Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх
Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх — гістарычна-геаграфічны твор канца 14 ст., у якім змешчаны пералік «рускіх» гарадоў Усходняй Еўропы, часам з кароткімі тлумачэннямі (колькі ў іх «каменных сцен» і на якой рацэ яны стаяць). Гарады падзелены на групы: балгарскія і валошскія, польскія (падольскія), кіеўскія, валынскія, літоўскія, смаленскія, разанскія, залескія; агулам названа 358 гарадоў.
Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх |
---|
«Спіс» захаваўся ў складзе рускіх летапісаў сярэдзіны 15 — пачатку 17 ст. Мяркуецца, што ён складзены ў канцылярыі мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі Кіпрыяна на аснове больш ранніх спісаў і адлюстроўвае населеныя пункты, падначаленыя ўладзе праваслаўнага («рускага») мітрапаліта. Беларускія гарады ў асноўным уключаны ў раздзел «літоўскія гарады». Сярод іх «Рша камен» (Орша з мураваным замкам), «Полтеск на Двине и на Полоте древян, а святая Софиа каменна о седми версех», «Видбеск, 3 стены камены, а река Видба и Двина», «Крев камен», Слуцк, Менск, Новагародак і іншыя. Адзін раз упамінаюцца і не лакалізуюцца на сучаснай карце гарады Беразуеск, Няміза, Мчэнеск. Шмат беларускіх гарадоў упамянута сярод кіеўскіх: Гомель, Магілёў, Рэчыца, Капыль, Тураў і іншыя. Сярод валынскіх гарадоў адзначаны Пінск, Берасце і іншыя. У «Спісе» ўпершыню адзначаны беларускія гарады і мястэчкі Горваль, Лоск, Магілёў, Стрэшын, Цяцерын. Падзел усходнеславянскіх гарадоў на групы адлюстроўвае, відаць, палітычныя межы больш ранняга часу.
«Спіс» мае вялікае значэнне для гісторыка-геаграфічных даследаванняў, вывучэння палітычнай гісторыі і змянення меж ва Усходняй Еўропе ў 14 ст.
Літаратура
правіць- Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. С. 391—392.
- Тихомиров М. Н. «Список русских городов дальних и ближних» // Тихомиров М. Н. Русское летописание. М., 1979.
- Наумов Е. П. К истории летописного «Списка русских городов дальних и ближних» // Летописи и хроники. 1973 г. М., 1974.
- Подосинов А. В. О принципах построения и месте создания «Списка русских городов дальних и ближних» // Восточная Европа в древности и средневековье. М., 1978.
- Янин В. Л. Новгород и Литва: Пограничные ситуации ХІІІ-ХV вв. М., 1998.
- Дедук А. В. «Список русских городов дальних и ближних»: история изучения // Русский книжник : (Сб. РГБ). — М.: Пашков дом, 2015. — С. 129–141.
- Носевич В. Л. О датировке и обстоятельствах создания летописного «Списка русских городов дальних и ближних» // Беларускі археаграфічны штогоднік. — Мн.: БелНДІДАС, 2016. — В. 17. — С. 169–180.