг. рабілася спроба падрыхтаваць у Свіслачы паўстанне з удзелам гімназістаў, але план не быў здзейснены.

Ліквідацыя гімназііПравіць

Свіслацкая гімназія некалькі разоў перажыла карэннае пераўладкаванне, выкліканае, найперш, палітычнымі прычынамі моцны ўдар па гімназіі быў нанесены рэпрэсіямі ў сувязі з раскрыццём тайных таварыстваў. Быў не толькі зменены настаўніцкі калектыў, але і ўведзены экстраардынарныя сродкі і метады нагляду, быў зменены вучэбны план гімназіі. Ствараецца асаблівая вучылішчная паліцыя.

Наступны ўдар па гімназіі быў нанесены ў 1830-я гады пасля паўстання 1830—1831. Парадзелі шэрагі таленавітых выкладчыкаў, зменшыўся прыток здольных вучняў. Сярод прычын гэтага было закрыццё Віленскага ўніверсітэта (1832) і адкрыццё ў красавіку 1834 гімназіі ў Гродна. Свіслацкая гімназія пераўтварылася ў ардынарную павятовую. У 1835 гімназія была рэарганізавана ў павятовае вучылішча, а праз 16 гадоў — у пяцікласнае дваранскае вучылішча. Канчаткова Свіслацкая гімназія была закрытая ў 1851, калі яе перавялі ў Шаўлі.

Спробай аднавіць у Свіслачы гімназічную адукацыю было стварэнне ў 1860 г. на базе мясцовага ўезнага вучылішча першай у Расійскай імперыі чатырохкласнай прагімназіі (разам з Маладзечанскай). Вучэбны курс яе адпавядаў першым чатыром класам поўнай гімназіі, куды потым выпускнікоў прагімназіі прымалі без экзаменаў у пяты клас. Прагімназія ў Свіслачы была зачыненая пасля задушэння паўстання 1863–1864 гг. Замест яе прадпісвалася адчыніць двухкласнае народнае вучылішча.

НГАБ у Гродне захавала справу “Аб адкрыцці ў маёнтку Свіслач школы аграномаў”, якая ўтрымлівае праект стварэння на базе свіслацкай гімназіі земляробчай школы па ўзоры Горы-Горацкай. У пастанове Гродзенскай палаты дзяржаўных маёмасцей ад 13 верасня 1844 г. адзначалася: “К устройству агрономической школы в м. Свислочи благоприятствует в особенности, что в означенном местечке находится гимназия; самое же имение Свислочь <…> с удобностью может быть назначена на ферму для практических занятий и опытов усовершенствованного хозяйства”. Планавалася поўны курс навучання падзяліць на тры гады, на першы год колькасць выхаванцаў абмяжоўвалася 12 чалавекамi, аднак адзначалася, што “по мере распространения института количество их может быть увеличено”. Такім чынам, м. Свіслач магло стаць і цэнтрам спецыяльнай прафесійнай адукацыі – агранамічнай. На жаль, лёс не пакінуў часу і ўмоў для ажыццяўлення гэтага праекта[2].

З 1875 года тут размяшчалася семінарыя, дзе рыхтавалі настаўнікаў для царскіх пачатковых школ – народных вучылішчаў. Са сцен гэтай, здавалася б, прасякнутай манархічным духам установы выйшлі дзясяткі актыўных беларускіх дзеячаў міжваеннай пары: Іосіф Баліцкі, Аляксандр Грыкоўскі, Мікола Дзямідаў, які лічыў сябе сваяком Канстанціна Каліноўскага, Стафан Жабінскі, Макар Касцевіч (Макар Краўцоў), Аляксандр Коўш і многія іншыя. У час Першай сусветнай вайны тут распачала дзейнасць беларуская настаўніцкая семінарыя, замененая ў 1923 годзе на польскую, якая ў 1935 годзе была названа ў гонар Рамуальда Траўгута.

У час Вялікай Айчыннай вайны галоўны буднак гімназіі быў пашкоджаны і разабраны на цэглу. На яго месцы з’явілася раённая бальніца, якой належыць захаваны правы флігель некалі вядомай навучальнай установы[8].

Вядомыя навучэнцыПравіць

БудынакПравіць

Планіроўка будынкаў адпавядала класіцыстычным нормам (праект Я. Шантыра). Па-першае, гэта трохчасткавая кампазіцыя — на адной лініі з цэнтральным аднапавярховым галоўным корпусам знаходзіліся два сіметрычныя невялікія флігелі. У вырашэнні будынкаў прысутнічала нязменная каланада: у галоўнага корпуса — чатырнаццацікалонны порцік, у флігелях — шасцікалоннныя. Характэрнае для класіцызму размяшчэнне парадных пакояў на першым плане і адвядзенне ўвагі ад жылых памяшканняў таксама прысутнічаюць у будынках гімназіі[9].

Зноскі

  1. Патоцкі, Л. Успаміны пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын і Ружану / укл., прадмова, камент. А.М.Філатавай. Мінск, 1997. С. 40.
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 Соркіна Іна. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII - першай палове ХІХ стагоддзя. - Вільня: Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, 2010. - С. 256-258.
  3. 10 у гімназіі і 4 у павятовым вучылішчы пры ёй.
  4. 108 у гімназіі і 165 у павятовым вучылішчы пры ёй.
  5. 10 і 6
  6. 110 і 196
  7. Юркевіч Зм. Два Яны, два Чачоты // Культура № 4 (1391), 26.01.2019.
  8. Герасімчык Васіль. Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда. - Гродна: Юрсапрынт, 2018. - С. 28-35.
  9. Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 335. — 431 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.

ЛітаратураПравіць

  • Пракопік А. Свіслацкая гімназія і яе выпускнікі // Беларускі гістарычны часопіс. — 2008. — № 2. — С. 68-73.
  • Самусік А. Свіслацкая гімназія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — 616 с.: іл. ISBN 985-11-0276-8. С. 262

СпасылкіПравіць

Кобрынскія замалёўкі: па слядох Рамуальда Траўгута. Частка IX. // 11 лістапада 2021