Скрыгалаў
Скрыга́лаў[1] (трансліт.: Skryhalaŭ, руск.: Скрыгалов) — аграгарадок (да 2018 г. вёска[2]) у Мазырскім раёне Гомельскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Скрыгалаўскага сельсавета.
Аграгарадок
Скрыгалаў
| ||||||||||||||||||||||||
Насельніцтва 747 чал. (2004). Знаходзіцца за 33 на захад ад Мазыра, за 10 км ад чыгуначнай станцыі Пціч (лінія Гомель — Лунінец); на аўтамабільнай дарозе Мазыр — Петрыкаў.
Гісторыя
правіцьВыяўленыя археолагамі два курганныя могільнікі X—XIII стст. (11 насыпаў, за 2 км на поўдзень ад Скрыгалава і 13 насыпаў, за 2 км ад вёскі, ва ўрочышчы Забуклявечча) сведчаць пра засяленне гэтай мясцовасці ў глыбокай старажытнасці. Упершыню Скрыгалаў згадваецца ў XIII ст. 7 мая 1497 крымскія татары забілі тут мітрапаліта кіеўскага і Усяе Русі Макарыя (у 1897 у яго гонар збудавалі капліцу, ва ўрочышчы Падселішча — абеліск). Станам на 1590 у Скрыгалаве было 14 дымоў. З XVII ст. мясцовасць знаходзілася ва ўладанні Аскеркаў. Знойдзены тут у 1925 манетны скарб (каля 200 манет Рэчы Паспалітай) датуецца 3-й чвэрцю XVII ст. і сведчыць пра значныя гандлёвыя сувязі. З 1702 года побач з Скрыгалавам працавала рудня К. Аскеркі. 28 мая 1782 кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў мястэчку прывілей на 2 рэгулярныя кірмашы і штотыднёвыя таргі.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Скрыгалаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Мазырскім павеце Мінскай губерні. Станам на 1795 у мястэчку было 70 двароў, з 1799 дзейнічала царква (згарэла ў 1872). Праз Скрыгалаў праходзіў гасцінец з Мазыра ў Давыд-Гарадок. Мелася паштовая станцыя. У XIX ст. непадалёк існавала сяло Скрыгалаўская Слабада (65 двароў на 1816), якое пазней злучылася з мястэчкам. На 1847 Скрыгалаў знаходзіўся ва ўладанні Тышкевічаў, тут было 109 двароў, дзейнічалі прыстань і пераправа на рацэ Прыпяці. У 1858 адкрылася школа. На 1859 — 115 двароў[3]. У часы нацыянальна-вызваленчага паўстання ў 1863 каля мястэчка дзейнічалі паўстанцкія аддзелы. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 137 двароў, царква, малітоўны дом, народнае вучылішча, 8 крам, карчма, сельская бальніца. Працавала паштова-тэлеграфная кантора. На 1908 — 204 двары. З 1910 працавала пільня.
1 студзеня 1919 згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Скрыгалаў увайшоў у склад Беларускай ССР, дзе ў 1924 стаў цэнтрам сельсавета. Паселішча атрымала статус вёскі. Станам на 1925 тут было 359 двароў, на 2004 — 313 гаспадарак.
Насельніцтва
правіць- XVI стагоддзе: 1552 — 31 чал.
- XIX стагоддзе: 1866 — 609 чал.; 1897 — 816 чал.
- XX стагоддзе: 1908 — 1284 чал. у мястэчку Скрыгалаў, 12 чал. у маёнтку Скрыгалаў; 1917 — 1908 чал.; 1959 — 1294 чал.
- XXI стагоддзе: 2001 — 808 жыхароў, 338 двароў[4]; 2004 — 747 чал.[5]
Забудова
правіцьПланіроўка складаецца з 2 падзеленых каналам частак: паўночнай (простая вуліца, арыентаваная з паўднёвага ўсходу на паўночны захад) і паўднёвай (дугападобная вуліца шыротнай арыентацыі). Забудова двухбаковая, сядзібнага тыпу. У 1987—1995 узводзіліся цагляныя дамы на 110 сямей, у якіх размясціліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месцаў па катастрофе на Чарнобыльскай АЭС (1986). Новым вуліцам перасяленцы далі назвы сваіх былых вёсак Белы Бераг і Белабярэжская Рудня.
Інфраструктура
правіцьУ аграгарадку працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бальніца, дом культуры, 2 бібліятэкі, пошта.
На тэрыторыі школы дзейнічае Скрыгалаўскі этнаграфічны музей.
Славутасці
правіць- Капліца ў імя свяшчэннамучаніка Макарыя Кіеўскага (1906)
- Парк (XIX ст.)
Страчаная спадчына
правіць- Царква Святога Міколы (XVIII ст.; грэка-каталіцкая)
Вядомыя асобы
правіць- Барыс Аляксандравіч Залкінд
- Міхаіл Казіміравіч Пашкоўскі (1897—1970) — савецкі ваенны дзеяч, генерал-маёр.
- Мікалай Іванавіч Шляга
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Скрыга́лава, н.
- ↑ Решение Мозырского районного Совета депутатов от 13 февраля 2018 г. № 180 Об отнесении некоторых сельских населенных пунктов Мозырского района к агрогородкам Архівавана 19 верасня 2020.
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 379.
- ↑ БелЭн 2002.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2005.
Літаратура
правіць- Скрыгалаў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 471. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2005. — 520 с.: іл. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0330-6.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Skryhałów // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna (польск.). — Warszawa, 1880. S. 720—721.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Скрыгалаў