Сельская гаспадарка Індыі

Індыя — адна з найбуйнейшых сусветных сельскагаспадарчых дзяржаў. Сельскагаспадарчы сектар складае амаль 15 % эканомікі Індыі, якую ацэньвалі ў $2,9 трыльёна, але ў ім занята каля паловы жыхароў краіны. Звыш 50 % працоўнай сілы залежыць ад сельскай гаспадаркі, пры тым па меншай меры 70 % вясковых хатніх гаспадарак атрымліваюць сродкі для існавання толькі ад сельскагаспадарчага сектара.

Рысавае поле ў штаце Арыса на ўсхозе Індыі

Паводле прагнозаў ААН, у сярэднетэрміновай перспектыве яна выйдзе на першае месца ў свеце па колькасці насельніцтва, апярэдзіўшы Кітай. Па плошчы ворных земляў Індыя з'яўляецца безумоўным сусветным лідарам: каля 160 мільёнаў гектараў. Па водных рэсурсах — 7-е месца. Галоўная крыніца вады для ірыгацыі ў Індыі — грунтавыя рэсурсы. У многіх рэгіёнах краіны сітуацыя з імі становіцца крытычнай: спажыванне значна апярэджвае аднаўленне з натуральных крыніц, узровень вод паніжаецца, адбываецца іх засаленне.

Асноўныя спажывецкія культуры — рыс і пшаніца. Індыя забяспечвае свае патрэбнасці ў харчаванні, хаця і на даволі нізкім узроўні — каля 250 кг на душу насельніцтва ў год. Індыя займае першае месца ў свеце па вырошчванні чаю (820 тыс. т у год) і бананаў (16,8 млн т у год), другое месца ў свеце па вырабе цукру (14 млн т у год). Індыя — другі ў свеце вытворца (77 млн т у год) і буйнейшы спажывец шоўку. Таксама Індыя займае першае месца ў свеце па колькасці буйной рагатай жывёлы (звыш 200 млн галоў, каля 25 % сусветнага пагалоўя), першае месца па вытворчасці малака, але адно з апошніх па спажыванні мяса, што тлумачыцца рэлігійнымі поглядамі насельніцтва краіны.

У Індыі найбольш паспяхова і стабільна развіваецца вытворчасць агародніны і садавіны. Па вагавых паказчыках гэтая галіна апярэджвае вытворчасць зернебабовых. Індыя займае другое месца ў свеце пасля Кітая па вытворчасці агародніны і садавіны і лідзіруе па аб'ёме сабранага ўраджаю такіх культур, як бананы, манга, зялёны гарошак. Галоўнымі збожжавымі культурамі ў краіне з'яўляюцца рыс (гадавы ўраджай — больш за 100 мільёнаў тон) і пшаніца (80—90 мільёнаў тон).

Індыя найбуйнейшы ў свеце вытворца малака. Галоўная культура індыйскага харчовага экспарту — рыс, які складае каля траціны ад усяго харчовага экспарту Індыі. Улічваючы крытычны стан запасаў грунтавых вод і хуткі рост насельніцтва, можна спрагназаваць, што вытворчасць і экспарт гэтай культуры з Індыі будзе скарачацца. Акрамя рысу, краіна экспартуе значную колькасць мяса, рыбнай прадукцыі і вострых спецый.

Спасылкі

правіць