Смаргонская мядзведжая акадэмія
«Смаргонская акадэмія» — жартоўная назва промысла адлову і дрэсіроўкі мядзведзяў, заснаванага князямі Радзівіламі ў Смаргоні; адна са школ беларускіх скамарохаў.
Промысел існаваў з XVII ст. да канца XVII ст., паводле іншых звестак — да пачатку ХІХ ст. Мядзведзяў дрэсіравалі паблізу Смаргоні (на г.зв. «французскіх узгорках») у некалькі этапаў. Спачатку маладых мядзведзяў вучылі «танцаваць», для чаго саджалі па 2—3 у адмысловую клетку, у якой падагравалася дно, і прывучалі стаяць на задніх лапах, перамінацца з адной лапы на другую (болевы рэфлекс пад удары бубна, мелодыю дуды і іншых інструментаў), потым вучылі барукацца, кланяцца. Павадыры («мядзведнікі») з вучонымі звярамі хадзілі па заробкі на кірмашы Расіі, Венгрыі, Германіі і іншых краін, вялі прыбытковы гандаль дрэсіраванымі мядзведзямі. Сцэна з дрэсіраваным мядзведзем была і ў батлейцы, паказвалі лялек — скамароха і мядзведзя, якіх называлі «смаргонскі вучыцель з вучнем» (1902, Міншчына).
Падобныя акадэміі былі і ў іншых гарадах. Паводле гарадскіх інвентароў[1], у Глыбокім на пачатку XVIII ст. сярод рамеснікаў былі скамарохі і мядзведнікі (каля дзесяці чалавек). Вядома, што з канца XV ст. і да пачатку XIX ст. Глыбокае і Смаргонь належалі адным уладальнікам -- спачатку Зяновічам, а з 1628 года Радзівілам. Раней прынята было лічыць, што мядзведжая акадэмія ў Смаргоні заснавана Радзівіламі, але навейшыя звесткі паказваюць на Зяновічаў, як заснавальнікаў і Радзівілаў, як пераемнікаў гэтай справы.

У 2004 годзе прыняты герб Смаргоні -- сярэбраным полі на чырвонай рашотцы чорны мядзведзь, якім стаіць на задніх лапах і трымае ў пярэдніх лапах герб Радзівілаў. За аснову гербавага сюжэту ўзяты факт існавання «Смаргонскай акадэміі»[2][3].
Зноскі
- ↑ http://spadchyna.glubmusej.by/be/nasha-spadchyna/znakamityya-zemlyaki/289-glybotskiya-dudary-myadzvedniki
- ↑ Пра ўстанову афіцыйных геральдычных сімвалаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Гродзенскай вобласці: Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 снежня 2004 г. №590. Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 4 лютага 2012. Праверана 30 красавіка 2009.
- ↑ Смаргонь. Геральдыка Беларусі. Архівавана з першакрыніцы 26 жніўня 2011. Праверана 30 красавіка 2009.
ЛітаратураПравіць
- Барышаў Г. «Смаргонская акадэмія» //Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8.
- Смаргонская акадэмія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо. С. 50.