Адкрыць галоўнае меню
Псалтыр Ф. Скарыны (1517)

Старажытнабеларуская літаратура створана на старабеларускай мове і іншых мовах пераважна на землях Беларусі.

Характар і змест старажытнабеларускай літаратуры — сведчанне рэлігійнай трываласці, выяўленне права пісьменніка на творчую і светапоглядную эвалюцыю, пошук і эксперымент. Адкрытасць да культур суседзяў, блізкіх і далёкіх, спрычыніліся да ўзнікнення моўнага полілінгвізму. Ступень і маштабы выкарыстання ў літаратурна-пісьмовай практыцы царкоўнаславянскай, лаціны і польскай моў, дазваляюць лічыць іх, побач з галоўнай старабеларускай, асноўнымі літаратурнымі мовамі прыгожага пісьменства тых часоў.

Відавая і родава-жанравая сістэма арыгінальнай старабеларускай літаратуры дастаткова разгалінаваная, а корпус твораў прыгожага пісьменства — колькасна і аб'ёмна надзвычай разнастайны. У старажытнай літаратуры Беларусі існуюць усе асноўныя роды і віды. Яна прадстаўлена эпічнымі жанрамі — апавядальнымі і апісальна-белетрызаванымі формамі (у тым ліку, дзяржаўнымі летапісамі і хронікамі), паэзіяй і публіцыстыкай.

ГісторыяПравіць

Літаратурная мова на беларускіх землях пачала складвацца прыкладна ў X стагоддзі, практычна адразу пасля з’яўлення кірылічнага пісьменства і першых арыгінальных спроб асэнсавання грамадска-палітычных падзей і разнастайных жыццёвых рэалій. Зараджэнне літаратуры на беларускіх землях выклікана надзённымі патрэбамі культурна-гістарычнага развіцця і непасрэдна звязана са з’яўленнем ва ўсходніх славян пісьменства, чаму спрыяла і прыняцце хрысціянства. Яна абапіралася на багатыя традыцыі фальклору, грэка-візантыйскай літаратуры і спачатку развівалася ў цеснай сувязі з літаратурай Кіеўскай Русі.

Арыгінальныя літаратурныя творы ўзніклі ўслед за перакладнымі біблейскімі і дагматычнымі творамі. На працягу стагоддзяў старажытная беларуская літаратура зазнала істотную эвалюцыю. Мастацка-эстэтычныя крытэрыі дазваляюць выдзеліць 3 асноўныя этапы ў яе развіцці:[1]

  • Готыка (XII—XV ст.), у гэты перыяд адчуваўся істотны ўплыў грэка-візантыйскай літаратуры
  • Рэнесанс (XVI ст.)
  • Барока (XVII ст.)
 
Першая старонка «Слова на ўзнясенне Гасподняе» Кірылы Тураўскага паводле спісу XIII ст.

На Беларусі ў эпоху сярэдневякоўя бытавалі ўсе асноўныя віды, жанры і творы старажытнай літаратуры, якая вызначалася сур’ёзнасцю зместу, значнасцю тэм, праблем і герояў, высокай ідэйнасцю, сінкрэтызмам, з перавагай твораў царкоўна-рэлігійнага характару. Найбуйнейшымі цэнтрамі пісьменства былі Полацк і Смаленск, дзе перапісваліся розныя творы богаслужэбнага прызначэння, узніклі шматлікія помнікі дзелавой літаратуры, свецкай і клерыкальнай (граматы, пасланні, словы і інш.), вяліся мясцовыя летапісы, складзены арыгінальныя жыціі Ефрасінні Полацкай і Аўрамія Смаленскага. У Тураве вырас і тварыў славуты майстар аратарскай прозы Кірыла Тураўскі (ХII ст.). Развіццю пісьменства і літаратуры ў XII—XV ст. садзейнічалі палітычнае аб’яднанне беларускіх зямель у ВКЛ і завяршэнне фарміравання беларускай народнасці са сваёй адметнай культурай.

Да ліку найбольш каштоўных летапісных помнікаў X—XII стагоддзяў, у якіх шырока прадстаўлены сацыяльныя і грамадска-палітычныя працэсы, што адбываліся акурат на беларускіх землях у раннія гістарычныя часы, належаць: «Сказанне пра запрашэнне варагаў», «Полацкі летапіс», «Слова пра князёў», «Пахвала князю Расціславу Мсціславічу», занатоўкі пра Рагнеду, аповеды пра Усяслава Чарадзея. У рарытэтных помніках пісьменства і літаратуры шырока прадстаўлены ўласна беларускія лексічныя і граматычныя формы, адметнасці, уласцівыя мясцовым гаворкам і дыялектам.

У XIII—XV стагоддзях на старабеларускай літаратурнай мове былі напісаны выдатныя ў мастацкіх адносінах творы — «Пахвала вялікаму князю Вітаўту», «Аповесць пра Падольскую зямлю», «Хроніка грамадзянскай вайны», «Аповесць пра паўстанне ў Смаленску». Старадаўнія кніжнікі і летапісцы імкнуліся ў даступнай форме захаваць для нашчадкаў памяць пра слынныя падзеі і вялікіх людзей свайго часу. У іх творах, напісаных зразумелай шырокаму колу мовай, асвятлялася дзейнасць вялікіх князёў, паказваліся шматлікія ваенныя канфлікты, якія адбываліся на беларускіх землях, знайшлі адлюстраванне працэсы станаўлення старажытнай беларускай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага, а таксама падрабязна паказаны ўздым краіны ў перыяд княжання Вітаўта Вялікага, Казіміра Ягайлавіча і Аляксандра Казіміравіча.

 
Першы аркуш Статута ВКЛ (1529)

Росквіт беларускай літаратуры наступіў у XVI ст.. Старабеларуская мова была афіцыйнай мовай Вялікага Княства Літоўскага, на ёй напісаны Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 г., палемічная рэлігійная літаратура. У гэты перыяд актыўна развівалася дзелавое пісьменства, з’явіліся пераклады твораў зарубежнай літаратуры на беларускую мову. У 1-й пал. XV ст. зарадзілася агульнадзяржаўнае летапісанне, у якім творча выкарыстаны старажытна-рускія літаратурныя традыцыі. Летапісныя помнікі («Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» і Беларуска-літоўскі летапіс, 1446) адлюстравалі выдатную ролю літоўска-беларускай дзяржавы ў тагачаснай Еўропе і сталі здабыткам беларускай гістарычнай прозы. Важныя культурна-гістарычныя зрухі ў жыцці беларускага грамадства, рост духоўных запатрабаванняў, зараджэнне рэнесанснага гуманізму, пашырэнне сувязей з перадавымі краінамі Еўропы, узнікненне кнігадрукавання і іншыя фактары спрыялі развіццю беларускай літаратуры ў XVI ст.

Літаратурныя жанры ў мінулым мелі пераважна службова-прыкладны, дзелавы ўжытак. Мастацкі вымысел не быў асноўным прынцыпам адлюстравання рэчаіснасці, таму даўняя літаратура вызначаецца своеасаблівым гістарызмам. Асновай зместаў многіх твораў служылі рэальшя гістарычныя асобы і падзеі. Творы некаторых жанраў (хаджэнні, летапісы і хронікі, дзённікі і мемуары) мелі выразную гісторыка-дакументальную аснову. Каштоўныя звесткі пра свой час меліся і ў помніках агіяграфіі (жыціі), гістарычных аповесцях і паэмах («Слова пра паход Ігаравы», «Сказанне пра Мамаева пабоішча»), хранографах і інш. Спалучэнне дакладнага гістарычнага факта і літаратурнага вымыслу, сінтэз дакументальна-дзелавога і вобразна-мастацкага апісання рэчаіснасці надавалі творам тагачаснага пісьменства сінкрэтычны характар.

З пачатку XVI ст. беларускія кнігі сталі друкавацца. У эпоху Адраджэння высокай дасканаласці дасягнула беларуская літаратурная мова, створаны выдатныя помнікі прававой думкі беларускага і літоўскага народаў (Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588), з’явіліся новыя віды і жанры (кніжная паэзія, рэфармацыйная публіцыстыка, гісторыка-мемуарная проза, драматургія), склалася плеяда таленавітых літаратараў, узмацніліся працэсы секулярызацыі і гуманізацыі літаратуры. Этапнае значэнне ў гісторыі беларускай літаратуры мела шматгранная творчая дзейнасць асветніка-гуманіста, першадрукара, пісьменніка і перакладчыка Ф. Скарыны. Першая друкаваная кніга на беларускай мове — «Псалтыр» — надрукаваная ім у Празе ў 1517. Гэта была першая кніга, надрукаваная на мове ўсходнеславянскай групы. Францыск Скарына стаў заснавальнікам новага, гуманістычнага тыпу перакладу ва Усходняй Еўропе, пачынальнікам беларускага вершаскладання, аўтарам змястоўных і дасканалых прадмоў, у якіх вытокі беларускай філалагічнай навукі і літаратурнай крытыкі. Першую рэнесансную паэму аб роднай зямлі «Песня пра зубра» склаў на лацінскай мове М. Гусоўскі. У беларускім летапісанні XVI ст. ўзмацніліся ідэі дзяржаўнага патрыятызму, пагадовы дакументальна-дзелавы выклад падзей стаў спалучацца з жывым, займальна-белетрыстычным іх апісаннем, а нацыянальная гісторыя стала падавацца як самабытная і самацэнная з’ява. Найбольш поўна і літаратурна дасканала яна выкладзена ў «Хроніцы Быхаўца», апошнім агульнадзяржаўным летапісным зводзе, прысвечаным гістарчнай мінуўшчыне Літвы і Беларусі ад легендарных часоў да пач. XVI ст. Праблемы лёсу Радзімы, удасканалення чалавека і грамадства былі галоўнымі ў літаратуры эпохі Скарыны.

У перыяд позняга Адраджэння (2-я пал. XVI ст.) беларуская літаратура развівалася пад уплывам ідэй пратэстантызму і рэлігійнага вальнадумства. Рэфармацыйная публіцыстыка значна ўзбагаціла яе тэматыку і праблематыку. Публіцыст і перакладчык, адзін з заснавальнікаў філалагічнай крытыкі Бібліі ў Еўропе С. Будны выдаў у Нясвіжы «Катэхізіс» (1562) — першую друкаваную кнігу на тэрыторыі сучаснай Беларусі; палеміст А. Волан стварыў больш за 20 публіцыстычных твораў на лацінскай і польскай мовах; абаронца роднага слова В. Цяпінскі першы пераклаў Евангелле на беларускую мову. Найбольш значным прадстаўніком свецкай аратарскай прозы быў Л. Сапега. Сярод тагачасных паэтаў вылучаўся А. Рымша, які пісаў свае творы на беларускай і польскай мовах. Важнае значэнне мелі пераклады на беларускую мову выдатных твораў сусветнай літаратуры: кніг Бібліі, гістарычных аповесцей і рыцарскіх раманаў (пра Аляксандра Македонскага, Траянскую вайну, Атылу, Трыстана), зборнікаўкаў навэл і інш.

Складаным і разнастайным было культурнае і літаратурнае жыццё на Беларусі ў эпоху барока (канец XVI — сярэдзіна XVIII ст.). У літаратуры, якая стала шматмоўнай, адбываўся праацэс пераходу ад старой эстэтычнай сістэмы да новай, абнаўляліся і трансфармаваліся жанры, узбагачаліся выяўленчыя сродкі і стылі, змяняліся прынцыпы адлюстравання жыцця і чалавека, з’явіўся новы герой — прадстаўнік простага народа (селянін, рамеснік). Новыя грамадска-палітычныя ўмовы (Люблінская унія 1569 і Берасцейская унія 1596, контррэфармацыя) выклікалі ўздым палемічнай літаратуры, разнастайнай у ідэйна-тэматычным і жанрава-стылёвым плане. Самымі вядомымі яе прадстаўнікамі былі І. Пацей, Я. Карповіч, М. Сматрыцкі, А. Філіповіч. Росквіт кнігадрукавання спрыяў пашырэнню жанру прадмоў. 3 узнікненнем школьнага тэатра зарадзілася драматургія (драмы, інтэрмедыі). Актыўна развівалася кніжная паэзія. Сярод малых вершаваных формаў найбольш пашыраным быў жанр эпікграмы. Працягвала развівацца паэма, найбольш значная — «Лямант на смерць Лявона Карповіча» — створана ў 1620 невядомым аўтарам на беларускай мове. Прыкметны ўклад у развіццё беларускай кніжнай паэзіі зрабіў паэт XVII ст. Сімяон Полацкі.

У XVI і XVII ст. пад уплывам польскай культуры з’явілася сілабічная паэзія барока і драматычная школа. Важныя змены перажывала гістарычная проза. Агульнадзяржаўнае летапісанне занепадае, але пачынаюць складацца мясцовыя летапісы. Самы значны з іх Баркулабаўскі летапіс. У сувязі з ростам асобаснага пачатку ў літаратуры ўзнікаюць сямейныя хронікі, дыярыушы (дзённікі), падарожныя запісы і іншыя творы мемуарнага жанру.

Нягледзячы на паступовае ўзмацненне ў даўняй беларускай літаратуры мастацка-выяўленчага пачатку, белетрыстычнасці, яна ў цэлым захоўвала цесную сувязь з жыццём і таму з’яўляецца неацэннай крыніцай пазнання гістарычнай мінуўшчыны. Своеасаблівым тыпам нацыянальнай гісторыі ў кантэксце сусветнай былі хранографы («Вялікая хроніка»), у якіх у выніку белетрызацыі гістарычнага апавядання адбываўся пераход ад традыцыйнага, дакументальна-дзелавога апісання мінулага да ўласна мастацкай гістарычнай прозы. Працэс разбурэння ў літаратуры сярэдневяковага сінкрэтызму, алітаратурвання дзелавых жанраў, яе далейшая секулярызацыя і дэмакратызацыя засведчылі з’яўленне твораў гумарыстычнага і парадыйна-сатырычнага характару («Прамова Мялешкі», «Ліст да Абуховіча», «Прамова Русіна», «Другая прамова Русіна аб нараджэнні Хрыста»).

У перыяд барока ўласна мастацкая творчасць канчаткова вылучылася з агульнай масы пісьменства, склалася сістэма сучасных літаратурных родаў і пачалася жанравая дыферэнцыяцыя; узнікла цікавасць да народнага жыцця, паглыбіліся ўяўленні пра каштоўнасць і непаўторнасць чалавечай асобы, узмацнілася сувязь літаратуры з вусна-паэтычнай народнай творчасцю. Гэта тэндэнцыя ўзмацнілася ў перыяд позняга барока (2-я пал. XVII — 1-я пал. XVIII ст.). Узніклі гумарыстычная паэзія і песенна-інтымная лірыка, новыя творы парадыйна-сатырычнай прозы і драматургіі. Летапісы перасталі быць ананімнымі і часам набывалі рысы гісторыка-мемуарнай прозы, падзеі і героі падаваліся ў іх больш жыва і рэалістычна, набліжана да гістарычнай рэчаіснасці (Магілёўская хроніка). Зварот да рэальнага жыцця народа, да фальклорных вытокаў і жывой гутарковай мовы садзейнічаў працэсу пераходу ад старой эстэтычнай сістэмы да новай, які ўскладніўся і зацягнуўся ў сувязі з неспрыяльнымі культурна-гістарычнымі ўмовамі. I хоць друкарні выдавалі пераважна царкоўна-рэлігійную літаратур, працягвалі бытаваць творы папярэдніх эпох, а часам ствараліся і новыя ў старых літаратурных традыцыях (напр., Віцебскі летапіс), гэты працэс стаў ужо незваротны.

Багатая і разнастайная літаратурная спадчына Беларусі даўняга перыяду — праўдзівае люстра багатага і складанага духоўнага жыцця беларускага народа на працягу стагоддзяў, каштоўны пласт нацыянальнай культуры, непаўторная і арганічная старонка агульнаеўрапейскага літаратурнага працэсу свайго часу. Творчыя здабыткі беларускай літаратуры, як і ўсёй беларускай культуры эпохі Адраджэння і барока, настолькі багатыя, а ўзровень яе развіцця настолькі высокі, што дало ёй магчымасць уплываць на суседнія краіны, асабліва Расію, а Беларусі выконваць у XVI—XVII ст. місію пасрэдніка ў літаратурных і культурных сувязях паміж еўрапейскім Захадам і Усходам. Аднак у XVIII ст. з прычыны прыгнёту народа і звода пласта беларускамоўнай інтэлігенцыі нацыянальная літаратура прыйшла ў заняпад.

Свецкая і рэлігійная плыніПравіць

 
Тытульная старонка Бібліі Сымона Буднага, 1572

Старажытнабеларуская літаратура падзяляецца на дзве асноўныя плыні — свецкую і рэлігійную. У многіх творах дамінуюць грамадскія тэмы, рэалістычныя сюжэты і матывы, у іншых — рэлігійныя і містычныя. Старажытнабеларуская літаратура стваралася як свецкімі асобамі — урадоўцамі, ваярамі, князямі, шляхтай, так і прадстаўнікамі духоўнага саслоўя — святарамі, манахамі, найвышэйшымі іерархамі.

Прысутнасць на духоўна-культурным ландшафце старажытнай Беларусі асноўных сусветных рэлігій стала прычынай таго, што прыгожае пісьменства мела выразную канфесійна-рэлігійную вызначанасць і скіраванасць. Паводле канфесійнай прыналежнасці ўвесь корпус старабеларускіх твораў падзяляецца на чатыры асноўныя складовыя і прадстаўлены праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай і ўніяцкай літаратурамі.

Праваслаўная плынь старабеларускага прыгожага пісьменства знітаваная з імёнамі Кірылы Тураўскага, Кліма Смаляціча, Ігната Смаляніна, Яфрэма-манаха, Грыгорыя Цамблака, Стафана Збаражскага, Лявона Мамоніча, Лаўрэнція Зізанія, Стафана Зізанія, Лявонція Карповіча, Андрэя Мужылоўскага, Афанасія Філіповіча, Іаіля Труцэвіча, Сільвестра Косава, Іанікія Галятоўскага. Багаты і рэестр ананімных помнікаў праваслаўнага пісьменства: «Аповесць жыцця і смерці святой Еўфрасінні Полацкай», «Пытанні і адказы праваслаўнаму з папежнікам», «Аповесць пра пакуты і смерць Афанасія Філіповіча».

Ва ўлонні каталіцкай культуры сфармаваліся і расквітнелі творчыя індывідуальнасці Міколы Гусоўскага, Яна Вісліцкага, Аўгустына Ратундуса (Мялешкі), Льва Сапегі, Міхала Карыцкага.

Прызнаныя майстры мастацкага пяра — Сымон Будны, Мікалай Радзівіл Чорны, Пётр з Ганёндза, Андрэй Волан, Васіль Цяпінскі, Крыштоф Філалет, Войцех Салінарыус, Фёдар Еўлашоўскі, Андрэй Рымша — стваральнікі багатай пратэстанцкай літаратуры старажытнай Беларусі.

Пры канцы XVI ст., з прыняццем Берасцейскай уніі (1596), расквітнела ўніяцкая літаратура, да якой належалі Іпацій Пацей, Язэп-Вельмін Руцкі, Леў Крэўза, Анастасій Сялява, Ілля Марахоўскі, Іасафат Кунцэвіч, Кірыла Транквіліён-Стаўравецкі, Леў Кішка.

У плане канфесійнай прыналежнасці творчасць паасобных беларускіх пісьменнікаў неаднародная. Творчасць Францыска Скарыны — рэнесанснага пісьменніка і мысліцеля не мела канфесійнай заангажаванасці, яго спадчына належыць агульнахрысціянскай і гуманістычнай традыцыі. У выніку збегу жыццёвых абставінаў, эвалюцыі ідэйна-рэлігійных поглядаў і асабістага творчага лёсу частка творчай спадчыны бліскучага майстра слова М. Сматрыцкага знітаваная з Праваслаўем, а другая — з Уніяцтвам. Творчасць Касіяна Саковіча таксама дзеліцца на два перыяды — праваслаўны і каталіцкі.

БелетрыстыкаПравіць

На працягу стагоддзяў старажытнабеларускія майстры стварылі багатую эпічную літаратуру, шматстайную ў жанравым плане і тэматычна разгалінаваную.

Падзвіжніцкая дзейнасць і справы выбітных асоб на ніве асветы, абароны Айчыны, Царквы або Касцёла служылі штуршком (а затым станавіліся галоўным аб'ектам мастацкага адлюстравання) да гэтак званых біясаў, або мартырыяў — жанру, які ўзнік у візантыйскай хрысціянскай літаратуры. Сярод найбольш значных помнікаў старабеларускай жыційнай літаратуры: «Аповесць жыцця і смерці святой, дабраслаўнай і найаздобнейшай Еўфрасінні», «Слова пра манаха Марціна», «Памяць святога Кірылы, епіскапа Тураўскага», «Жыццё і цярпенне Аўрама Смаленскага» Яфрэма-манаха, «Жыццё князя Міхаіла Глінскага, маршалка літоўскага» (Любча, 1560), корпус біясаў, прысвечаных асобе мучаніка Іасафата Кунцэвіча (С. Касінскі «Жыццё і пакуты дабраславеннага Язафата». Вільня, 1665; А. Суша «Жыццё і барацьба мучаніка Язафата Кунцэвіча». Рым, 1665; Я. Маліноўскі «Залатая карона над параненай галавой Я. Кунцэвіча, архіепіскапа полацкага». Вільня, 1673), «Аповесць пра пакуты і смерць айца Афанасія Філіповіча», напісаная невядомым берасцейскім манахам. Да жыційнай літаратуры прымыкае «Пахвала князю Расціславу Мсціслававічу» (XII ст.).

 
Тытульны аркуш «Пэрэгрынацыя…»

Падарожжы ў Іерусалім, з мэтай пакланення святым месцам, а таксама вандроўкі па краінах Еўропы і Афрыкі спарадзілі ў старажытнабеларускай літаратуры жанр хаджэнняў, або перэгрынацый. Найбольшую папулярнасць сярод твораў гэтага жанру здабылі: «Хаджэнне ў Царград» Ігната Смаляніна, «Перэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую Зямлю» Мікалая Крыштофа Радзівіла і «Дзённік, пісаны ў Англіі пра тое, як там вандравалася і жылося» Тэадора Бялевіча, нарэшце два хаджэнні невядомых уніяцкіх пісьменнікаў — «Перэгрынацыя, або Праўдзівае апісанне Зямлі Святой» (Супрасль, 1722) і «Падарожжа да выспы» (Супрасль, 1782).

Старажытныя гарады-княствы, а затым Вялікае Княства Літоўскае падтрымлівалі дыпламатычныя сувязі з іншымі народамі і краінамі. Дзейнасць дыпламатычных місій і вялікіх пасольстваў спачатку фіксавалася ў выглядзе пратакольных запісаў або справаздач перад манархам і Соймам, а ў сярэдзіне XVI ст. з'явіліся першыя літаратурныя пасольскія дзённікі. Аўтарства аднаго з іх належыць кіраўніку пасольскай місіі ў Маскву, князю Стафану Збаражскаму. Яго твор мае ўмоўную назву: «Дзённік літоўскіх паслоў» (каля 1556). Да ліку пасольскіх дзённікаў варта адносіць «Рэляцыю пасольства ў Маскву ў 1573 п» М. Гарабурды. Значны эпічны твор на дыпламатычную тэматыку, прычым у двух варыянтах (празаічным і вершаваным), напісаны сакратаром пасольства Гальяшам Пелырымоўскім. Гэты твор вядомы ў медыявістыцы пад назвай: «Пасольства да вялікага князя маскоўскага» (1601).

У XV ст. пачынаюць узнікаць творы, прысвечаныя палітычным і ваенным падзеям, барацьбе князёў і шляхецкіх суполак за найвышэйшую ўладу ў ВКЛ. Найперш у летапісах захавалася каля двух дзесяткаў белетрызаваных тэкставых адзінак, найбольш значныя сярод якіх паведамленні: пра князя Кейстута, пра Вітаўта, пра Падольскую зямлю і інш. Напісаныя на падставе вусных паданняў і папярэдніх пісьмовых звестак, яны з'яўляюцца своеасаблівым проталітаратурным элементам у складзе беларускіх летапісаў і хронік.

Беларуская літаратура ў гэты перыяд узбагацілася сапраўдным шэдэўрам — «Пахвалой вялікаму князю Вітаўту», які дайшоў да нашага часу ў дзвюх рэдакцыях шасці летапісных спісаў. Твор быў напісаны прыкладна каля 1430 напярэдадні каранацыі Вітаўта. Аўтар адлюстраваў цэнтралізацыйную дактрыну Вітаўта Вялікага, яго палітыку, накіраваную на аб'яднанне ўсходнеславянскіх земляў вакол адзінага цэнтра. Перамозе ў бітве пад Оршаю ў 1514 прысвечана «Пахвала князю Канстанціну Астрожскаму», напісаная ў панегірычнай манеры.

Побач з агульнадзяржаўніцкімі ідэямі ў эпічнай літаратуры знайшлі адлюстраванне праявы мясцовага патрыятызму, прыкладам чаго з'яўляецца «Баркулабаўская хроніка», што ўзнікла на пачатку XVII ст.

 
Старонка з успамінаў Ф. Еўлашоўскага

Пашырэнне асветніцкіх ідэй, культуры мастацкага слова, рэнесанснае «адкрыццё чалавека» спрычыніліся да ўзнікнення аўтабіяграфічных дыярыушаў, мемуараў і ўспамінаў. Гэтую плынь прадстаўляюць: «Гістарычныя запіскі» Ф. Еўлашоўскага, «Гісторыя маскоўская пра абраз Прасвятой Багаародзіцы» А. Філіповіча, «Дыярыуш» П. К. Абуховіча, «Дыярыуш» (С. Маскевіча, «Дыярыуш» Б. К. Маскевіча, «Успаміны» Я. Цадроўскага, «Дзённік падзей тлумнага часу» I. Будзілы, «Дыярыуш» А. Каменскага-Длужыка, «Дыярыуш» М. К. Радзівіла Рыбанькі, «Дыярыуш» М. Матушэвіча, «Мемуары» А. С. Радзівіла і інш.

Шанаванне Божай Маці, вера ў выратавальную моц яе абразоў, паслужыла падмуркам узнікнення цыкла легендарных аповесцей, дзе знайшлі адлюстраванне містычныя з'явы, шматлікія цуды: Феадосія Баравіка «Гісторыя, або Аповесць пра абраз Дзевы Марыі Жыровіцкай», I. Галятоўскага «Аповесць пра Купяціцкі абраз Божай Маці», «Аповесць пра Жыровіцкі абраз Божай Маці». Вядомыя таксама дзве сціслыя навэлы пра цуды Лукомльскага абраза святога Міколы.

У старажытнабеларускай літаратуры шмат твораў, у якіх апісваліся падзеі царкоўных сабораў і сінодаў. Найбольш значны сярод іх наступныя: I. Солтана «Сабор у богавыратавальным горадзе Вільні»; С. Буднага «Апісанне сабора ў Іўі 1568 года»; М. Сміглецкага «Апісанне наваградскага дыспута»; I. Пацея «Справядлівае апісанне ўчынку і справы сінодавай і Абарона здзейсненых згоды і лучнасці, якія сталіся на сінодзе Берасцейскім у 1596 годзе» (Вільня, 1597) і «Рэляцыя» (Вільня, 1609); П. Скаргі «Апісанне і абарона сабора рускага Берасцейскага» (Вільня, 1597); К. Саковіча «Кіеўскі сабор 1640 года» (1642).

Асобную групу белетрызаваных твораў складаюць: «Патэрыкон» С. Косава, «Апалогія перэгрынацыі да ўсходніх краёў» (1628) М. Сматрыцкага, а таксама ананімныя помнікі — «Эктэзіс» (1597), «Апалея Апалогіі» (1628), «Сінопсіс» (Вільня, 1632), «Суплементум Сінопсіс» (Вільня, 1632).

Да ліку эпічных літаратурных форм належыць аднесці жанр «казанняў на смерць». У іх дамінавалі белетрызаваныя аповеды, якія, спалучаліся з панегірычнымі элементамі і публіцыстычнымі ўстаўкамі. Захавалася больш за 90 «казанняў на смерць». Першы ўзор гэтага жанру створаны Г. Цамблакам — «Пахвальнае слова мітрапаліту Кіпрыяну». Найбольш каштоўныя ў літаратурных адносінах наступныя: А. Волана «Надмагільнае слова пра К. Радзівіла» (Вільня, 1604), Я. Зыгровіуша «Казанне на пахаванне М. Дарагастайскага» (Любча, 1616) і «Хрысціянская смерць Еўлашоўскага» (Любча, 1619), Л. Зізанія «Павучанне пры пахаванні Зоф'і, князёўны Чартарыйскай» (1618), Л. Карповіча «Казанне на смерць Васіля Галіцына» (1619), М. Сматрыцкага «Казанне на смерць Лявона Карповіча» (Вільня, 1620), С. Раговіча «Казанне на ўгодкі яснавяльможнага пана Яна Кароля Хадкевіча, ваяводы віленскага» (Вільня, 1622), I. Бабрыковіча «Прамова ў час пахавання Б. Агінскага» (1625), П. Дамжыў-Лютковіча Целіцы «Казанне на смерць А. Шаптыцкага» (1632), С. Косава «Херувім. Пры акце пахавальным айца Іосіфа Бабрыковіча» (Вільня, 1635), М. С. Савіцкага «Жалобныя цені пасля ясных праменняў пры пахавальным акце Януша Кішкі, ваяводы полацкага» (Вільня, 1640), М. Лаўрыновіча «Дом мудрасці. На пахаванні яснавяльможнага пана Тамаша Сапегі, ваяводы наваградскага» (Вільня, 1646). Рукапісны зборнік Самуэля Даніловіча ўключае некалькі помнікаў гэтага жанру.

«Казанні на смерць» звычайна мелі трохступенную структуру: аналітычнае разважанне на агульнарэлігійную тэму, эпічнае апавяданне пра заслугі памерлага, ягон справы і ўчынкі, публіцыстычны зварот з павучаннем, парадамі і рэкамендацыямі. Некаторыя з казанняў уключалі прысвячэнні родзічам памерлага. Так, у творы Я. Куровіча «Тры дамы вечнасці» (Вільня, 1650) змешчанае прысвячэнне Юрыю і Самуэлю Шверынам, братам памерлага Шчаснага Шверына, у якім у панегірычным стылі ўхваляліся заслугі шляхецкага роду.

Да белетрызаванай літаратуры належыць багатая эпісталярная спадчына Філона Кміты-Чарнабыльскага і Льва Сапегі.

Асобную плынь белетрыстыкі ўтвараюць помнікі сатырычнай літаратуры. Яна прадстаўлена выдатнымі ў мастацкім плане творамі: «Прамовай Мялешкі», «Лістом да Абуховіча», «Казаннем рускім», «Граматай, напісанай да святога Пятра», «Прамовай Русіна». Сатырычныя творы ўзніклі ў перыяд грамадскага крызісу другой паловы XVII — першай паловы XVIII ст. і ўтрымлівалі дастаткова моцны публіцыстычны струмень.

Белетрызаваная (празаічная) літаратура паводле зместава-тэматычнага абсягу распадаецца на некалькі груп: апавяданні і белетрыстычныя аповесці пра жыццё і пакуты выбітных хрысціянскіх дзеячаў (жыцці, агіяграфія), летапісныя аповесці, легендарныя аповесці пра цудадзейныя абразы, перэгрынацыі, або хаджэнні, хронікі, дыярыушы, мемуары, успаміны, пасольскія дзённікі, апісанні сабораў і сінодаў, «казанні на смерць». У якасці аб'екта адлюстравання ў эпічных творах, як правіла, выступалі: гістарычныя асобы, іх жыццё і дзейнасць; буйныя грамадскія падзеі — соймы, пасольскія місіі, царкоўныя саборы, ваенныя кампаніі, паўстанні; незвычайныя здарэнні, містычныя з'явы, рэдкія прадметы. Белетрызаваныя формы дазвалялі пісьменнікам адлюстроўваць з'явы, прадметы, падзеі, гістарычных асоб у прасторавай перспектыве і часавых зменах.

Майстры слова праз эпічныя жанры асвойвалі сродкі і прыёмы выкладу мастацкага матэрыялу, вучыліся пабудове складаных сюжэтаў. Помнікі эпічнай літаратуры сведчаць аб тым, што ў прыгожым пісьменстве адбывалася дастасаванне мікракампанентаў мастацкага тэксту да агульнай жанравай схемы твора, дзякуючы чаму дасягалася цэласнасць, гармонія, унутранае адзінства і мастацкая завершанасць тэкстаў.

ПаэзіяПравіць

Як від духоўнай творчасці паэзія з'явілася ў дагістарычныя часы. У далетапісную пару, сфармаваліся яе асноўныя жанравыя комплексы — рытуальна-магічныя замовы, абрадавыя песні, памінальныя галашэнні і інш. 3 прыняццем у X ст. хрысціянства і яго пашырэннем на беларускіх землях паралельна з вуснай народнай паэзіяй пачала развівацца кніжная паэзія, найперш літургічная гімнаграфія. Спачатку гэта былі перакладныя творы грэка-візантыйскіх хрысціянскіх паэтаў (Ян Златавусны, Васіль Вялікі, Раман Мілагучны, Ян Дамаскін, Іосіф Песняпісец і інш.), а затым і арыгінальныя тэксты (Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына). Гімнаграфічныя літургічныя творы — каноны, акафісты, сціхіры, пракімены, славы, тропары, седальны, свяцільны, антыфоны — пашыраліся, як правіла, у складзе Мінеяў, Літургіконаў, Служэбнікаў, Трэфалагіёнаў, Анфалагіёнаў, Трыёдаў, Актоіхаў, Трэбнікаў, Часасловаў, Малітоўнікаў і Псалтыроў з дадаткамі.

 
Панегірык А. Рымшы на герб Л. Сапегі, надрукаваны ў Статуце 1588 г.

У XVI ст. на хвалі Рэнесансу зарадзілася свецкая кніжная паэзія, росквіт якой прыпаў на апошнюю чвэрць XVI—XVII ст. Галоўнае месца ў ёй займалі панегірычныя жанры, гэтак званыя «эпікграмы», што суправаджалі выявы гербаў славутых магнатаў і гарадоў. Важкі ўклад у развіццё эмблематычнай паэзіі ўнеслі: А. Рымша («На герб яснавяльможнага пана Астафія Валовіча», «На герб пана Льва Сапегі», «На герб яснавяльможнага пана Тэадора Скуміна»), Л. Мамоніч («На герб яго міласці пана Л. Сапегі», «Эпіграма»), С. Зізаній («Эпіграма на герб Вішнявецкіх», «Эпіграма на герб К. Астрожскага», «На герб Саламярэцкіх», «На герб князёў Агінскіх і Валовічаў»), Віталій («Эпіграма на герб Агінскіх»), а таксама ананімныя аўтары Віленскага Святадухаўскага брацтва, якія стварылі «эпікграмы» на гербы паноў Дрэвінскіх, Сапегаў, Максімовічаў-Ломскіх, Кісялёў з Брусілава, Агінскіх, Трызнаў і інш.

Змест «эпікграм», як правіла, цалкам вызначаўся княжацкімі гербамі, якія мелі форму шчыта з выявамі знакаў годнасці іх уладальніка. Сутнасць іх пераважна зводзілася да таго, каб раскрыць сімвалічную ўзаемасувязь паміж знакамі герба і справамі прадстаўнікоў славутага роду. Влікая ўвага ў «эпікграмах» аддавалася пошуку асацыяцый, паралеляў, што абумовілася эстэтычнай канцэпцыяй барочнага мастацтва. Каб дасягнуць арыгінальнасці, паэты выкарыстоўвалі разнастайныя мастацкія сродкі: параўнанні, метафары, прыпадабненні, алегорыі, сімвалы і г.д. Асабліва часта ў «эпікграмах» апісваліся кантрастныя з'явы, чым дасягалася стварэнне па-мастацку выразных карцін і вобразаў.

Жанраўтваральны пачатак «эпікграмы» — матыў слаўлення, захаплення і здзіўлення веліччу і значнасцю з'явы. Паэты асноўную ўвагу аддавалі не пошуку новых тэм і прадметаў, а стварэнню арыгінальных спалучэнняў з тымі, што ўжо меліся, выкарыстоўваючы падкрэслена мудрагелістыя сродкі мастацкага абагульнення. Арыгінальнасць «эпікграм» выявілася найперш у структурна-кампазіцыйнай будове. Яны складаліся з чатырох элементаў, якія размяшчаліся, як правіла, у строгай паслядоўнасці. Спачатку ішоў уступ-зачын, затым — зварот да памяці продкаў, цэнтральнае месца займалі тлумачэнні знакаў, «кляйнотаў» герба і, нарэшце, завяршала эпіграму заключэнне-пажаданне. Кожны з элементаў «эпікграмы» выконваў пэўную ідэйна-мастацкую функцыю.

Ва ўступе-зачыне часцей за ўсё апісваліся нябесныя свяцілы, касмічная прастора або штосьці велічнае і незвычайнае. Так, «эпікграма» А. Рымшы «На герб Льва Сапегі» пачыналася паведамленнем пра велічнасць і дабрачыннасць мужнага роду Сапегаў. Іх слава нібыта не ведала межаў на зямлі і на небе. Другая «эпікграма», «На герб Тэадора Скуміна», адкрывалася тлумачэннем «незямнога» паходжання княжацкага герба. У эпіграме на герб Дарагастайскіх, ва ўступе да яе, С. Будны стварыў карціну непаўторнага ззяння месяца, з святлом якога ён параўноўваў учынкі сваіх апекуноў. М. Сматрыцкі таксама прыпараўноўваў ззянне начных зорак да нягаснучай славы князёў Вішнявецкіх і Астрожскіх.

Для другога элемента «эпікграм» — зваротаў да памяці продкаў — характэрна тлумачэнне прычын узнікнення герба, указанне часу і абставінаў, пры якіх адбылася знамянальная падзея. Напрыклад, А. Рымша, узнаўляючы гісторыю герба Тэадора Скуміна, падкрэсліваў: набыццё герба — узнагарода за вялікія подзвігі; яго атрымліваюць толькі тыя, хто, не шкадуючы свайго жыцця, абараняе Бацькаўшчыну. Так, дзякуючы мужнай барацьбе з «нечестнвымі татарамн», паводле А. Рымшы, набылі фамільны герб слаўныя Сапегі. Думку пратое, што кожны дом можа заслужыць гонар і павагу, атрымаць фамільны герб, развіваў у сваіх эпіграмах і М. Сматрыцкі. Услаўляючы герб Вішнявецкіх, паэт звяртаў увагу на вялікае мінулае знакамітага роду, славу якога годна прадаўжаюць мужныя нашчадкі. Род князёў Астрожскіх, на думку Г. Сматрыцкага, таксама меў дастаткова заслуг, каб атрымаць права на свой фамільны герб — сімвал знатнасці. Продкі К. Астрожскага, адзначаў паэт у вершах, напісаных да «Бібліі» 1580—1581 гадоў, не шкадавалі свайго здароўя, мужна змагаючыся з ворагамі.

Абавязковы і, бадай, галоўны элемент «эпікграм» на гербы — вытлумачэнне сімвалічнага сэнсу знакаў, «кляйнотаў». Пры раскрыцці значэнняў геральдычных знакаў паэты кіраваліся ўсведамленнем сімвалічнай сувязі паміж знакамі герба і яго ўладальнікам. Паэты ў сваіх эпіграмах імкнуліся, як правіла, правесці паралель паміж сонечным святлом, ззяннем месяца, бляскам зорак і дабрачыннасцю, якая, нібы святло, сыходзіла ад уладальніка герба. Так, М. Сматрыцкі лічыў: выявы ззяючых «месяца» і «зорак» на гербах Агінскіх і Валовічаў сімвалізуюць іх слаўныя справы, вядомыя «во всем свете». У «эпікграме» на герб Агінскіх манах Віталій звяртаў увагу на здольнасць месяца і зорак «просвеіцать ночные темности», падкрэсліваючы талент і адукаванасць сваіх апекуноў. Для А. Рымшы знакі герба Скумінаў — зорка, размешчаная над яркім месяцам у акружэнні хмары, — сімвалізавалі не толькі славу Скумінаў, але і іх незвычайную шчодрасць. Невядомы аўтар верша «На герб Агінскіх» («Новы Запавет», 1641) прыйшоў да высновы, што род Агінскіх, падобна «месяцу з звездою», «к небу дорогу ўказывает». Большасць княжацкіх гербаў мелі прадметы рэлігійнага культу, таму ў эпіграмах вытлумачэнне ўнутранага сэнсу рэлігійных сімвалаў займала істотнае месца, найбольш часта ўвагу прыцягваў «крыж».

Да паэтычных жанраў належалі і вершаваныя звароты да чытача, жыхароў пэўнага горада, сацыяльнага стану або народа. Пераважна такую форму надаваў сваім вершам Беняш Будны. Так, яго пераклад на польскую мову твора Цыцэрона «Пра старасць» пачынаўся вершам «Зварот перакладчыка да Сармацыі». У ім паэт, звяртаючыся да чытача, даваў абяцанне накіраваць усю сілу свайго таленту на служэнне Айчыне. У другім творы — «Апафегматы» — Б. Будны ў звароце да чытача разважаў пра сэнс жыцця і прызначэнне чалавека. Паэт перакананы, што высакароднасць, дабрыня і павага адзін да аднаго, нястомная барацьба са злом, сцверджанне ісціны заслугоўваюць узнагароды і ўсялякіх заахвочванняў; толькі яны маюць сэнс і права на існаванне.

Вершаваныя звароты змяшчаў у творах і Ян Пратасовіч. Тэксту яго «Ялмужніка» папярэднічаў верш з найменнем: «Зварот да Чытача», дзе аўтар коратка выкладаў змест твора, раскрываў сімвалічную сутнасць «ялмужны» (міласці). На яго думку, той, хто падае міласціну, сам урэшце карыстаецца яе пладамі, бо «ялмужна» ачышчае душу чалавека ад грахоў, пазбаўляе яе тагасветных пакут. Клапоцячыся пра жабракоў і ўбогіх чалавек знаходзіць шлях да Бога, у яго сэрцы нараджаецца дабро і вялікая любоў, ува ўсіх зямных справах на дапамогу яму прыходзяць Божыя слугі — нябесныя анёлы. Для мастацкага метаду Я. Пратасовіча характэрна імкненне раскрываць у вершаваным прысвячэнні сэнс усяго твора. З гэтай мэтай ён выкарыстоўваў розныя прыёмы. Адзін з іх — самахарактарыстыка героя. Так пабудаваны твор Я. Пратасовіча «Паранімфус», дзе ў прысвячэнні герой паведамляў пра свае абавязкі шафера, якія ён павінен быў выконваць у час вяселля. Многія творы Я. Пратасовіч прысвячаў канкрэтным гістарычным асобам, пра што і паведамляў у вершаваных прадмовах. Так, у вершы, які папярэднічаў твору «Кантэрфет», гаварылася, што ён напісаны ў гонар князя Аляксандра Палубенскага. Адрасуючы творы знатным людзям, паэт разлічваў на велікадушнасць і шчодрасць мецэнатаў.

Група панегірычных твораў XVI—XVIII ст. прадстаўлена вершамі-прывітаннямі, напісанымі з нагоды вяселляў. Найбольш яркімі прыкладамі твораў гэтага жанру з'яўляюцца ўжо згаданы твор Я. Пратасовіча «Паранімфус» і «Зорнае неба» А. В. Высоцкага. У такіх вершах аўтары жадалі тым, хто бярэ шлюб, шчасця і дабрабыту, сумленнасці і ўзаемнай адданасці, напаміналі пра Божае паходжанне шлюбу. Тым, хто браў шлюб, раілі пакінуць уцехі маладосці, накіраваць думкі на клопат пра сям'ю і гаспадарку. У творах, прысвечаных вяселлям, выявілася барочнае імкненне да стварэння нечаканых, часам шматзначных паралеляў і параўнанняў. Так, Я. Пратасовіч праводзіў паралелі паміж сваімі героямі і падзеямі біблейнай гісторыі. Аўтар «Зорнага неба» прыраўноўваў маладых да нябесных планет.

Разнавіднасцю панегірычных жанраў з'яўляліся дэкламацыі. Першая вядомая дэкламацыя належала Філафею Утчыцкаму. Яна была напісана з нагоды вяртання ў Полацк абраза Божай Маці і складаецца з васьмі частак, кожная з якіх прамаўлялася адным з вучняў брацкай школы ў час тэатралізаванай сустрэчы абраза. У прывітаннях гучаў напамін пра радасць жыхароў горада. Асноўны пафас дэкламацыі — выяўленне радасці і захаплення ў прадчуванні ўсеагульнай Божай ласкі. У свядомасці аўтара вяртанне абраза ўспрымалася як прыход абаронцы, ратавальніка. Ф. Утчыцкі параўноўваў абраз Божай Маці з, непрыступнай для ворагаў «сцяною», «вежаю», «крэпасцю», «зачыненай брамай», «дзвярыма», «непраходзімай дарогай». Звяртаючыся да Багародзіцы, паэт прасіў быць хавальніцай «ад злых ерэтыкоў», абаронцай ад сарацынаў і схізматыкаў. У тым, што абраз Божай Маці перадаваўся Полацку, аўтар бачыў «мудрасць» і «велічнасць» уладаў. Заключныя словы дэкламацыі — зварот да маскоўскага цара і яго сям'і, патрыярха, князёў і баяраў.

Берасцейская унія (1596) выклікала да жыцця новыя напрамкі ў палемічнай паэзіі. Палемічныя вершы змешчаны ў творы «Пытанні і адказы праваслаўнаму з папежнікам» (1603). Да сённяшніх дзён дайшлі таксама «Кіева-Міхайлаўскі» і «Загараўскі» зборнікі і асобны рукапісны твор «Скарга жабракоў да Бога». Палемічнымі з'яўляліся некаторыя вершы М. Сматрыцкага, чатырохрадкоўе А. Мужылоўскага, ананімныя «Вершы дададзеныя».

Змест барацьбы часоў Рэфармацыі і Контррэфармацыі шмат у чым вызначыў характар палемічнай паэзіі канца XVI—XVII ст. Спрэчкі вакол пытанняў дагматыкі займалі першараднае месца, таксама канфесіямі распачалася дыскусія, у цэнтры якой апынуліся надзённыя праблемы: аб моўнай сітуацыі, аб сутнасці «навукі» і яе грамадскай значнасці, аб міжнацыянальных і міжнародных адносінах, свецкай і царкоўнай уладзе, а таксама звязаныя з імі маральна-этычныя нормы.

Пазіцыю каталіцкіх дзеячаў выклаў Пётр Скарга ў творы «Берасцейскі сабор і абарона яго» (Кракаў, 1597). Супраць твораў П. Скаргі і ім падобных скіравана сатырычнае пяро праваслаўных паэтаў-палемістаў. Шмат вершаў антыкаталіцкага і антыўніяцкага зместу ў «Загараўскім зборніку»; «Аб адступніках ад царквы», «Аб ілжэпастырах», «Аб лацінскай ганарлівасці», «Хрышчэнне без міра ў рымлянаў», «Непакорлівасць папы Хрысту», «Пыха папская», «Царква заходняя блюзнерыць», «Аб памылках рымскіх», «Непрыязь лацінская» і інш. У палемічных вершах рэзка крытыкаваліся рымскі папа і каталіцкія іерархі. Праваслаўныя паэты-палемісты называлі каталіцкага ўладыку найвялікшым з грэшнікаў, увасабленнем д'ябла на зямлі, слугою сатаны, антыхрыстам, што імкнецца да сусветнай улады, богаадступнікам і ерэтыком, пагражалі яму судным днём і пеклам. Асаблівае абурэнне ў іх выклікалі тыя, хто «здрадзіў» сваёй колішняй веры і перайшоў ва ўніяцтва. Звяртаючыся да народа, заклікалі не верыць рымскім настаўнікам і «здраднікам-уніятам».

Разважаючы пра вытокі чалавечага пазнання і магчымасці розуму, праваслаўныя аўтары ў палемічных творах ставілі пытанне пра памылковую і сапраўдную «мудрасць». Сваю пазіцыю яны выкладалі ў вострай палеміцы з «вучонасцю» каталіцкіх іерархаў. «Мудрасць», якую прапаведвалі лацінскія настаўнікі на іх думку, з'яўлялася хлуснёю, наскрозь працятая ліслівасцю і вядзе толькі да павелічэння зла, прыўносіць разлад. Толькі тая «мудрасць» і тыя навукі могуць быць сапраўднымі, што выхоўваюць дабрачыннасць, выкараняюць зло, абуджаюць у сэрцах людзей любоў і павагу да іншых, пазбаўляюць чалавечы род ад нянавісці, жорсткасці і варожасці. Праваслаўныя паэты-палемісты лічылі, што сапраўдная «мудрасць» змешчаная ў грэка-візантыйскім (усходнім) вучэнні. Яна зыходзіць ад Бога і выкладзеная ў боганатхнёных славянскіх кнігах, якія ёсць «сонца душам», «духоўны рай», «разумныя кветкі». Таму, падкрэслівалі праваслаўныя аўтары, неабходна вывучаць славянскую навуку, пазбягаць «прэлесці лацінскай».

На думку езуіта П. Скаргі права стацца моваю навукі належала толькі лацінскай і царкоўнаславянскай мовам. У адказ на гэтыя словы праваслаўныя палемісты XVI—XVII ст. выступілі супраць усялякага выкарыстання славянамі латыні.

Маральна-этычныя аспекты грамадска-палітычных і культурных праблем, якія ўздымаліся ў паэтычных творах, знайшлі адлюстраванне ў творчасці манаха Віталія. Своеасаблівасць яго мастацкага метаду ў тым, што імкнучыся да філасофскага абгрунтавання сваёй пазіцыі і поглядаў, ён даваў азначэнні эстэтычных і маральна-этычных катэгорый, такіх, як «прыгажосць», «каханне», «сяброўства», «годнасць», «шчасце», «шчырасць» і інш. Публіцыстычная скіраванасць і эстэтычная завершанасць вершаў-перакладаў Віталія сведчаць, што ён быў адным з лідараў праваслаўнага лагера ў палемічнай барацьбе.

Прадстаўнікі каталіцтва і праваслаўя нярэдка ядналіся ў барацьбе супраць рэфармацыйнага руху. Антырэфармацыйнымі паводле зместу з'яўляліся многія вершы з «Кіева-Міхайлаўскага зборніка»: «На арыянаў», «Здрада ерэтыкам», «Аб ілжэпрароках», «На новаверцаў», «Дзёрзкасць злое ерасі». У вершах праваслаўны аўтар (або аўтары), адзначаючы ідэйную сувязь «адступнікаў» з старыжытнымі «ерэтыкамі», востра крытыкавалі вучэнне рэфарматараў, прапанаваную імі пабудову царквы, адносіны да царкоўных абрадаў.

Да літаратурных помнікаў, створаных прыхільнікамі каталіцтва і накіраваных супраць дзеячаў рэфармацыйнага руху, належыць ананімнае «Прывітанне на прыезд Н. Лютэрмахра». Напісанае лацінкай, макаранічнай беларуска-польскай мовай, «Прывітанне» — адзін з узораў палітычнай сатыры. На тытульным аркушы паведамлялася, што яно выдадзена ў «Вітэмбергу», хаця на самай справе было надрукавана ў Вільні ў 1642, а аўтарам яго быў невядомы паэт-езуіт, які выступаў ад імя Санькі Налівайкі. Вершаванае «Прывітанне» накіраванае супраць лютэранскага пастара, які прыехаў у Вільню. Герой «Прывітання» — селянін, нібыта праваслаўнага веравызнання. Негатыўныя адносіны да пратэстанцкага настаўніка суправаджаліся пагрозамі і абразамі: «сукін род», «лысы бес» і г.д. Сярод улюбёных прыёмаў аўтара — каламбуры і гупьня слоў. Арыгінальна і ўдала ён абыграў слова «магіла» і прозвішча вядомага кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы.

Уніяцкая палемічная паэзія мела філасофска-тэалагічны ўхіл. Яркі яе прадстаўнік — Кірыла Транквіліён-Стаўравецкі. Яго трактаты «Люстра багаслоўя» і «Евангелле павучальнае» (1618) уключалі шмат паэтычных тэкстаў, а «Перла шматкаштоўнае» было амаль напалову напісанае вершамі. Аўтар імкнуўся данесці ў даходлівай форме вучэнне пра Бога і сусвет. Ён выклаў «у метрах» вучэнне аб Тройцы, анёлах, растлумачыў радкі малітвы «Ойча наш», перадаў вершамі адносіны да святых апосталаў, мучанікаў за веру, тэолагаў мінулага і манахаў. У склад «Перла шматкаштоўнага» ўвайшоў цыкл вершаў, напісаных з нагоды найважнейшых падзей у жыцці хрысціян. Ён не цытуе ідэйных праціўнікаў, а займаецца толькі падборам аргументаў на карысць сваіх тлумачэнняў філасофска-багаслоўскіх тэзісаў. Да ўніяцкіх паэтаў належаў таксама Якуб Пшаніца, аўтар палемічных вершаў, накіраваных супраць С. Зізанія.

Да палемічнай паэзіі набліжаецца твор «Гутарка ў Маскве» (1601), напісаны, напэўна, сакратаром велікакняжацкай Дзяржаўнай канцылярыі Г. Пельгрымоўскім.

На скрыжаванні вусна-паэтычнай творчасці і кніжных традыцый у паэзіі XVI—XVII ст. узніклілі ляманты, або галашэнні. Найбольш вядомыя помнікі гэтага жанру — «Лямант на смерць Лявона Карповіча» (1620) М. Сматрыцкага, «Рэха жалю на смерць Іосіфа Бабрыковіча» (Еўе,1635) С. Косава, паэтычныя плачы братоў Баніфацыя і Казіміра Пацаў «Вобраз жанчыны» (1642), Міхала і Стафана Друцкіх-Горскіх «Галашэнне сыноў» (1642).

Услаўляючы Творцу, паведамляючы пра богаўгодныя справы нябожчыка, можна было, на думку хрысціянскіх кніжнікаў, здабыць вечнае жыццё; аўтары плачаў падпарадкоўвалі гэтаму свой арсенал сродкаў мастацкага абагульнення. Творы таксама былі звязаныя з дзяржаўна-палітычнай барацьбой, філасофскімі, сацыяльнымі, этычнымі праблемамі.

У літаратурным плачы, як правіла, прысутнічалі тры героі: нябожчык і асоба, якая ўслаўляе дабрачыннасць памерлага, а таксама блізкі, родны чалавек нябожчыка. Аўтар выступаў у ролі героя, які смуткуе, і адначасова з'яўляўся суцяшальнікам. Дзякуючы гэтаму дасягалася зліццё ў адзіную мастацкую тканку лірычнага і драматычнага пачаткаў, а частыя і шматлікія пытанні і воклічы стваралі ўражанне непадробнага смутку і жалобы. Галоўнае месца займалі матывы «жыцця» і «смерці». Чалавечае жыццё паказвалася ў адпаведнасці з уяўленнем пра часовасць, тленнасць, нікчэмнасць усяго існага.Пры апісанні чалавечага цела аўтары ўжывалі адмоўныя фарбы. Пагарджанне цялесным, аскетызм на думку аўтараў плачаў, з'яўлялася ідэалам жыцця. Аўтары «Рэха жалю» сцвярджалі: нараджэнне і смерць — натуральны стан прыроды; імкненне пазбегнуць устаноўленага парадку — бяссэнснае, як немагчыма перашкодзіць усходу і захаду сонца, так нельга і прадухіліць прыход смерці.

Цэнтральнае месца ў літаратурных плачах займала тэма ідэальнага чалавека. Сцверджанне пэўнага ідэалу ажыццяўлялася пры дапамозе шматлікіх сродкаў і ў розных кірунках. Часцей за ўсё выкарыстоўваўся прыём услаўлення аўтарам асабістых добрых якасцей героя. Часта герой ператвараўся ў сааўтара і разважаў пра каштоўнасці жыцця. Пераважнае месца займаў аналіз этычных праблем.

Так, надзяляючы Л. Карповіча рысамі ідэальнага чалавека, аўтар «Ляманту...» паўтараў, што ў жыцці неабходна прытрымлівацца веры, праўды, набожнасці, святасці, пазбягаць цялесных грахоў, хвароб, абжорства, «азябласці» душы, «нядбальства». Імкненне стварыць вобраз станоўчага героя было характэрна і для аўтараў іншых літаратурных плачаў. Казімір і Баніфацый Пацы ў творы на смерць Зоф'і Зяновічаўны-Слушчынай услаўлялі добрыя якасці гераіні, якая мела неардынарны розум, клапацілася пра бедных, дапамагала мужу, была вельмі набожнай; адметная рыса характарыстыкі асобы гераіні — вядомасць яе імя ў Еўропе.

Ідэйна-мастацкая асаблівасць літаратурных плачаў — іх сувязь з народнымі галашэннямі. Зварот да сіл прыроды: сонца, ветру, зямлі, нябёсаў, уласцівы фальклору, выкарыстоўваўся і ў літаратурных плачах. Як і ў народных галашэннях, персанажы толькі прамаўляюць маналогі. Шматразовыя паўторы, прасякнутыя вусна-паэтычнай стыхіяй, і адначасовае выяўленне аўтарскіх адносін да розных з'яў садзейнічалі стварэнню шматпланавых, выразных карцін, якія выклікалі ў чытача і слухача абвостранае, экзальтаванае ўспрыманне тэксту.

Для доказу, пацверджання думак мелі месца спасылкі на Біблію, царкоўнае паданне і выказванні вядомых дзяржаўных дзеячаў. У аргументаванні аўтары, як правіла, кіраваліся прынцыпам: чым больш старажытнае — тым больш аўтарытэтнае і пераканаўчае; яны звярталіся і да рымскай, і агульнаславянскай міфалогіі.

Адметная рыса літаратурных плачаў — апісанне псіхалагічнага стану героеў. Унутраныя перажыванні, духоўны дыскамфорт, пакуты сумлення сталі аб'ектам пільнай увагі. Шматкроць сустракаюцца ўласцівыя літаратуры барока апісанні «цяжкіх стогнаў», «сардэчных боляў», пакут і гора, якія суправаджаліся рыданнямі «асірацелых». Літаратурныя плачы мелі своеасаблівую лексіку. Часта ў іх ужываліся словы «трывога», «журбота», «слёзы», «уздыханне», «плач», «страта», «боль», «жаль», «смутак», «смерць», «гора», «стагнанне» і інш.

Паэты, імкнучыся дасягнуць максімальнага ўздзеяння на чытача, выкарыстоўвалі сімволіка-метафарычныя сродкі. Сімвалічным сэнсам напаўняліся такія паняцці, як «чаша», «дрэва», «мутная вада», «каса», «меч», «трубы», «карабель», «корань», «вуж», «голуб» і інш. Метафары выкарыстоўваліся пераважна для характарыстыкі герояў. Характарызуючы Карповіча, аўтар славутага «Ляманту...» называў яго «бацькам стада», «сынам царквы», «маткаю сірот і ўдоў упалых», «братам вялікіх і малых», «усіх вочы», «рукі», «жродла», «рака даброці», «нядошлае бяздонне». Вялікае значэнне ў плачах надавалася параўнанням, часта складаным і шматпланавым. З мэтай дасягнення мастацкай выразнасці, даступнасці выкладання нярэдка ўжываліся народныя прыказкі і прымаўкі: «смерць у зубы не глядзіць», «з друга вораг, з брата воўк».

 
Тытульны аркуш першага выдання «Песні пра зубра» Міколы Гусоўскага. Кракаў, 1523

Пра новы крок у развіцці паэзіі Беларусі сведчыла з'яўленне на пачатку XVI ст. лацінамоўных паэм Яна Вісліцкага «Пруская вайна» (1516) і Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра» (1523), а ў канцы XVI — першай палове XVII ст. шырокіх вершаваных, эпічных твораў: гісторыка-мемуарных, рыцарскіх паэм — Андрэя Рымшы «Дзесяцігадовая аповесць пра вайсковыя справы Крыштофа Радзівіла» (1585) і Яна Радвана «Радзівіліяда» (Вільня, 1588). У мастацка-выяўленчым плане яны сталі новай з'явай у беларускай літаратуры, што паступова вызвалялася ад схематызму і спрошчанасці адлюстравання падзей. Майстры слова выявілі тэндэнцыю звароту літаратуры да рэальных, абумоўленых жыццёвай сітуацыяй падзей. Яны звярнуліся да новых тэмаў, ваеннай і палітычнай гісторыі, загаварылі пра складаныя грамадскія працэсы, вострыя міжнародныя і сацыяльныя дачыненні. Праява новай практыкі мастацкага асэнсавання рэчаіснасці ў паэмах А. Рымшы і Я. Радвана — рэалізацыя творчай канцэпцыі матываванасці ўчынкаў герояў рэаліямі жыцця, канкрэтна-гістарычнымі падзеямі. Праўда, майстры слова пры абмалёўцы персанажаў яшчэ не ставілі за мэту стварэнне псіхалагічных партрэтаў, што ўласціва літаратуры Новага часу. Вонкавы свет не праходзіць праз суб'ектыўнае ўспрыманне герояў, яны не ведаюць пакут сумлення, не вагаюцца ў выбары шляхоў і сродкаў, усю сваю энергію, як правіла, скіроўваюць на дасягненне пастаўленых мэтаў.

У XVII ст. паэзія ўзбагацілася філасофска-публіцыстычным жанрам, узорам якога з'яўлялася паэма магілёўскага паэта Тамаша Яўлевіча «Лабірынт, або Заблытаная дарога» (1625). Твор унікальны сваім зместам помнік, у ім, бадай, упершыню ў беларускай літаратуры ў паэтычнай форме прагучаў узнёслы гімн навуцы, адукацыі, асвеце, мудрасці.

Да ліку паэтычных рарытэтаў належаць два вершаваныя творы Г. Пельгрымоўскага: «Пасольства да вялікага князя маскоўскага» (1603) і «Пасольства да Жыгімонта III Вазы ад вялікага гаспадара Барыса Фёдаравіча Гадунова» (1603). Аўтар здзейсніў творчы эксперымент, спалучыўшы ў адным мастацкім дыскурсе эпас і драму. Драматургічныя дыялогі гарманічна перамяжоўваліся з эпічнымі апісаннямі, вершаваныя аповедамі, аналітычнымі развагамі.

У старажытны перыяд развіцця беларускага прыгожага пісьменства зарадзілася плынь нацыянальнай патрыятычнай паэзіі, да якой належыць верш Яна Казіміра Пашкевіча «Польшча квітнее лацінай». Паэт стварыў сапраўдны гімн роднай мове. Я. К. Пашкевіч у патрыятычным вершы адстойваў права беларускай мовы на існаванне і падкрэсліваў яе значэнне ў жыцці ўсяго Вялікага Княства Літоўскага. У творы Я. К. Пашкевіча прагучала ідэя пра тое, што народ жыве да таго часу, пакуль жыве яго мова.

ПубліцыстыкаПравіць

Старажытнабеларуская мастацкая публіцыстыка дзялілася на свецкую і рэлігійную, уключала палемічныя трактаты, прамовы, вітанні, сатырычна-парадыйныя творы, эпісталы, прадмовы і пасляслоўі, прысвячэнні, словы, катэхізісы, казанні.

Аснову складалі палемічныя творы, яны акрэсліваліся як «адказы», «аспрэчанні», «абароны», «абвінавачанні», «выкрыцці», «спрэчкі», «водпісы» і інш. У канцы XVI—XVII ст. для абазначэння семантычных дамінант і жанравых форм пачалі ўжывацца грэчаскія і лацінскія тэрміны, што выносіліся на тытулы твораў: «апокрысіс», «антырызіс», «антыдотум», «апалогія» і г.д.

Першым палемічным трактатам у старажытнабеларускай літаратуры можна лічыць твор мітрапаліта Георгія «Спрэчка з лацінай: 27 абвінавачанняў» (XII ст). Палемічнае гучанне маюць словы Кірылы Тураўскага «Указанне, адкуль сярод людзей жыццё без жаніцьбы» і «Слова пра кніжнае шанаванне», а таксама «Прыпавесць пра чалавечую душу і цела, або Пра Сляпога і Кульгавага», скіраваная супраць епіскапа Феадорца.

«Пасланне дэ прэсвітэра Фамы» Клімента Смаляціча (XII ст.) уяўляе сабой палемічны адказ апаненту. Да жанру выкрыцця належыць трактат мітрапаліта Кіпрыяна «Пасланне да ігуменаў Сергія і Феадора з выкрыццём беспадстаўных дамаганняў Маскоўскай мітраполіі архімандрытам Міцяем». Традыцыі палемічнага жанру прадоўжыў Грыгорый Цамблак, аўтар «Слова, якую веру трымаюць немцы».

У пачатку 1560-х г., як водгук на падрыхтоўку уніі Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы ўзнікла палітычная літаратура, узорам якой ёсць трактат А. Ротундуса (Л. Мялешкі) «Размова Паляка з Літвінам» (1562). У жанры палітыка-палемічнага трактата напісана «Паведамленне добрасумленнага Літвіна братам сваім, народу літоўскаму» К. Валадкевіча (1592), а таксама асобныя ананімныя творы.

Росквіту палемічная літаратура дасягнула ў другой палове XVI ст., з пашырэннем рэфармацыйнага руху. Ананімнае «Спісанне супраць лютэраў» (сяр. XVI ст.) належыць да найбольш ранніх выступленняў праваслаўных пісьменнікаў супраць пратэстанцтва. Пры канцы 1560-х г. узнікла палеміка паміж князем Мікалаем Радзівілам Чорным і папскім нунцыем Алоізам Ліпаманам, пазней апублікаваная пад тытулам «Два лісты» (1599). Значныя палемічныя творы належаць пяру Сымона Буднага: «Кароткі доказ таго, што Хрыстос не з'яўляецца такім жа Богам, як Бог Айцец» (1574), «Аб асноўных артыкулах Хрысціянскай веры» (1576), «Абарона ўрада» (1583) і інш. Помнікам гэтага жанру з'яўляецца памфлет віцебскага прапаведніка Кузьмы (Андрэя) Каладынскага «Ліст Полаўца Івана Смеры да вялікага князя Уладзіміра» (пасля 1560), дзе крытыкуецца рэлігійная дактрына праваслаўя і каталіцтва.

А. Волан, падчас дыскусій з езуітамі, апублікаваў каля 25 палемічна-публіцыстычных твораў, сярод якіх — «Абарона сапраўднага царкоўнага вучэння» (1579), «Абвяржэнне ідалапаклоннікаў, віленскіх прыхільнікаў Лаёлы» (1593), «Некалькі пасланняў супраць прыхільнікаў Сарніцкага» (1592) і інш. На выступы пратэстанцкага пісьменніка адказалі каталіцкія аўтары: М. Ляшч («Вячэра евангелікаў», 1594; «Іудзіцыум, або Асуджэнне», 1594) і М. Сміглецкі творам «Пра спрадвечную боскасць Хрыста» (1595). 3 палемічным творам «Пра абразы і рэліквіі», накіраваным супраць пратэстантаў, выступіў праваслаўны пісьменнік Ф. Баравік. Вядомыя таксама некалькі ананімных антыпратэстанцкіх твораў: «Аб абразах і крыжу» (1602), «Пра Тройцу» (1602), «Супраць аповесці цяперашніх ерэтыкоў», аўтарства якіх належала праваслаўным пісьменнікам.

«Сціслы адказ» Феадула і «Зачапка» Крыштофа Русіна — творы праваслаўных пісьменнікаў, скіраваныя супраць каталіцкіх аўтараў, у прыватнасці П. Скаргі. Асаблівае месца ў палемічнай літаратуры займае твор «Супраць жыдоў і лацінянаў» (1580), у якім праваслаўны аўтар вядзе, побач з антыкаталіцкай, антыіудзейскую дыскусію.

Пасля з'яўлення ў 1595 «Катэхізіса» Стафана Зізанія, супраць яго былі апублікаваныя творы Шчаснага Жаброўскага «Кукаль, які рассявае Стафан Зізаній у праваслаўных цэрквах Вільні» (1595) і Якуба Пшаніцы «Плевы ерэтыка Стафана Зізанія» (1596).

Новы этап у развіцці палемічнага жанру быў звязаны з падрыхтоўкай і падпісаннем Берасцейскай царкоўнай уніі (1596). У абарону Берасцейскага Сабора і Уніі напісаны твры П. Скаргі «Апісанне і абарона Сабора рускага Берасцейскага» (1597), I. Пацея «Адказ на Ліст Клірыка Астрожскага» (каля 1598), «Ліст да князя Канстанціна Астрожскага» (1598),«Антырызіс» (1600), «Адказ на Ліст Мялета, александрыйскага патрыярха» (1601), I. Марахоўскага «Парыгорыя», П. Федаровіча «Абарона Фларэнційскага Сабора» (1603), Л. Крэўзы «Абарона царкоўнай еднасці» (1617).

Да найбольш значных палемічных антыўніяцкіх трактатаў належаць: «Апокрысіс» (1597) Крыштофа Філалета, ананімныя «Сказ супраць Уніі» (1597) і «Эктэзіс» (1597). Супраць Уніі было скіравана сатырычнае пяро Клірыка Астрожскага, аўтара двух палемічных лістоў да I. Пацея, а таксама ананімныя «Гісторыя пра разбойніцкі Ферарскі, або Фларэнційскі Сінод» (1598) і «Перасцярога» (каля 1600—05). М. Сматрыцкі ў гэты перыяд напісаў у абарону Праваслаўя два багаслоўскія трактаты «Антыграфі» (1608) і «Трэнас» (1610).

Уклад у развіццё палемічнага жанру ў канцы XVI — пачатку XVII ст. ўнеслі: Андрэй Мужылоўскі («Адказ на Ліст віленскіх уніятаў», 1616) і 3. Капысценскі («Палінодыя», 1619—20).

Хвалю палемічных твораў спарадзілі падзеі 1620 года, калі іерусалімскі патрыярх Тэафан узнавіў Кіеўскую праваслаўную мітраполію і без манархавага дазволу і прызначыў праваслаўным мітрапалітам Іова Барэцкага.

Палеміку распачаў М. Сматрыцкі. У красавіку 1621 ён апублікаваў «Верыфікацыю нявіннасці». У адказ уніяцкі мітрапаліт Я. Руцкі выступіў з трактатам «Падвойная віна» (1621). М. Сматрыцкі неадкладна надрукаваў «Абарону Верыфікацыі» (1621). У тым жа годзе Я. Руцкі адгукнуўся «Экзаменам Абароны». М. Сматрыцкі адказаў «Апендыксам на Экзамен Абароны Верыфікацыі» (1622). Да палемікі далучыліся дзяржаўныя дзеячы ВКЛ — Я. Скумін-Тышкевіч, М. Трызна, А. Храптовіч, Ю. Мялешка. У 1621 пад іх аўтарствам з'явіўся «Ліст да законнікаў манастыра Святога Духа», скіраваны супраць палемічных трактатаў М. Сматрыцкага. У 1622 адбылася літаратурная дуэль паміж М. Сматрыцкім і ўніяцкім пісьменнікам А. Сялявам.

Уніяцкі царкоўны дзеяч І. Кунцэвіч меркаваў, што з часам удасца далучыць праваслаўных да ўніяцтва. Гэта відаць у яго палемічных лістах да Л. Сапегі (1621) і да Я. Руцкага, дзе аўтар прапаноўваў жорсткую лінію паводзін у дачыненні да «схізматыкаў». Канцлер Л. Сапега выступіў за мякчэйшае і памяркоўнае стаўленне да праваслаўных, гэта выявіліся ў «Лісце да Я. Руцкага», «Адозве з нагоды непадпарадкавання магілеўцаў уніяцкаму арцыбіскупу А. Сяляву» (1621), «Адказе на ліст І. Кунцэвіча» (1622).

Апошняе слова ў дыскусіях, што доўжыліся каля трох гадоў, сказаў М. Сматрыцкі. У снежні 1622 ён апублікаваў «Юстыфікацыю нявіннасці», адрасаваную непасрэдна Жыгімонту Вазу, а ў 1623 «Суплікацыю» — ліст да сенатараў і дэпутатаў Сойма.

Палемічныя творы ўзнікалі ў час дыскусій вакол праекта «новай уніі» ў другой палове 1620-х гадоў. Мялецій Сматрыцкі піша «Апалогію» (1628), «Апалею апалогіі» (1628), «Пратэстацыю» (1628) і «Парэнэзіс» (1629). У 1628 Тодар Ліцыній Намыслоўскі выдае «Коўзкі пляц». А. Мужылоўскі, колішні паплечнік М. Сматрыцкага, выступіў супраць яго з «Антыдотумам» (1629), абрынуў шквал абвінавачанняў і паклёпаў. На гэта М. Сматрыцкі адказаў «Экзетэзісам» (1629). Да дыскусіі далучыўся А. Дзіпліц, які надрукаваў «Антапалогію» (1632) і ананімны аўтар, што падрыхтаваў памфлет «Тропар і кандак».

У канцы 1632 уніяты апублікавалі ананімны твор «Правы і прывілеі», а ў 1633 — «Святую еднасць Усходняй і Заходняй Цэркваў». Праваслаўныя адказалі на іх трактатам «Рым, або Рымская сталіца...». У 1634 абаронца уніі К. Скупенскі выступіў з творам «Русін, або Рэляцыя размовы двух русінаў».

Шэраг палемічных трактатаў быў напісаны ў 1640-х. Сярод аўтараў: Тодар Скуміновіч, Іван Крэчмер, Пахом Война-Аранскі, Ян Дубовіч. Уклад у развіццё палемічнай літаратуры ўнёс Касіян Саковіч, асаблівае месца належыць яго «Перспектыве» (1642), супраць якой выступіў Пётр Магіла з творам «Літас» (1644). К. Саковіч адказаў на крытыку творам «Кайло, або Молат на крушэнне камянёў схізмы» (1646).

У другой палове XVII—XVIII ст. традыцыі палемічнага жанру працягвалі: Тэафіл Рутка, Павел Бойм, Кіпрыян Жахоўскі, Іван Кулеша. Сярод праваслаўных пісьменнікаў-палемістаў вылучаліся Іанікій Галятоўскі, Лазар Барановіч, Інакенці Гізель, Варлам Ясінскі.

Да найбольш старажытных, устойлівых жанравых форм рэлігійнай публіцыстыкі належалі ўрачыстыя словы і казанні, што прамаўляліся ў дні царкоўных свят. Першыя арыгінальныя ўрачыстыя казанні на Беларусі з'явіліся ў XII ст. Папулярнасцю на працягу XII—XVII ст. карысталіся казанні велікоднага цыкла Кірылы Тураўскага, у якіх былі акрэсленыя каноны, творчыя прынцыпы і паэтыка гэтага літаратурнага жанру.

Наступны этап развіцця жанру ўрачыстых казанняў лучыцца з імем Грыгорыя Цамблака, у беларускі перыяд (1414—19) ён напісаў шэсць урачыстых пропаведзей. Майстрам прапаведніцкага жанру быў Лявонцій Карповіч, які пры жыцці апублікаваў «Казанье двое: одно «На Преображеніе Господа Бога и Спаса нашего Ісуса Христа» і «На Успеніе пречистое и преблагословенное владычицы нашое Богородицы присно Девы Маріи, которое мел отец Леонтій Карпович, архимандрит монастыра общежителнаго братского Виленского церкви Сошествія Святаго и Животворящаго Духа, в года 1615, месяца августа» (1615). Да жанру ўрачыстай пропаведзі звяртаўся ўніяцкі мітрапаліт Іпацій Пацей, які падрыхтаваў для друку зборнік казанняў на старабеларускай мове, але, з розных прычын, яны былі апублікаваныя толькі на пачатку XVIII ст. у перакладзе на польскую. У рукапісным выглядзе захаваўся зборнік урачыстых казанняў І. Кунцэвіча. Напісаныя на старабеларускай мове, яны адрозніваюцца філасофскай заглыбленасцю. Папулярнасцю карысталіся творы прапаведніцкага жанру К. Транквіліёна-Стаўравецкага. Пісьменнік выдаў іх асобнай кнігай пад тытулам: «Евангелле павучальнае». Некалькі дзесяткаў казанняў склалі аснову другой кнігі I. Галятоўскага «Ключ разумення». Захавалася таксама шмат рэлігійных урачыстых казанняў невядомага аўтарства, напр. ананімны пратэстанцкі зборнік, два ўніяцкія зборнікі.

Выбар тэм казанняў зазвычай адпавядаў царкоўнаму календару: казанне раскрывала сутнасць евангелічнай падзеі або істотны фрагмент хрысціянскай навукі. Казанні пісаліся ў гонар хрысціянскіх святых і прамаўляліся ў дні іх памяці. Існаваў пэўны расклад пропаведзей на год, у казанні дамінаваў пэўны біблейна-евангелічны матыў. Урачыстыя казанні мелі, як правіла, устойліваю кампазіцыю: спачатку пераказваўся змест біблейна-евангелічнай падзеі, затым вытлумачваўся яе сімвалічна-містычны сэнс, і ў заключэнні змяшчаліся дыдактычныя парады, раскрывалася значэнне падзеі для выратавання душы чалавека. Казанні розных аўтараў адрозніваліся стылёва, адны з іх мелі рацыянальнае, лагічна выверанае кампанаванне, у іншых дамінаваў эмацыйна-пачуццёвы, экспрэсіўны пачатак.

Існаваў жанр прамоў на сойме. Яны распаўсюджваліся ў пісьмовым і друкаваным выглядзе, перавыдаваліся асобнымі брашурамі і ў зборніках. Паводле зместу яны падзяляліся на прывітальныя словы, падзякі, віншаванні, абвінавачанні, абароны, словы ў адказ, пратэсты, скаргі, развітальныя словы. Творы гэтага жанру належаць Я. Хадкевічу, А. Валовічу, Л. Сапегу («Слова да Жыгімонта III пры ахвяраванні друкаванага Статута Вялікага Княства Літоўскага»), А. Філіповічу (тры суплікі), С. Пацу («Вітанне караля ад імя пасольскай палаты праз рэферындарыя Вялікага Княства Літоўскага, маршалка пасольскага, а потым падканцлера», 1630), Я. Крышпіну («Прывітальнае слова польнага літоўскага пісара ад імя пасольскай палаты на Гарадзенскім сойме 1693 г.»), Я. Дольскаму («Падзяка падчашага Вялікага Княства Літоўскага за нададзеную годнасць», 1685), Я. Радзівілу («Прамова пры вяртанні пячаткі і булавы Вялікага Княства Літоўскага», 1681), Ф. Сапегу («Прывітальнае слова канюшага Вялікага Княства Літоўскага да караля Яна III», 1678), Я. Копецу («Падзяка ваяводы полацкага за троцкую кашталянію каралю Міхаілу», 1669), В. Кірдзелю («Развітанне гарадзенскага пісара, маршалка пасольскага, па сарваным сойме», 1639). Часта соймавыя прамовы мелі калектыўнае аўтарства, што адлюстроўвала пазіцыю дэпутацкіх груп.

Жанрава адметныя прамовы дыпламатаў, кіраўнікоў вялікіх пасольстваў у час аўдыенцый і міждзяржаўных перагавораў. Узор гэтага жанру — прамовы Л. Сапегі ў Маскве.

 
Тытульная старонка «Катэхізіса» Сымона Буднага. Нясвіж, 1562

Эфектыўнай формай пашырэння хрысціянства лічылася публіцыстыка катэхізічнага, або дыялогавага тыпу. За стварэнне катэхізісаў і дыдаскалій браліся лідары канфесійных супольнасцей, вядомыя тэолагі, майстры слова. Адзін з найбольш значных помнікаў належыць пяру С. Буднага: «Катихисіс, то есть Наука стародавная хрістіаньская от Светого Писма для простых людей языка руского въ пытаніях и отказех събрана» (Нясвіж, 1562). У жанры катэхізіса спрабавалі сілы: С. Зак «Рэгулы» (1559), В. Цяпінскі «Катехисис, або Сума науки детей въ Христе Исусе» (каля 1576), Пётра Канізій «Катехизм» (1585), С. Зізаній «Изложение о Православной вере» (1600), Л. Зізаній «Катехизіс, албо вызнаніе веры святое, соборное, апостольское Въсходнее церкви» (1600), І. Кунцэвіч «Катехизм од слуги Божого Іосафата сочетанный», М. Сматрыцкі «Катэхізіс» (каля 1628), С. Косаў «Дідаскаліа, альбо Наука», Л. Кішка «Собраніе припадков краткое и духовным особам потребное» (1722). Шэраг катэхізісаў, якія дайшлі да нас, ананімныя, напр. «Наука яко верити мает каждый» (1627); да іх прымыкае ананімны твор «Пытанні і адказы праваслаўнаму з папежнікам» (1603).

Папулярнасць катэхізічных твораў была шырокай. Дыялогавая форма, з элементамі спрошчанасці, дазваляла данесці аўтарскую думку ў выглядзе рэцэпта, дыдактычнай сентэнцыі або маральнай рэкамендацыі. Пісьменнік выказаў парады, прапаноўваў шляхі ўдасканалення асобы, суполкі, грамадства. У адных творах дамінавала аўтарская індывідуальнасць, у іншых выяўлялася пазіцыя канфесійнага кангламерата. Адрасаваліся катэхізісы і дыдаскаліі найчасцей усім вернікам, зрэдку толькі святарам, асобныя — дзеткам, што пазначалася на тытулах або агаворвалася ў прадмовах. Паасобныя катэхізісы, напр. «Катэхізіс» І. Кунцэвіча, не мелі падзеленасці на раздзелы, аднак унутрана яны структуяваныя паводле традыцыйнай схемы.

Старажытнабеларускія публіцыстычна-аналітычныя трактаты падзяляліся на філасофскія, багаслоўскія, натурфіласофскія, сацыяльна-этычныя. Яны ствараліся з мэтай абгрунтавання пэўнага вучэння або як альтэрнатыва іншым дактрынам і канцэпцыям. Аўтары часта самі вызначалі іх жанравую прыналежнасць, напр. «навука», «вучэнне», «гутарка», «разважанне», «тэзісы», «філасофія». Да гэтага жанру належалі творы: П. Гоняда «Дасканалае і правільнае вучэнне аб выключным першынстве Хрысціянскай Царквы» (1570), «Аб хрысціянскім Хрышчэнні» (1570), «Пра Сына Божага» (1570), «Аб Трох» (1570); С. Буднага «Вызнанне аб урадзе і ўрадоўцах» (1583); В. Суражскага-Малюшыцкага «Пра адзіную веру» (1588); М. Сміглецкага «Пра спрадвечнасць божую Сына Божага» (1595), I. Пацея «Унія» (1595) і «Гармонія» (1608); Я. Руцкага «Тэзісы» (1608); В. Салінарыуса «Цэнзура» (1616); М. Сматрыцкага «Аб шасці адрозненнях у вучэнні Усходняй і Заходняй цэркваў»; К. Транквіліёна-Стаўравецкага «Люстра багаслоўя» (1646) і «Праўдзівая навука аб Прасвятой Тройцы і адзінага Бога» (1646). Да гэтага тыпу дыскурсаў належаць навукова-аналітычныя трактаты А. Алізароўскага «Пра палітычную супольнасць людзей» (1651), Т. Скуміновіча «Філасофія рацыянальная, натуральная і маральная» (1675), працы П. Раізія, П. Шчэрбіца, Б. Граіцкага.

Атрымала пашырэнне эпісталярная публіцыстыка. Яе прыкладамі з'яўляюцца лісты Ф. Кміты-Чарнобыльскага («Ліст да Астафея Валовіча», 1574), Л. Сапегі («Ліст да уніяцкага мітрапаліта Я. Руцкага», 1621; «Адказ на Ліст І. Кунцэвіча», 1622), Я. Руцкага («Ліст да кардынала Бандыні», 1624), І. Кунцэвіча («Ліст да канцлера Льва Сапегі», 1621), М. Сматрыцкага («Ліст да айца Кірылы, канстанцінопальскага патрыярха», 1627; «Ліст да кіеўскага мітрапаліта Язэпа Руцкага», 1628) і інш.

Адметнай формай сталі творы г.зв. прадмоўна-пасляслоўнага комплексу. Самастойнымі жанравымі адзінкамі можна лічыць прадмовы, прысвячэнні і пасляслоўі, змешчаныя ў выданнях да перакладаў твораў святых айцоў і біблейных тэкстаў. Прадмовы і пасляслоўі да арыгінальных твораў старабеларускіх пісьменнікаў з'яўляліся арганічнай часткай, ідэйна-зместавымі і кампазіцыйна неад'емнымі капанентамі гэтых твораў. Часам, аднак, звароты да чытачоў і падзякі мецэнатам не вылучаліся як самастойныя жанравыя адзінкі, а ўключаліся ў склад агульнай прадмовы ці пасляслоўя.

Прадмовы і пасляслоўі ўтрымлівалі ўжо зборнікі перакладаў XII—XV ст. Майстрам такіх твораў быў Ф. Скарына, аўтар 22 прадмоў, 25 уступных «сказанняў» і звыш 60 пасляслоўяў. С. Буднаму належаць прадмова да выдання апокрыфаў і Новага Запавета (1570), «Прадмова да чытача» у Бібліі (1572), «Прысвячэнне Яну Кішку» і «Прадмова да чытача» ў выданні Бібліі (1574), «Прадмова да чытача», змешчаная ў выданні перакладу кнігі А.-Ф. Маджэўскага «Аб выпраўленні дзяржавы» (1577), «Прадмова да ласкавага чытача», змешчаная ў зборніку «Аб свецкай уладзе» (1583). Захавалася «Прысвячэнне пану Мікалаю Радзівілу» (1572), напісанае братамі Кавячынскімі. А. Волан напісаў «Прысвячэнне пану Мікалаю Аляхновічу Монвіду-Дарагастайскаму, старасту ваўкавыскаму і лепельскаму» у выданні кнігі А.-Ф. Маджэўскага «Аб выпраўленні дзяржавы» (1577). «Прадмова» В. Цяпінскага да яго перакладу Бібліі справядліва лічыцца шэдэўрам літаратурна-публіцыстычнага жанру. Прадмовы, прысвячэнні і пасляслоўі напісалі: Рыгор Хадкевіч, Пётр Мсціславец, Васіль Гарабурда, Кузьма і Лука Мамонічы, Ляввонцій Карповіч, Мялецій Сматрыцкі, Іаіль Труцэвіч і інш. Захаваўся шмат ананімных прадмоў, прысвячэнняў і пасляслоўяў.

У эпоху Рэнесансу з'явіліся помнікі экзэгетычнага жанру. Т. Фальконіус адным з першых асвоіў гэты жанр, апублікаваўшы дзве кнігі каментароў да новазапаветных твораў. Да экзагетычнай літаратуры належыць творы А. Волана «Разважанні пра Пасланне апостала Паўла да жыхароў Эфеса» (1592) і С. Зізанія «Казанне святога Кірылы, патрыярха ерусалімскага «Пра Антыхрыста і знакі яго», з пашырэннем навукі супраць ерасяў розных» (1596).

Публіцыстычная літаратура ўтрымлівала навукова-філасофскія кампаненты. Мастацкая публіцыстыка ў значнай стала прарадзімай нацыянальнай філасофіі, літаратуразнаўства, мовазнаўства, этналогіі, культуралогіі, гісторыі, тэалогіі. Пісьменнікі-публіцысты абгрунтавалі ідэі свабоды, прававой дзяржавы.

Зноскі

  1. І. Саверчанка (2007)

ЛітаратураПравіць

  • Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. Даўняя літаратура: XI — першая палова XVIII стагоддзя. У 2-х т. Т. 1. / Рэд.: В. А. Чамярыцкі. — Мн., 2007. ISBN 978-985-08-0875-2
  • Лойка А. А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд: У 2 ч. — 2-е выд., дапрац. і дап. — Мн., 1989.
  • Мальдзіс А. І. На скрыжаванні славянских традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду: другая палавіна ХVII—ХVIII ст. — Мн., 1980.
  • Саверчанка І. В. Кніжна-пісьмовая культура Беларусі. Адраджэнне і ранняе барока. — Мн., 1998.
  • Саверчанка І. В. Старажытная паэзія Беларусі: ХVI — першая палова ХVII ст. — Мн., 1992.
  • Саверчанка І. В. Паэтыка і семіётыка публіцыстычнай літаратуры Беларусі XVI—XVII стст. — Мінск: Беларус. Навука, 2012.
  • Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад, прадм., камент. І. Саверчанкі — Мінск: Кнігазбор, 2007. — («Беларускі кнігазбор»)

Гл. таксамаПравіць