Склад — мінімальная фанетыка-фаналагічная адзінка, якая характарызуецца найбольшай акустыка-артыкуляцыйнай злітнасцю сваіх кампанентаў, гукаў, якія ўваходзяць у яго склад. Склад не мае сувязі з фарміраваннем і выказваннем сэнсавых стасункаў, ён з’яўляецца выключна вымаўленчай адзінкай. У складзе групуюцца гукі рознай ступені гучнасці, найбольш гучныя — складаўтваральныя, астатнія — нескладовыя. Склад, як правіла, складаецца з ядра складу, часцей за ўсё галоснага, з дадатковым пачатковым ці канчатковым полем, часцей за ўсё зычнымі. Склад з’яўляецца фаналагічнай арганізацыяй, якая займае прамежкавы ўзровень паміж сегментарнай і несегментарнай фаналогіяй, паміж фанемай і словам. Склады часцяком лічацца фаналагічнымі «будаўнічымі блокамі» словаў. Яны могуць уплываць на рытм мовы, ейную прасодыю і паэтычны метр.

Складовая пісьменнасць пачалася на некалькі сотняў гадоў раней за з’яўленне першых літар. Раннія запісы складоў на дошчачках, напісаныя каля 2800 года да н.э., былі знойдзены ля старажытнага шумерскага горада Ур. Гэты пераход ад піктаграм да складоў быў названы «самым важным дасягненнем у гісторыі пісьменства»[1].

Слова, якое складаецца з аднаго склада, называецца аднаскладовым, з двух — двухскладовым, з трох — трохскладовым, а калі складоў больш за тры — шматскладовым, нягледзячы на тое, што гэты тэрмін часта выкарыстоўваецца, каб апісаць слова з двух складоў і больш. У залежнасці ад месца галоснага ў складзе адрозніваюць склады адкрытыя (заканчваюцца галосным) і закрытыя (заканчваюцца зычным), прыкрытыя (пачынаюцца з зычнага) і непрыкрытыя (пачынаюцца з галоснага). Вызначэнне межаў паміж складамі ў слове і на стыках слоў называецца складападзелам і аносіцца да фанетычных з’яў.

Зноскі

  1. Geoffrey Blainey, «A Short History of the World», с. 87.