Спаса-Праабражэнскі сабор (Слонім)
Спаса-Праабражэнскі сабор — праваслаўны храм у г. Слонім, размешчаны па адрасе вул. Пушкіна, 1.
Праваслаўны храм | |
Спаса-Праабражэнскі сабор | |
---|---|
53°05′46,52″ пн. ш. 25°19′04,52″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Слонім |
Канфесія | Беларуская праваслаўная царква |
Епархія | Слонімская |
Тып будынка | сабор |
Архітэктурны стыль | барока |
Заснавальнік | Я. С. Сапега |
Дата заснавання | 1635 |
Дата скасавання | 1950 |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Г000507 |
Матэрыял | цэгла |
Стан | адноўлены |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьПабудаваны ў пачатку ХІХ ст. з цэглы на месцы касцёла канонікаў латэранскіх рэгулярных XVII ст., заснаванага ў 1635 годзе пінскім біскупам Яўхімам Гарбацкім і Я. С. Сапегам (старэйшы сын канцлера Л. І. Сапегі) з наданнем маёнтка Дарава. Верагодна, волю памерлага брата выканаў у 1650 годзе падканцлер вялікі літоўскі, староста слонімскі К. Л. Сапега. Кляштарны комплекс знаходзіўся на краі Рыначнай плошчы. Займаў квартал паміж вуліцамі Студэнцкай і Панасаўскай, уключаў мураваны касцёл Божага Цела, 2-павярховы жылы і аднапавярховы гаспадарчы карпусы, сад, агарод. Касцёл, пабудаваны ў рэнесансным стылі, меў шчытавы фасад, гранёную апсіду, бакавыя капліцы. Кляштар скасаваны ў 1832 годзе і зруйнаваны, касцёл быў перароблены пад Спаса-Праабражэнскі праваслаўны сабор.
Архітэктура
правіцьАрхітэктурна-стылёвай і кампазіцыйнай асновай храма з'яўляецца папярэдні барочны касцёл. Выцягнуты па падоўжанай планіровачнай восі крыжова-купальны храм з паўкруглай апсідай і бакавымі рызніцамі. Над сяродкрыжжам двухсхільных дахаў узведзены васьмігранны барабан, накрыты самкнутым сферычным купалам з цыбулепадобнай галоўкай у завяршэнні і адзначаны па вуглах такімі ж галоўкамі на васьмігранных шыях. Тарцы аб'ёмаў завершаны двух'яруснымі крапаванымі лапаткамі і барочнымі франтонамі. Фасад фланкіраваны чатырохграннымі выступамі вежаў з макаўкамі ў завяршэнні і вылучаны па цэнтры нізкім прамавугольным прытворам пад двухсхільным дахам. Бакавыя фасады расчлянёны высока ўзнятымі арачнымі праёмамі і пілонамі-контрфорсамі ў прасценках. Перад храмам узведзена трох'ярусная (васьмярык на 2 чацверыках) вежа-званіца, завершаная цыбулепадобным купалам.
Літаратура
правіць- Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007. -стар. 369.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Слонімскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 2004.— 752 с.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Спаса-Праабражэнскі сабор (Слонім)
- Спаса-Праабражэнскі сабор (Слонім) на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)
- Спаса-Праабражэнскі сабор (Слонім) на сайце Radzima.org
- Спаса-Праабражэнскі сабор (Слонім) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Спаса-Праабражэнскі сабор (Слонім) на сайце «Архіварта»