Станіслаў Ішора
Станіслаў Ішора (12 красавіка 1838 — рэпрэсаваны 22 мая (3 чэрвеня) 1863, Вільня) — каталіцкі ксёндз, удзельнік Нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 гадоў.
Станіслаў Ішора | |
---|---|
Дата нараджэння | 12 красавіка 1838 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 3 чэрвеня 1863 (25 гадоў) |
Месца смерці | |
Веравызнанне | Каталіцкая Царква |
Альма-матар | |
Бітвы/войны |
Біяграфія
правіцьСтаніслаў Ішора нарадзіўся 12 красавіка 1838 года ў вёсцы Цасарка (зараз Укмяргскага раёна Вільнюскага павета). Сын Станіслава Ішоры і Марыі Шантыр. Скончыў гімназію ў Вільні і паступіў у Пецярбургскую духоўную акадэмію. Гэта была адзіная ў Расійскай імперыі ўстанова для навучання каталіцкіх ксяндзоў. Пасля пасвячэння ў 1861 годзе быў вікарыем у парафіі Жалудок Лідскага павета.
Браў удзел у Нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1863—1864 гадоў. 8 лютага 1863 года ксёндз з Жалудка Станіслаў Ішора зачытаў у касцёле маніфест паўстанцаў. Сам святар пайшоў у паўстанцкі аддзел Людвіка Нарбута. Але потым ён добраахвотна здаўся, каб вызваліць пробашча жалудоцкага касцёла. Пробашча арыштавалі якраз з нагоды зачытанага вернікам маніфеста, да чаго ён не меў дачынення. Станіслава Ішору спачатку пакаралі пяццю гадамі катаргі. Але асабіста Міхаіл Мураўёў замяніў пакаранне на расстрэл. Ксяндза пакаралі смерцю ў Лукішскай турме ў Вільні 3 чэрвеня 1863 года[1]. Сведкі пакарання смерцю ўспаміналі, што святар звярнуўся да натоўпу з такімі словамі: «Трымацца і не падаць духам. Мы паміраем, а вам перадаём далейшыя лёсы Айчыны». Ксёндз Станіслаў Ішора стаў першай ахвярай Мураўёва[2].
Ушанаванне
правіць14 ліпеня 2003 года ў Лідзе адкрылася мемарыяльная шыльда, прысвечаная расстраляным у 1863 годзе ксяндзам. Асвячэнне шыльды адбылося з нагоды 140-х угодкаў паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Зрабіў шыльду мясцовы самадзейны скульптар Рычард Груша. На ёй — выява паўстанцкага герба — Арол, Пагоня і анёл з мячом.[1]