Старажытная Македонія
Македонія (Старажытная Македонія, Македонскае царства): рабаўладальніцкая дзяржава ў цэнтральнай і паўночна усходняй частцы Балканскага паўвострава, заселенай ілірыйскімі і фракійскімі плямёнамі.
Гісторыя
правіцьІснавала ў з 5 ст. да н.э. да 148 да н.э. Найбольшага росквіту дасягнула ў выніку заваёваў Філіпа II (падначаленне ўсёй Грэцыі) і імперыі Аляксандра Македонскага).
Раннерабаўладальніцкая дзяржава на землях Ніжняй Македоніі склалася на працягу 6—5 ст. да н.э., але яшчэ ў 4 ст. да н.э. плямёны Верхняй Македоніі былі на стадыі родаплемяннога ладу. Шлях утварэння і этнічная прыналежнасць македонскай народнасці застаюцца прадметам спрэчак. Асноўнымі заняткамі насельніцтва дзяржавы былі земляробства і жывёлагадоўля. Непасрэднае суседства з Грэцыяй спрыяла ўздзеянню грэчаскай культуры і мовы, устанаўленню цесных узаемасувязей з грэчаскімі гарадамі-полісамі. 3 утварэннем у Македоніі класавага грамадства адбывалася і яе паступовае палітычнае аб'яднанне, пашырэнне дзяржаўных межаў, умацаванне незалежнасці і рост ваенна-палітычнай магутнасці.
У часы кіравання Філіпа II (359—336 да н.э.) канчаткова сфарміравалася македонская манархія і была падпарадкавана Верхняя Македонія. Гэты цар завяршыў рэарганізацыю войска і стварыў македонскі флот. Імкнучыся пашырыць свае ўладанні і палітычныя ўплывы, а таксама авалодаць марскім узбярэжжам, якое знаходзілася ў руках грэкаў, Філіп II на працягу 357—346 да н.э. вёў вайну супраць Афін і іх саюзнікаў, у выніку якой авалодаў больш чым 30 гарадамі, падпарадкаваў Фесалію і захапіў усё фракійскае ўзбярэжжа Эгейскага мора. Паўторнае яго ўмяшанне ў справы Грэцыі завяршылася ў 338 да н.э. бітвай пры Херанеі, у якой македонскае войска выйшла пераможцам і грэчаскія гарады прызналі гегемонію македонскай манархіі. У 336 да н.э., рыхтуючыся выступіць супраць Персідскага царства і мясцовай знаці, Філіп II стаў ахвярай змовы.
Яго пераемнікам стаў сын Аляксандр Македонскі (336—323 да н.э.), які падавіў паўстанні грэчаскіх гарадоў і ажыццявіў намеры свайго бацькі ў адносінах да Персідскага царства. Ён разбіў цара Дарыя III, заваяваў Персідскую дзяржаву і на яе тэрыторыі ўтварыў сваю вялікую манархію, якая, аднак, была нетрывалай. Пасля смерці Аляксандра імперыя распалася, і Македонія змагалася за кантроль над Грэцыяй з Ахейскім і Эталійскім саюзамі. Пасля ўступлення ў канфлікт з Рымам з-за Ілірыі (Македонскія войны) Македонія панесла паразу, была падзеленая на 4 рэспублікі пад рымскім пратэктаратам, і, нарэшце, улучана ў склад Рыму як правінцыя (148 да н.э.).
Гл. таксама
правіцьЛітаратура
правіць- Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т. 9. Рабкор — Сочы / Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1973. — 640 с.: іл., карты.
- Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — С. 170. — 207 с.: іл. ISBN 5-343-00151-3.