Слуцкія замкі існавалі ў 15—18 стст. y г. Слуцк Мінскай вобласці. Размяшчаліся ў абалоне р. Случ. Складаліся з Верхняга (Горнага), Ніжняга (Дольнага) і Новага (Цытадэлі) замкаў.

Верхні замак правіць

 
Стары горад з Верхнім і Ніжнім замкамі (у цэнтры) на плане Максімільяна фон Фюрстэнгофа  (ням.), 1711—1736

Верхні (Горны) замак займаў прыродную выспу авальнай формы памерам 80 х 100 м, якая ўзвышалася над поймай р. Случ на 5—7 м y сутоках яе з р. Бычок. У 11—14 стст. тут размяшчаўся дзядзінец летапіснага Случаска. Першыя звесткі пра Верхні замак адносяцца да 1409 года, калі ён згадваецца як умацаванне на насыпаным «капцы» з драўлянымі сценамі і вежамі. Па перыметры пляцоўкі быў насыпаны глініста-пясчаны вал шырынёй y аснове 22 м і вышынёй больш за 4 м. 3 боку поля вал апяразваўся ровам шырынёй 25 м і глыбінёй каля 2 м. Схілы замка былі ўмацаваны дубовымі завостранымі на конус палямі даўжынёй 4—6 м. Паводле інвентарных апісанняў Слуцка за 1627, 1728, 1791, 1793 і 1800, Верхні замак займаў плошчу каля 1,5 га. Цераз абарончы роў быў перакінуты пад'ёмны мост з парэнчамі, які вёў да ўваходнай замкавай брамы. Над ёй мелася высокая вежа з гадзіннікам. На вежы знаходзіўся пакрыты пазалотай медны шар з выявай арла на ім. Замкавая брама мела 4 ярусы бою. Яшчэ ў 1791 тут размяшчаліся 3 гарматы. На восі ўезду стаяў І-павярховы палац з часаных брусоў на падмурку.

Ніжні замак правіць

 
Комплекс Верхняга і Ніжняга замкаў

Ніжні (Дольны) замак размяшчаўся на паўночным усходзе ад Верхняга замка (на месцы былога вакольнага горада) і быў аддзелены ад яго запоўненым вадой ровам. Гэты замак быў на 2—3 м ніжэйшы за Верхні і меў выгляд няправільнага чатырохвугольніка плошчай 1,9 га. Ён ахоўваўся земляным валам і драўляным парканам. Паводле інвентара 1687, тут стаялі 3 палацы, зрубленыя з часанага бруса на падмурку, вазоўня, замкавая стайня і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Верхні і Ніжні замкі абмываліся водамі р. Бычок з дапамогай плацін і штучнага рова, які злучаў р. Бычок з р. Случ. У 18 стагоддзі гэтыя замкі мелі назву «Земляны замак».

Новы замак правіць

 
Новы горад з Цытадэллю (справа) на плане Максімільяна фон Фюрстэнгофа  (ням.), 1711—1736
 
План цытадэлі

Новы замак (Цытадэль) размяшчаўся на левым беразе р. Случ на тэрыторыі Новага места (горада). Ён меў форму квадрата плошчай 1,1 га з 4 бастыёнамі і адным равелінам. На бастыёнах і курцінах стаялі драўляныя вежы, што не ўласціва для заходне-еўрапейскай бастыённай фартыфікацыі. Новы замак быў абкружаны вадзяным ровам, злучаным з р. Случ патаемным шлюзам. Уваход y цытадэль вёў цераз мост і браму, якая знаходзілася ў тоўшчы вала. Яна была 1-павярховая і мела вароты з 2 палотнішчаў, збітых з дубовых дошак. Новы замак уваходзіў y сістэму знешніх умацаванняў Слуцка 17—18 ст.

Літаратура правіць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15), С. 34-35.

Спасылкі правіць