Скры́пка (стараславянскае «скрыпіца» ад «скрыпець», «рыпець»; італ.: violino, фр.: violon, ням.: Violine альбо Geige) — чатырохструнны смычковы музычны інструмент высокага рэгістра. Найбольш высокі па тэсітуры сярод скрыпічных інструментаў, да якіх адносяцца таксама альт і віяланчэль. Агульная даўжыня скрыпкі каля 600 міліметраў. Яе авальны корпус з выразамі па баках («талія») складаецца з двух злёгку выпуклых драўляных пласцін — дэк, замацаваных абечкам[1].

Скрыпка
выява
Класіфікацыя  · Хардафон
 · смычковы струнны інструмент
Дыяпазон Файл:Mandolin range. svg
лад адкрытых струн і дыяпазон
Роднасныя інструменты Альт, віёла, віяланчэль, кантрабас, пашэта, гудок
Музыканты Спіс скрыпачоў
Вытворцы Спіс скрыпічных майстроў і вытворцаў
Звязаныя артыкулы Пяціструнная скрыпка, электраскрыпка, скрыпка ў традыцыі народаў свету, сямейства смычковых
Лагатып Вікісховішча Скрыпка на вікісховішчы

Дыяпазон больш за чатыры актавы (g—c5). Гук здабываецца смычком, зрэдку шчыпком (pizzicato); ужываюцца і флажалеты (вылучэнне асобных абертонаў лёгкім дакрананнем пальца ў месцы парцыяльнага падзелу струны). Існуюць прыёмы змены тэмбру. Скрыпка мае выразны маляўнічы гук, багатыя тэхнічныя магчымасці, з’яўляецца асновай сімфанічнага аркестра, многіх відаў камерных ансамбляў, адзін з самых папулярных сольных інструментаў[1].

Як прафесійны музычны інструмент выкарыстоўваецца з канца XV стагоддзя. Да гэтага часу ў Польшчы закончыўся працэс фарміравання так званага «перадкласічнага» тыпу скрыпкі. На працягу XVXVI стагоддзя з улікам народнага вопыту па вырабе скрыпак і ўдасканалення іх майстрамі Італіі, Польшчы і Францыі выпрацавана класічная скрыпка. У XVIXVIII стагоддзі ў розных краінах Еўропы склаліся буйныя школы майстроў па вырабе скрыпак: Дж. П. Маджыні, А. і Н. Амаці, Дж. Гварнеры дэль Джэзу, А. Страдывары, Дж. Б. Гваданьіні, А. Гальяна ў Італіі; М. Гробліч, Б. Данкварт у Польшчы; Я. Штайнер, сям’я Клоц у Германіі і іншыя. Канструкцыя скрыпкі канчаткова акрэслілася ў творчасці італьянскіх майстроў[1].

Сярод найбольш вядомых майстроў XIX стагоддзя: Ж. Б. Вільём у Францыі, браты Хіл у Вялікабрытаніі, І. А. Батаў у Расіі. У XX стагоддзі вылучаюцца інструменты расійскіх скрыпічных майстроў Я. Вітачак, Г. Марозаў, Ц. Падгорны, М. Фралоў, Д. Тамашоў і іншых[1].

У XVIIXVIII стагоддзі склаліся скрыпічныя жанры, у тым ліку саната і канцэрт. Сольнае скрыпічнае выканальніцтва паўплывала на фарміраванне нацыянальных школ: італьянскай (А. Вівальдзі, Ф. Джэмініяні, П. Лакатэлі, Дж. Тарціні, Г. Пуньяні), французскай (Ж. Б. Люлі, Ж. М. Леклер, П. Гавінье, Дж. Б. Віёці), польскай (А. Яжэмбскі, Ф. Дураноўскі, Ф. Яневіч), чэшскай (Ф. Бенда, Я. Стаміц, П. Враніцкі і А. Враніцкі), нямецкай (І. Вальтэр, І. Вестгоф), аўстрыйскай (Г. Бібер, К. Дзітэрсдорф)[1].

У XIX стагоддзі вялікую ролю ў развіцці скрыпічнага выканальніцтва адыграла творчасць італьянца Н. Паганіні. Сярод вядомых расійскіх скрыпачоў XX стагоддзя: Л. Коган, Д. Ойстрах, В. Клімаў, В. Траццякоў і іншыя[1].

Скрыпка ў Беларусі

правіць

На Беларусі (паводле даследаванняў В. Грыгор’ева) ўжо ў XIV стагоддзі былі пашыраны трохструнныя смычковыя інструменты пад назвай «скрыпіца», «скрыпель», настроеныя па квінтах, з многімі прыкметамі скрыпкі. Першыя ўпамінанні скрыпкі ў беларускіх пісьмовых помніках — найбольш раннія ў Еўропе[1].

Сярод беларускіх майстроў XIX стагоддзя па вырабе скрыпак: Сянкевіч з Рэчыцы, З. Навіцкі з Мінска; у XX стагоддзі — А. Чайкоў, У. Крайко і іншыя[1].

 
Сцэнка пры карчме ў мястэчку Ула Лепельскага павета. Каля 1866 г.

Прафесійнае скрыпічнае выканальніцтва на Беларусі вядома з XVIII стагоддзя: Л. Сітанскі (Гродна), Ф. Стамплоўскі (Слонім), Я. Ценціловіч і Мацей з Карэліч (Нясвіж)[1].

 
«Скрыпач». 1913. Марк Шагал

Сярод беларускіх скрыпачоў XIX—пачатку XX стагоддзя: І. Дабравольскі, М. Ельскі, К. Кжыжаноўскі, Н. Рубінштэйн, Я. Чыжэўскі, Б. Юзафовіч; у XX стагоддзі — А. Амітон, С. Асновіч, М. Браценнікаў, А. Бяссмертны, Л. Гарэлік, Ю. Гершовіч, Г. Клачко, А. Крамароў, В. Сарока і іншыя[1].

Сярод лепшых твораў беларускіх кампазітараў для скрыпкі: канцэрты Г. Гарэлавай, П. Падкавырава, Дз. Смольскага, Р. Суруса, санаты А. Багатырова, Э. Тырманд, мініяцюры Л. Абеліёвіча, Г. Вагнера, Я. Глебава, У. Дарохіна, М. Чуркіна і іншых[1].

Крыніцы

правіць
  1. а б в г д е ё ж з і к А. Л. Капілаў, І. Дз. Назіна. Скрыпка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць