Спінны мозг
Спінны мозг — аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, размешчаны ў пазваночным канале.
Спінны мозг | |
---|---|
Развіццё анатамічнай структуры | spinal cord development[d] |
Злучаецца з | |
Код NCI Thesaurus | C12464 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Будова
правіцьСпінны мозг уяўляе сабой цыліндрычны, крыху ўплошчаны ў пярэднезаднім напрамку, цяж (у чалавека даўжынёй каля 45 см). Зверху ён пераходзіць у прадаўгаваты мозг (аддзел галаўнога мозга). Спінны мозг акружаны трыма абалонкамі. Паміж унутранай і сярэдняй абалонкамі маецца прастора, запоўненая спіннамазгавой вадкасцю. Гэта вадкасць утварае ахоўную механічную «падушку» вакол мозга, удзельнічае ў выдаленні прадуктаў абмену і падтрымцы ўнутрычарапнога ціску.
Спінны мозг складаецца з шэрага і белага рэчываў.
Шэрае рэчыва прадстаўлена целамі нейронаў. На папярочным разрэзе спіннога мозга яно мае выгляд крылаў матылька. У ім адрозніваюць пярэднія і заднія рогі. У пярэдніх, рогах размешчаны целы рухальных нейронаў, у задніх — уставачных. У грудным аддзеле спіннога мозга паміж пярэднімі і заднімі рогамі маюцца бакавыя рогі.
Белае рэчыва — гэта нервовыя валокны. Яны ўтвараюць узыходныя і сыходныя праводзячыя шляхі, па якіх узбуджэнне дастаўляецца ў галаўны і спінны мозг.
Спінны мозг чалавека мае сегментарную будову (усяго 31 сегмент). Сегмент — гэта ўчастак спіннога мозга, які мае два пярэднія і два заднія карэньчыкі. Пярэднія — рухальныя карэньчыкі — утвораны аксонамі рухальных нейронаў; заднія — адчувальныя — сфарміраваны з аксонаў адчувальных нейронаў. Пярэднія і заднія карэньчыкі па-за межамі пазваночнага канала зліваюцца ў спіннамазгавы нерв. Ад спіннога мозга адыходзіць 31 пара спіннамазгавых нерваў (у адпаведнасці з колькасцю сегментаў). Гэта змешаныя нервы, яны ўтвораны рознымі валокнамі: адчувальнымі, рухальнымі і валокнамі аўтаномнай нервовай сістэмы.
Ад сегментаў шыйнай і верхняй грудной частак спіннога мозга адыходзяць нервы да мышцаў галавы і верхніх канечнасцей, да органаў грудной поласці, сэрца і лёгкіх. Астатнія сегменты грудной і паяснічнай частак кіруюць мышцамі тулава і органамі брушной поласці, ніжнія паяснічныя і крыжавыя сегменты спіннога мозга — мышцамі ніжніх канечнасцей і органамі ніжняй часткі брушной поласці.
Функцыі
правіцьСпінны мозг выконвае дзве асноўныя функцыі: рэфлекторную і правадніковую.
У шэрым рэчыве спіннога мозга замыкаецца мноства рэфлексаў (згібальныя, разгібальныя, сухажыльныя, падтрымання паставы і г.д.). Рэфлекторная функцыя заключаецца ў тым, што спінны мозг забяспечвае ажыццяўленне самых простых рухальных рэфлексаў (згібанне і разгібанне канечнасцей), а таксама больш складаных рухаў, якія кантралююцца, акрамя таго, і галаўным мозгам. У спінным мозгу размешчаны цэнтры ўсіх рухальных міжвольных (якія адбываюцца без удзелу свядомасці) рэфлексаў; цэнтры аўтаномнай нервовай сістэмы, што рэгулююць функцыі сэрца і бронхаў, акты мочавыдзялення, дэфекацыі і інш.
Спінны мозг перадае імпульсы па праводзячых шляхах да ніжэй- і вышэйляжачых структур нервовай сістэмы. У чалавека толькі простыя рухальныя акты кантралююцца спінным мозгам. Складаныя рухі (хадзьба, пісьмо і іншыя навыкі) патрабуюць абавязковага ўдзелу галаўнога мозга. Адсюль да нейронаў спіннога мозга прыходзяць узбуджальныя або тармозячыя сігналы.
Пры парушэнні сувязі паміж спінным і галаўным мозгам, што бывае пры пашкоджаннях пазваночніка, адбываецца спінальны шок. Пры гэтым усе рэфлексы, цэнтры якіх ляжаць ніжэй месца пашкоджання спіннога мозга, знікаюць і міжвольныя рухі робяцца немагчымымі. У такіх выпадках гавораць пра параліч.
Зноскі
Літаратура
правіць- Машчанка М. В. Біялогія: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агульн. сярэдн. адукацыі з бел. мовай навучання / М. В. Машчанка, А. Л. Барысаў; пер. з рус. мовы В. У. Клімко. — 3-е выд. — Мн.: Народная асвета, 2011. — ISBN 978-985-03-1531-1.
- Леанцюк А. С. Спінны мозг // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 114. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
Спасылкі
правіцьСпінны мозг на Вікісховішчы |