Слонімскае рэальнае вучылішча

Слонімскае рэальнае вучылішча — агульнаадукацыйная сярэдняя навучальная ўстанова ў Слоніме. Знаходзілася ў складзе Віленскай навучальнай акругі. Існавала ў 1907—1918 гадах.

Гісторыя правіць

Адкрыта 23 жніўня 1907 года як прыватнае. Утрымлівалася за кошт фінансавай дапамогі мясцовага «Грамадства па распаўсюджванню асветы паміж жыхарамі г. Слоніма і яго павета» і збораў за навучанне. 22 жніўня 1911 года рэарганізавана ў дзяржаўнае. Атрымлівала штогадовую грашовую падтрымку з казны. Плата за навучанне складала 100 руб. Мела 7 класаў. У 1911 годзе вучыліся 127 юнакоў, у 1915 годзе — 203. Штат складаўся з дырэктара, 3 закона-настаўнікаў, 12 выкладчыкаў, урача і дантыста. Сярод выкладчыкаў былі выпускнікі Маскоўскага ўніверсітэта, Кіеўскай і Разанскай духоўных семінарый, Варшаўскай 1-й гімназіі, Кіеўскага політэхнічнага інстытута, Строганаўскага мастацка-прамысловага вучылішча і інш. Выкладаліся: Закон Божы, руская, нямецкая і французская мовы, геаграфія, прыродазнаўства, гісторыя, матэматыка, фізіка, касмаграфія, маляванне, чарчэнне, музыка, спевы, рамёствы і гімнастыка. Выпускнікі мелі льготы пры паступленні ў вышэйшыя тэхнічныя і сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы, а таксама на фізіка-матэматычныя факультэты ўніверсітэтаў.

У час Першай сусветнай вайны, увосень 1915 года, пераведзена ў г. Араніенбаўм (цяпер Ламаносаў) Петраградскай губерні. Скасавана ў 1918 годзе.

Літаратура правіць