Спаса-Праабражэнская царква (Міронім)
Спаса-Праабражэнская царква — праваслаўны храм у вёсцы Міронім Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Знаходзіцца на паўднёвай ускраіне вёскі.
Праваслаўны храм | |
Спаса-Праабражэнская царква | |
---|---|
52°56′46,85″ пн. ш. 25°25′56,66″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Міронім |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Пінская і Лунінецкая |
Благачынне | Івацэвіцкае |
Архітэктурны стыль | рэтраспектыўна-рускі |
Будаўнік | Леанард Аўгусцінавіч Кржыжаноўскі |
Архітэктар | Г. М. Меер |
Будаўніцтва | 1866—1869 гады |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000313 |
Стан | дзейнічае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьПабудавана ў 1866—1869 гадах з бутавага каменю і цэглы на месцы драўлянай царквы 1752 года[1]. Праект складзены 15 верасня 1865 года архітэктарам Г. М. Меерам[2]. Будаўніцтвам храма кіраваў грамадзянскі інжынер Леанард Кржыжаноўскі[2].
У 1894 годзе прыхаджане на свае ахвяраванні паставілі вакол храма мураваную агароджу з брамай, над аркай якой абраз «Спас Нерукатворны».
Архітэктура
правіцьПомнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Чатырохчасткавая падоўжна-восевая аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя царквы складаецца з трох’яруснай (васьмярык на 2 чацверыках) званіцы, прамавугольнай у плане трапезнай, кубападобнага са скошанымі вугламі асноўнага аб’ёму, пяціграннай апсіды. У сілуэце храма дамінуюць цыбулепадобныя купалы на шатры званіцы і гранёным барабане над васьмісхільным пакатым дахам асноўнага аб’ёму. Ніжні і верхні ярусы званіцы акаймаваны паясамі трохвугольных франтончыкаў. Галоўны ўваход вырашаны шырокім арачным парталам.
Каларыстычнае рашэнне заснавана на спалучэнні паліхромнай бутавай муроўкі сцен з атынкаванымі элементамі архітэктурнага дэкору, які ўключае вуглавыя лапаткі, плоскія з руставанымі імпастамі ліштвы арачных аконных праёмаў, карнізы і цягі, філёнгавы цокаль.
Малітоўная зала перакрыта парусным скляпеннем. Алтарная частка вылучана трох’ярусным драўляным іканастасам, спраектаваным ў 1868 годзе архітэктарам Кржыжаноўскім[3].
Зноскі
- ↑ Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна, ф. 97, воп. 1, спр. 13, арк. 2.
- ↑ а б Кулагин А. Н. Архивные сведения о гродненских зодчих XIX — начала XX веков // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Выпуск 23. — Мінск, «Права і эканоміка». — 2017. — С. 47—49
- ↑ Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна ф. 97, воп. 1, спр. 13, арк. 49.
Літаратура
правіць- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Брэсцкая вобласць. — 368 с., іл. — С. 211—212.
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Спаса-Праабражэнская царква (Міронім)
- Спаса-Праабражэнская царква (Міронім) на сайце Radzima.org
- Спаса-Праабражэнская царква (Міронім) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Спаса-Праабражэнская царква (Міронім) на сайце «Архіварта»