Смаргонь франтавая

«Смаргонь франтавая» — беларускае грамадскае аб’яднанне, якое займалася захаваннем памяці Першай сусветнай вайны.

Смаргонь франтавая
Краіна Беларусь
Адміністрацыйны цэнтр Смаргонь
Тып арганізацыі грамадскае аб’яднанне[d]
Кіраўнікі
Кіраўнік Ігар Паўлаў
Заснаванне
Дата заснавання 2010
Ліквідацыя
Дата скасавання 4 ліпеня 2023
smorgonfrontovaya.orgs.biz

Гісторыя

правіць

Заснавальнікам аб’яднання стаў расійскі бізнесмен[1][2], каталік Ігар Паўлаў, які доўгі час пражыў у Самары[3]. Яго прадзед, ураджэнец Астравеччыны Іосіф Францавіч Лаўрыновіч[1], у складзе народнага апалчэння[1][4] ўдзельнічаў у баях пад Смаргонню[3]. Гэты факт мужчына выявіў у 2010 годзе, калі займаўся даследаваннем сямейнага дрэва[1].

У тым жа годзе Паўлаў сабраў групу энтузіястаў, каб увекавечыць памяць аб абароне Смаргоні[2][5]. Арганізацыя занялася аднаўленчымі работамі месцаў баёў Першай сусветнай на Смаргоншчыне: праводзіла расчыстку траншэй, варанок ад снарадаў, дотаў. Акрамя таго, аб’яднанне занялося аніміраванымі экскурсіямі з рэканструкцыямі бітвы, а кіраўнік групы Паўлаў па чарцяжах асабіста сабраў бронемабіль «Руса-Балт»[4].

Асабліва шмат намаганняў група ўклала ў аднаўленчыя работы абарончых ліній на т. зв. «Залатой горцы» (вышыні 72,9[3][4][2])[6], чым займалася з 2014 года[1]. Раней мясцовасць зарасла хмызнякамі[4], паколькі ў савецкі час гісторыя Першай сусветнай вайны была непапулярная, а жыхароў Смаргоні ўжо нічога не звязвала з ваеннымі падзеямі. Таму месца стала паступова ператварацца ў звычайны гарадскі сметнік. Членамі аб’яднання прыбрана ўсё смецце з траншэй на Залатой горцы. Толькі каб ачысціць варонку на месцы вышыні, якую займалі нямецкія артылерысты, прыйшлося вывезці восем лесавозаў буралому, які назапасіўся за стагоддзе. Аднак мясцовыя ўлады выпісалі энтузіястам штраф у 15 тысяч долараў за пашкоджанне ляснога покрыва. Дзякуючы ўмяшанню чыноўнікаў з Мінска пытанне са штрафам было закрыта. Пасля «Смаргонь франтавая» стала арганізоўваць экскурсіі для турыстаў на Залатую горку[3]. На падставе нямецкіх архіваў група вычысціла і аднавіла падземныя хады. Ініцыяваная ўстаноўка шэрагу помнікаў. Акрамя гэтага, «Смаргонь франтавая» праводзіла гістарычныя фестывалі і рэканструкцыі, малебны[4]. У памяць пра загінуўшых тут кайзераўскіх салдатах усталяваны лютэранскі крыж, а на рускіх пазіцыях – праваслаўны. Фінансаванне ішло з асабістай кішэні Паўлава[1] і іншых членаў[5].

Таксама члены аб’яднання змагаліся з выпадкамі вандалізму і чорнага капальніцтва[1].

У 2016 годзе, калі па лініі ўдзелу ў атрыманні еўрапейскіх грантаў на развіццё турыстычных кластараў Смаргонскі райвыканкам атрымаў 48 тысяч еўра, 6 тысяч выдзелена на патрэбы «Смаргоні франтавой»[7].

Па даных Адзінага дзяржаўнага рэестра, аб’яднанне знаходзілася ў працэсе ліквідацыі з 2019 года (па рашэнні ўласніка). 4 ліпеня 2023 года «Смаргонь франтавая» была ліквідавана праз Гродзенскі абласны суд (пазоўнік — інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах па Смаргонскім раёне)[2]. Як казаў сам Паўлаў у 2019 годзе[5]:

  Калі шчыра, бізнес мой паваліўся, таму фінансаваць усё з уласных сродкаў я больш не мог. А правядзем экскурсію — і ёсць у нас нейкая капейка, каб заправіць бензапілы, машыны і выехаць на аб’ект падтрымліваць яго належны выгляд.  

Гл. таксама

правіць

Крыніцы

правіць
  1. а б в г д е ё Сергей Харитонов. Пили вино, а потом расходились друг в друга стрелять". Бизнесмен восстанавливает в Беларуси места боев Первой мировой // Настоящее время, 14 ноября 2018
  2. а б в г Ліквідуюць аб’яднанне «Смаргонь Франтавая». У арганізацыі захоўвалі гісторыю Першай сусветнай вайны // Hrodna.life, 27 чэрвеня 2023
  3. а б в г Баі пад Смаргонню: як выглядаюць рэстаўрыраваныя бліндажы Першай сусветнай // Sputnik, 01.08.2021
  4. а б в г д Айсел Езепчик. Тропой забытой Первой мировой войны отправились представители гродненских туристических фирм // УПРАВЛЕНИЕ СПОРТА И ТУРИЗМА ГРОДНЕНСКОГО ОБЛИСПОЛКОМА, 18 июля 2018
  5. а б в В Беларуси была своя янтарная комната? Как под Сморгонью энтузиаст восстанавливает места боёв Первой мировой
  6. Под Сморгонью появиться новая туристическая локация
  7. Татьяна Кондратьева. В Сморгони возрождают оборонительную линию «Золотая горка» времен Первой мировой // СБ. Беларусь сегодня, 17 февраля 2017

Спасылкі

правіць