Слонімская балетная школа
Слонімская балетная школа — балетная школа, якая дзейнічала ў другой палове XVIII ст. ў г. Слонім пры тэатры Агінскага.
Гісторыя
правіцьЗ 1777 года існаваў невялікі балетны ансамбль (8 чалавек), падрыхтаваны балетмайстрам Ноакам. У 1781 годзе пад яго кіраўніцтвам укамплектавана школа (у 1785 — 18 вучняў, пасля 1790 больш).
Спачатку сярод вучняў пераважалі дзеці прыдворных музыкантаў, пазней — прыгонных сялян. Вучні атрымлівалі і некаторую агульную адукацыю.
Росквіт школы і падрыхтаванай ёю трупы звязаны з дзейнасцю балетмайстра і кампазітара Ф. Марыні (каля 1781—1788) і польскага характарнага танцоўшчыка, саліста, балетмайстра і педагога слонімскага балета Ф. Шлянцоўскага (прыехаў паміж 1785—1788, працаваў да 1792).
У 1788 годзе 4 выхаванцы выступалі ў Варшаве ў балеце «Рыбакі», у сезон 1790—1791 група (прыблізна 20 чалавек) паказала 4 спектаклі на гастролях у г. Дубна (цяпер Украіна). Слонімскі балет паспяхова канкурыраваў з каралеўскім балетам у Варшаве.
З 1792 года школа і балетная трупа пераведзены ў мястэчка Целяханы (цяпер Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці), дакладная дата іх роспуску невядома.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Слонімская балетная школа // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 668. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.