Спалецкае герцагства
Спалецкае герцагства — феадальная дзяржава са сталіцай у Спалета, якая існавала ў Цэнтральнай Італіі ў 570—776 і 842—1201 гадах, пасля чаго ўвайшла ў склад Папскай вобласці.
Герцагства | |
Спалецкае герцагства | |
---|---|
лац.: Ducatus Spolitanorum італ.: Ducato di Spoleto | |
|
|
|
|
Сталіца | Спалета |
Мова(ы) | італьянская |
Форма кіравання | манархія |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Лангабардская дзяржава
правіцьУ 568 годзе ў Італію ўварваліся лангабарды і заваявалі яе. Іх дзяржава была кангламератам герцагстваў, якія знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад караля, двор якога з 572 года знаходзіўся ў Павіі. У 570 годзе лангабарды захапілі Спалета. Аднак пасля смерці караля Альбаіна, яшчэ пры жыцці яго слабога спадчынніка Клефа, герцагствы, асабліва ў Паўднёвай Італіі, сталі абвяшчаць сябе незалежнымі ад караля. Да 575 ці 576 годзе адзін з правадыроў лангабардаў Фараальд заваяваў Нурсію і Спалета, і заснаваў самастойнае герцагства. Фараальд аднавіў абарончыя збудаванні горада, разбураныя ў час візантыйска-гоцкіх войнаў Тотылам.
Герцагі Спалета вялі няспынную вайну з Равенскім экзархатам, які быў падпарадкаваны Візантыі, перыядычна пашыраючы сваю тэрыторыю за кошт зямель Умбрыі, Лацыа, Абруцы і Анконскай маркі і страчваючы свае заваяванні.
Другі герцаг Спалета Арыульф ваяваў з Візантыяй, здзейсніўшы ваенныя паходы супраць Равены (579—592) і Рыма (592).
Яго пераемнік Тэадэлап, сын Фараальда, пачаў будаваць Спалецкі сабор. У Спалета ўжо з IV стагоддзя была біскупская кафедра.
Пасля яго кіравалі герцагі Ато (653—663), Тразімунд I (663—703) і Фараальд II (703—724). Апошні напаў на Класіс, порт Равены, і спаліў яго, хоць пазней па загадзе караля лангабардаў Ліўтпранда вымушаны быў аднавіць яго.
У 724 годзе Фараальд быў скінуты сваім сынам Тразімундам II, які ў процівагу Ліўтпранду заключыў саюз з Папам Грыгорыем III. Папа ж і даў яму прытулак у 738 годзе, калі Ліўтпранд выйграў вайну, захапіўшы Спалета і прызначыўшы герцагам Хільдэрыка. У 740 годзе Тразімунду ўдалося забіць Хільдэрыка, але ў 742 годзе ён быў вымушаны Ліўтпрандам сысці ў манастыр, а новым герцагам быў прызначаны Агіпранд.
Кароль Ліўтпранд памёр у 744 годзе, забяспечыўшы залежнасць Спалета ад Павіі, так што далейшая змена ўлады не ўяўляла праблем для ламбардскіх каралёў. У VIII стагоддзі тры герцагі Спалета былі каралямі, што паказвае цесную сувязь паміж Спалета і Павіяй.
Імперскі феод
правіцьУ 776 годзе, праз два гады пасля Павіі, Спалета здаўся войскам Карла Вялікага, які фармальна стаў ламбардскім каралём. Тэрыторыя герцагства была перададзена царкве, але Карл захаваў за сабой права прызначаць герцагаў.
У 842 годзе герцагства было адноўлена франкамі для абароны памежнай тэрыторыі Франкскай дзяржавы[1]. Спалета кіраваў залежны ад франкаў маркграф.
Герцаг Гвіда I з дынастыі Гвіданідаў у 859 годзе падзяліў герцагства паміж двума сваімі сынамі, Ламбертам II і Гвіда III, пры гэтым апошні стаў кіраўніком незалежнага маркграфства Камерына. Ламберт вымушаны быў адбіваць атакі сарацынаў з Барыйскага эмірата і візантыйцаў. У 871 годзе ён быў скінуты, у 876 годзе вярнуўся на трон, а ў 880 годзе адлучаны ад царквы Папам Іаанам VIII. Пасля гэтага яго брат аб’яднаў дзве часткі былога герцагства пад сваім кіраваннем. З тых часоў дзяржава была вядома як герцагства Спалета і Камерына.
Пасля смерці Карла Тоўстага Папа Стэфан V каранаваў Гвіда III каралём Італіі і імператарам Захаду. У наступным годзе Папа Фармоз каранаваў яго сына Ламберта III, таксама спалецкага герцага, які стаў суправіцелем Гвіда.
Спалецкія герцагі працягвалі ўмешвацца ў справы Рыма. Так, герцаг Камерына, а пасля і герцаг Спалета, Альберых I, ажаніўся з рымлянкай Марозіяй, палюбоўніцай Папы Сергія III, і паспрабаваў захапіць уладу над Рымам, але быў забіты ў 924 годзе.
У 939 годзе Берэнгар II, імператар і кароль Італіі, ізноў вылучыў Спалета як маркграфства, але пазней імператар Атон I перадаў большую частку зямель герцагства Рыму. Герцагства ўсё больш і больш станавілася разменнай манетай для імператараў.
У 967 годзе Атон II Руды на кароткі час аб’яднаў Спалета, Беневента і Капую, і прызначыў князя Беневента Пандульфа I герцагам Спалета. Пасля смерці Пандульфа ў 989 годзе ён перадаў Спалета маркграфу Тасканы Гуга Вялікаму. Герцагства зноў было аб’яднана з Тасканай у 1057 годзе латарынгскім герцагам Годфрыдам Барадатым, які ажаніўся з удавой спалецкага герцага Беатрысай.
У час Барацьбы за інвестытуру спалецкіх герцагаў прызначаў імператар Генрых IV, а затым маркграфства перайшло да сямейства Урслінген, маркграфаў Анконы.
У 1155 годзе горад быў разбураны імператарам Фрыдрыхам Барбаросай, але хутка адноўлены.
У 1158 годзе імператар перадаў герцагства тасканскаму маркграфу Вельфу VI, а Генрых VI прызначыў герцагам Конрада Урслінгена.
У 1201 годзе імператар Атон IV падарыў Спалета Папу Рымскаму, і з 1213 года горад кіраваўся губернатарам (звычайна ў рангу кардынала), непасрэдна падпарадкаваным папу.
Іншыя землі герцагства адышлі да Неапалітанскага каралеўства. Каралі Савойскай дынастыі насілі тытул Спалецкіх герцагаў.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ Грегоровиус Ф. История города Рима в Средние века. — С. 379—380.
Літаратура
правіць- Грегоровиус Ф. История города Рима в Средние века (от V до XVI столетия) (руск.) / Пер. с нем. М. Литвинова, В. Линде, В. Савина. — М.: Альфа-книга, 2008. — 1280 с. — (Полное издание в одном томе). — 6 000 экз. — ISBN 978-5-9922-0191-8.
Спасылкі
правіць- Northern Italy: Dukes and marchesi of Spoleto (англ.). Foundation for Medieval Genealogy. Архівавана з першакрыніцы 21 сакавіка 2012. Праверана 29 верасня 2013.
- Lombard Dukes of Spoleto, 570—774 з The History Files
- Spoleto у Каталіцкай Энцыклапедыі