Слонімскі веснік
«Слонімскі веснік» — раённая газета Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Выходзіць 3 разы на тыдзень на беларускай і рускай мовах. Заснавальнік Слонімскі раённы выканаўчы камітэт[1]. Рэдакцыя газеты размяшчаецца ў Слоніме па вуліцы Пушкіна, 8[2].
«Слонімскі веснік» | |
---|---|
Тып | газета |
Заснавальнік | Слонімскі раённы выканаўчы камітэт[d] |
Краіна | |
Заснавана | верасень 1939 |
Мова | беларуская і руская |
Галоўны офіс | |
Вэб-сайт | slonves.by |
Гісторыя
правіцьГазета «Вольная праца» заснавана ў верасні 1939 г. як орган Часовага ўпраўлення Слонімскага павета (да 5.12.1939), затым Слонімскага павятовага камітэта КП(б)Б і павятовага выканаўчага камітэта (12.12.1939 — 25.1.1940), Слонімскага райкама КП(б)Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных Баранавіцкай вобласці (31.1.1940 — 22.6.1941)[1].
У час Вялікай Айчыннай вайны орган Слонімскага падпольнага райкама КП(б)Б. Выдавалася ў 1943—1944 гг. у партызанскім атрадзе імя Ф. Э. Дзяржынскага партызанскай брыгады імя К. К. Ракасоўскага. Друкарня і рэдакцыя размяшчаліся ў зямлянцы ў лесе «Воўчыя норы» на поўдні Слонімшчыны. Тут таксама выдаваліся газеты «За Родину» (орган Баранавіцкага падпольнага гаркама КП(б)Б) і «Барацьба»[1].
Газета выходзіла ў фармаце А4 на дзвюх ці чатырох старонках з ілюстрацыямі. Клішэ для ілюстрацый былі зроблены на бярозавых дошчачках мастаком М. М. Бяляеўскім (рабіў клішэ і для іншых падпольных газет, брашур і лістовак, афармляў насценныя газеты партызанскіх атрадаў). Вядома 30 нумароў за перыяд з 12 кастрычніка 1943 г. да 7 ліпеня 1944 г. на беларускай мове. Тыраж кожнага нумара складаў 350—800 экзэмпляраў. Рэдактары: М. Т. Анішчык, М. В. Бурсевіч (з мая 1944). Распаўсюджвалася газета з дапамогай удзельнікаў Слонімскай раённай антыфашысцкай арганізацыі[1].
Выданне інфармавала пра падзеі на франтах і ў савецкім тыле, партызанскія аперацыі на Слонімшчыне, злачынствы гітлераўцаў. У газеце друкаваліся жарты і карыкатуры на акупантаў і калабарантаў[1].
Пасля вызвалення БССР выдавалася пад той жа назвай. З 1962 г. мела назву «За перамогу камунізма». Са жніўня 1966 г. друкавалася як орган Слонімскага райкама КПБ, раённага і гарадскога Саветаў дэпутатаў працоўных (Саветы народных дэпутатаў з 1977) Гродзенскай вобласці[1].
З 1991 г. раённая газета, выходзіць пад назвай «Слонімскі веснік»[1].