Смаленская вайна
Для гэтага артыкула не запоўнены шаблон-картка {{Узброены канфлікт}}. |
Смаленская вайна 1632—1634 гадоў[1], Вайна Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы 1632—1634 гадоў, Руска-польская вайна 1632—1634 гадоў вялася Расіяй супраць Рэчы Паспалітай за Смаленскую, Чарнігаўскую і Северскую землі Рэчы Паспалітай[1]. Адбывалася ў час Трыццацігадовай вайны ў заходняй Еўропе. Ваенныя дзеянні былі адкрыты маскоўскім бокам 10 верасня 1632 года і былі скончаныя 14 чэрвеня 1634 года Палянаўскім мірам.
У выніку вайны да Расіі адышоў горад Сярпейск і крэпасці Трубчэўск, Ахтурка і Лебядзін, а Уладзіслаў IV атрымаў 20 тыс. рублёў за адмову ад дамаганняў на маскоўскі прастол[1] (ад тытулу «гаспадара ўсяе Русі»).
Перад вайной
правіцьВайна была пачата Расіяй як працяг барацьбы за прымежныя тэрыторыі (Смаленшчыну і Чарнігаўшчыну і інш.). Падрыхтоўка да яе вялася з разлікам на тое, што каталіцкія дзяржавы Еўропы, звязаныя Трыццацігадоваю вайною, не змогуць дапамагчы свайму натуральнаму (каталіцкаму) саюзніку на ўсходзе — Рэчы Паспалітай.
З іншага боку, Масква разлічвала на дапамогу Швецыі і Турцыі — праціўнікаў каталіцкіх дзяржаў-камбатантаў. Сапраўды, не зважаючы на Альтмаркскі дагавор Швецыі і Рэчы Паспалітай (1629), Швецыя ажыццяўляла з 1630 года ваенна-тэхнічную дапамогу Масковіі ўзамен за пастаўкі хлеба па ільготных цэнах. Аднак, фармальнага пагаднення па ваенным узаемадзеянні са Швецыяй і Турцыяй не было дасягнута — наадварот, напрыклад, крымскія татары (саюзнікі Турцыі) не раз нападалі на маскоўскія землі (чэрвень 1632, май-чэрвень 1633). Рыхтуючыся да вайны, Маскоўскае царства ажыццяўляла пераўзбраенне і пашырэнне і рэарганізацыю свайго войска (Гл. таксама: полк новага строю), і кіраўнічыя колы меркавалі, што да вайны гатовыя, з чым, аднак, не згаджаліся іншаземныя спецыялісты (шведскі рэзідэнт І. Мелер, 1632). Не выключана, што варожая да Масквы пазіцыя крымскіх татараў была падрыхтавана дзеяннямі эмісараў ураду Рэчы Паспалітай яшчэ вясной 1632.
Ваенныя дзеянні
правіцьПачатак вайны
правіцьМаскоўскі цар Міхаіл Раманаў скарыстаў бескаралеўе, што пачалося ў Рэчы Паспалітай пасля смерці 30 красавіка 1632 года Жыгімонта IV і накіраваў пад Смаленск 24-тысячнае[2] войска пад загадам ваяводы Міхайлы Шэіна[1]. Масква паспяшалася дэманстрацыйна парушыць умовы Дэўлінскага перамір’я (1618). Пастанову аб дачасным пачатку вайны падтрымаў і Земскі сабор (чэрвень 1632). Татарскі напад на паўднёвыя землі Маскоўскага царства ў чэрвені 1632 не сарваў пачатку вайны, але запаволіў выхад маскоўскіх войскаў на месца збору пад Мажайскам (перадавыя часткі — 3 жніўня 1632; асноўныя сілы, на чале з баярынам Міхайлам Шэіным, — 9 жніўня 1632), а потым — іх паход на Смаленск. Фармальны загад аб пачатку ваенных дзеянняў быў атрыманы Шэіным 10 верасня.
За кастрычнік—снежань 1632 маскоўскія войскі занялі гарады: Сярпейск, Дарагабуж, Белы, Рослаў, Трубецк, Старадуб, Почап, Ноўгарад-Северскі, Батурын, Невель, Себеж, Красны і інш.
У снежні 1632 армія Шэіна дасягнула колькасці 32 тыс.ч. пры 151 гармаце[3]. У студзені 1633 года маскоўскае войска пачало аблогу Смаленска[1]. Гарнізонам горада з 2 тыс. чалавек, якім ні ставала пораху, загадваў смаленскі падваявода князь Самуэль Друцкі-Саколінскі[4]. Аднак аблога стала няўдалаю, бо польны гетман Вялікага Княства Літоўскага Крыштоф Радзівіл перакінуў у горад падмогу[1]. Яго войска, што стаяла ля вёсак Краснае і Баева за 40 км ад Смаленска, налічвала разам з атрадам смаленскага ваяводы Аляксандра Гасеўскага[5] 4,5 тыс. чалавек.
Ваенныя дзеянні адбываліся і на іншых кірунках, пераважна ў форме набегаў. Так, на паўднёвым кірунку войска Рэчы Паспалітай зрабіла паходы ў Себежскі павет і пад Пуціўль у канцы снежня 1632 — пач. студзеня 1633, прайграўшы баі на рацэ Арлее і пад Себежам; напады на Пуціўль (люты і май 1633), Старадуб (сакавік 1633), Ноўгарад-Северскі (красавік 1633); паход на Валуйкі і Белгарад запарожскага войска палкоўніка Я. Астраніна (чэрвень 1633). На пскоўскім кірунку маскоўскае войска зрабіла паходы: на Полацк (моцна разбураючы горад і наваколле, май—чэрвень 1633), на віцебскія і ўсвяцкія землі. У чэрвені 1633 года маскоўскае войска захапіла Прапойск, пасады Мсціслава і Крычава[1].
Пералом
правіцьПералом у ваенных дзеяннях адбыўся за летам—восеню 1633, калі быў здзейснены рад нападаў войскаў Рэчы Паспалітай, Запарожжа і крымскіх татараў на пскоўскім і паўднёвым кірунку, што, відавочна, мела на мэце адцягнуць увагу маскоўскіх военачальнікаў ад Смаленска.
Тымчасам, новаабраны кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV сабраў войска пад Варшавай і вывеў яго ў паход (9 мая 1633) на дапамогу Смаленску. 25-тысячнае войска Рэчы Паспалітай падыйшло да Смаленска 25 жніўня 1633. У выніку колькіх бітв войска на чале з Уладзіславам IV у верасні адцясніла маскоўскае войска ад горада (таксама: бітва пры Пакроўскай гары) і неўзабаве акружыла маскоўскі ўмацаваны табар пад Смаленскам. Да таго ж атрад, пасланы Уладзіславам IV у Дарагабуж, знішчыў запасы харчавання, што прызначаліся рэзерву маскоўскага войска, якія выйшлі на дапамогу арміі Шэіна[1]. Тым самым маскоўскі рэзерв запынілі пад Дарагабужам. Тымчасам, войска Рэчы Паспалітай было ўзмоцнена запарожскай арміяй (20 тыс.ч.; кам. гетман Т. Арандоранка).
Пасля 4 месяцаў баёў у акружэнні 15 лютага 1634 года маскоўскі ваявода Міхаіл Шэін пачаў перагаворы аб умовах здачы і 21 лютага падпісаў акт аб ганаровай капітуляцыі перад польным гетманам ВКЛ Крыштофам Радзівілам. Паводле ўмоў здачы рэшткі маскоўскага войска (8 тыс. чалавек) адступалі да дзяржаўнай мяжы з асабістай зброяй, але пакідалі ўсе 123 гарматы, 129 штандараў[1], запасы і рыштунак, а таксама выдавалі ўсіх перабежчыкаў з войска Рэчы Паспалітай. 2 тыс. хворых і параненых маскоўскае войска пакінула ў табары. Па прыбыцці ў Маскву Міхайлу Шэіна абвінавацілі ў здрадзе і пакаралі смерцю.
На іншых кірунках у пач. 1634 войскі Рэчы Паспалітай і Маскоўскага царства працягвалі дзейнічаць набегамі (паходы войска Рэчы Паспалітай пад Себеж, студзень 1634; пад Вялікія Лукі, вясна 1634; паход маскоўскага войска пад Азярышча, май 1634), адбыліся паспяховыя для маскоўкага боку баі пад Вялікім Лукамі (29.3.1634), пад Азярышчам (май 1634).
У Маскве пачалося (1634) фарміраванне новай раці (на чале з князямі Д. М. Чаркаскім і Д. М. Пажарскім), але гэтае войска не было скіравана на фронт, бо Масква не жадала страціць сваю апошнюю значную ваенную сілу. Войска Рэчы Паспалітай, развязаўшыся пад Смаленскам, рушыла ў наступленне на тэрыторыю Маскоўскага царства, але было спынена зацятай абаронай гораду-крэпасці Белы.
Канец вайны
правіцьНяўдачы пад Белым паспрыялі зробленым яшчэ ў лютым 1634 маскоўскім прапановам аб міры, і ў выніку перагавораў уклалі (4 чэрвеня 1634) Палянаўскі мір. У выніку вайны да Расіі адышоў горад Сярпейск з уездам.
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з Анатоль Грыцкевіч. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—1634 // Вялікае княства Літоўскае : Энцыклапедыя. У 2 т. Т.1 : Абаленскі—Кадэнцыя / Рэдкал. : Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. З. Э. Герасімовіч. — 2-е выд. — Мінск : БелЭн, 2007. — 668 с. : іл. ISBN 978-985-11-0393-1 — Старонкі 372—373.
- ↑ «Перечневая роспись ратных людей под Смоленском 141-го года» Меньшиков Д. Н. Затишье перед бурей. Боевые действия под Смоленском в июле-августе 1633 года // Война и оружие: Новые исследования и материалы. Научно-практическая конференция 12-14 мая 2010 г. СПб., 2010. Ч. II. С. 107
- ↑ Таксама мелася 7 верхавых гармат, аднак цяжкая артылерыя трапіла на фронт толькі ў сакавіку 1633
- ↑ Вячаслаў Насевіч. Друцкія-Саколінскія // Вялікае княства Літоўскае : Энцыклапедыя. У 2 т. Т.1 : Абаленскі—Кадэнцыя — Старонка 603.
- ↑ Вячаслаў Насевіч. Гасеўскія // Вялікае княства Літоўскае : Энцыклапедыя. У 2 т. Т.1 : Абаленскі—Кадэнцыя — Старонка 516.
Літаратура
правіць- В. А. Волков. Смоленская война. — [Volkov11.pdf У Сеціве].