Старабеларуская мова

афіцыйная, літаратурная і размоўная мова Вялікага княства Літоўскага, Малдаўскага княства і ўсходнеславянскіх ваяводстваў Рэчы Паспаліт
(Пасля перасылкі з Стараўкраінская мова)

Старабеларуская мова (рус(ь)кий ѧзыкъ, рус(ь)ка мова[10][11]проста мова[12][13][14][11], бел.: старабеларуская мова, укр.: староукраїнська мова, польск.: język ruski, лац.: lingua ruthenica, lingwa lietowia[15], англ.: Ruthenian language, ням.: Ruthenische Sprache, фр.: ruthène) — усходнеславянская мова, шырока распаўсюджаная на славянскіх землях Вялікага Княства Літоўскага да канца XVII ст., захоўвалася ва ўжытку да пачатку XIX ст.[16] Магчыма, у XV—XVI стст. ужывалася і на некаторых землях Вялікага Княства Маскоўскага[17].

Старабеларуская мова
Саманазва руский языкъ[1][2][3][4][5], русский языкъ[6][7][8], простая мова[9]
Краіны Вялікае Княства Літоўскае, Галічына (Польшча), Малдавія, Гетманшчына
Афіцыйны статус Вялікае Княства Літоўскае
Вымерла
  • З 1696 года афіцыйна страціла статус мовы справаводства.
Класіфікацыя
Катэгорыя Мовы Еўразіі

Індаеўрапейская сям'я

Славянская група
Усходнеславянская падгрупа
Старажытнаруская мова
Пісьменнасць кірыліца
LINGUIST List orv-olr
Фраза «рꙋскиⸯ єзыкь» са Статута ВКЛ 1588 года.

Склалася на аснове ўзаемадзеяння тагачаснай царкоўнаславянскай літаратурнай мовы і народных усходнеславянскіх дыялектаў Вялікага Княства Літоўскага. Пачаткам яе адметнага існавання лічыцца XIV ст.

За межамі Беларусі сустракаюцца варыянты: «заходнеруская мова»[14][18] (у Расіі), «рутэнская мова»[19][20] (у Заходняй Еўропе), «стараўкраінская мова» (ва Украіне), «русінская мова» (у Літве).

Тэрмін

правіць

Гістарычна ёсць шматлікія назвы і азначэнні для гэтай мовы:

Арыгінальныя назвы у пісьмовых крыніцах Вялікага Княства Літоўскага

правіць

Экзалінгвонімы мінулага

правіць
  • беларуская мова (руск.: белорусский язык, белорусское письмо) — у Маскоўскай дзяржаве XVI—XVII стст.[22]; таксама ў Юрыя Крыжаніча. Азначэнне белорусский язык (белорусское письмо) у дачыненні як мовы ХІХ ст., так і мовы Сярэднявечча, ужывалася ў працах расійскіх даследчыкаў ХІХ ст. Буслаева, Аганоўскага, Жыцецкага, Сабалеўскага, Недзешава, Уладзімірава, і паслужыла як аснова для азначэння Яўхіма Карскага.
  • літоўская мова (руск.: литовский язык) — у Маскоўскай дзяржаве XVI—XVII стст.[23]
  • заходнеруская мова (руск.: западнорусский язык) — з XIX ст. найбольш пашыраная назва ў Расіі;
  • літоўска-руская мова (руск.: литовско-руская (руск.: литовско-русский) — расійскія даследчыкі 19 ст. Кепен, архіпіскап Філарэт, Сахараў, Каратаеў.
  • літоўска-славянская мова (руск.: литово-славянский язык) — расійскі даследчык ХІХ ст. Бараноўскі.[24]
  • руска-польская мова — Штрытэр, польскія даследчык Самуіл Багуміл Ліндэ, пісьменнік Вішнеўскі. Азначэнне выкарыстана і пры азначэнні мовы перакладу Бібліі Скарынам.
  • (Старая) заходнеруская (мова або гаворка) (руск.: (древний) западнорусский язык (наречие)) — сустракаецца пераважна ў тых даследчыкаў, якія падтрымлівалі канцэпцыю протарускай стадыі развіцця, асабліва з канца ХІХ ст. — Яўхім Карскі, Аляксей Шахматаў.

Сучасная назва

правіць

Азначэнне «старабеларуская» было ўведзена Яўхімам Карскім (1893) на грунце яе роднаснай блізкасці з народнымі беларускімі гаворкамі XIX ст.

Заходнееўрапейская філалагічная наменклатура і гістарыяграфія, асабліва польская і літоўская, звычайна вызначаюць літаратурную «рус(ь)ку мову» Вялікага Княства Літоўскага агульным тэрмінам «русінская мова» (Ruthenian, Old Ruthenian).

Аднак пытанне дэнамінацыі дзяржаўнай, афіцыйнай і дзелавой мовы ВКЛ застаецца неразвязаным мовазнаўцамі і ў 2000-х гг. Ёсць такія намінацыі, як:

  • «канцылярская мова ВКЛ» (паводле Станга), што абмежавана канцылярскімі і афіцыйнымі дакументамі, якія складаліся ў ВКЛ, і не датычыць усёй старабеларускай пісьменнасці; Даследаванні славіста Хрысціяна Станга (1935) выявілі некалькі тыпаў мовы афіцыйнай пісьменнасці ў ВКЛ[25]:
    • У XIV — пачатку XV ст. — паўднёва-валынскі, паўночна-валынскі, полацка-віцебска-смаленскі тыпы.
    • На сярэдзіну XV ст. («перыяд караля Казіміра» [sic]) — паўднёва-беларускі і паўночна-валынскі тыпы, з перавагай беларускага тыпу, і таксама з маргінальнай наяўнасцю паўднёва-валынскага тыпу.
    • На пачатку XVI ст. афіцыйная мова (як і наогул літаратурная мова) дасягае сваёй больш устойлівай, унармаванай формы і на сярэдзіну XVI ст. афіцыйная мова ўжо тоесна літаратурнай старабеларускай, і блізкароднасна беларускім дыялектам тагачаснага віленскага рэгіёна; полацкі тып, на той час, зліваецца з асноўнай нормай, паўднёвыя тыпы знікаюць цалкам.[26]
  • «простая мова» (паводле Барыса Успенскага), што можа адносіцца і да мясцовых дыялектаў некаторых паўночна-заходніх беларускіх гаворак;
  • «руська мова», што вельмі недакладна, асабліва з-за таго, што ў пераважнай большасці беларускіх помнікаў лексема «рускій» пішацца без мяккага знака, адлюстроўваючы фанетычны працэс, скончаны за XII—XIII ст. Апроч таго, тэрмін «рускі» вельмі неадназначны ў яго выкарыстанні ў помніках, і можа таксама адносіцца да такога тэксту, які «наогул усходнеславянскі» або «праваслаўнага толку» або «пісаны кірыліцай» або, нарэшце, старабеларускі. Неадназначнасць выкарыстання тэрміну ўскосна пацвярджаецца існаваннем тэрміна «простая руская мова» (напрыклад, у «Духоўных гаворках святога айца Макарыя», Вільна, 1627, стар. 9.);
  • «старабеларуская літаратурная мова», што на 2000-я гг. агульнапрынята, але і актыўна аспрэчваецца некаторымі небеларускімі мовазнаўчымі школамі.[27]

Гэтыя неадназначнасці ў помніках пісьменнасці далі падставы для працяглых спрэчак адносна беларуска-ўкраінскага размежавання літаратурных помнікаў таго перыяду, якія азначаныя як пісаныя «простай мовай». Адным з шырокавядомых[28] прыкладаў такой палемікі з’яўляецца праца ўкраінскага даследчыка Івана Агіенкі[uk] (1935).

Узнікненне

правіць

Пасля распаду протаславянскай мовы каля сярэдзіны 1 тысячагоддзя і ўзнікнення ўсходнеславянскіх племянных дыялектаў асноўнай падзеяй у іх развіцці пасля X ст. стала хрышчэнне і ўстанаўленне царкоўнаславянскай мовы як мовы афіцыйнай, духоўнай і літаратурнай.

У далейшым на землях усходнеславянскага засялення адбываліся два галоўныя працэсы. Першым было развіццё духоўнай літаратуры па-царкоўнаславянску, другім было развіццё свецкай пісьменнасці на кірыліцы (разам з афіцыйнай і дзелавой — Гл. таксама: канцэпцыя агульнай усходнеславянскай мовы і яе крытыка).

Развіццё

правіць

Узнікненне старабеларускай літаратурнай мовы як асобнага ідыёму і пачатак яе дакументаванага развіцця ў такой якасці адносяцца, звычайна, да 14 ст. Далейшае развіццё адбывалася ў 15 ст. і вяршыня развіцця была дасягнутая ў 16 ст.[29] У 2-й палове 16 — 1-й палове 17 ст. былі зроблены спробы кадыфікацыі, з якіх найбольш значнымі прызнаюцца[30] граматыка і буквар Івана Фёдарава (1574, 1578), граматыка Лаўрэнція Зізанія (1596) і граматыка Івана Ужэвіча (1645); прыналежнасць да старабеларускай ці стараўкраінскай мовы аспрэчваецца адпаведнымі нацыянальнымі навуковымі школамі).

Характэрна беларускія фанетычныя ўплывы адзначаюцца ў мясцовых царкоўнаславянскіх помніках яшчэ ў сяр. 11 ст.[31], а самым раннім помнікам пісьменнасці, дзе выразна відаць рысы старабеларускай мовы, лічацца «Смаленскія граматы» (1229)[32].

Складанне старабеларускай мовы адбывалася пад моцным уплывам старой царкоўнаславянскай літаратурнай традыцыі і асноўвалася на мясцовых усходнеславянскіх дыялектах[33], з асноўным уплывам, пачаткова, з боку гаворак полацка-смаленскага рэгіёна, пазней — сярэднебеларускіх гаворак, потым — гаворак віленскага рэгіёна[34]

Адначасова з тым, што мова літаратурная паступова зрабілася, да пэўнай ступені, штучнай, мова гутарковая захоўвала адносную чысціню, і літаратурная мова няспынна чэрпала моўныя рэсурсы з гутарковай[35]

Моцным фактарам у развіцці старабеларускай мовы пасля канца 14 ст. стала паланізацыя верхніх, потым і сярэдніх класаў на землях ВКЛ, якая дасягнула значнай ступені ўжо ў сяр. 15 ст.[36] У слоўніку літаратурнай мовы былі прыкметнымі лацінскі і германскі ўплывы. У 1-й пал. 17 ст., пасля поспехаў паланізацыі на беларускіх землях і перамяшчэння цэнтра праваслаўнага друку ў Кіеў, адзначаецца пэўны ўкраінскі ўплыў.

Фанетыка і марфалогія старабеларускай мовы стабілізаваліся ў 16 ст., разам з характэрна-беларускімі фанетычнымі рысамі, што не існавалі раней, найбольш прыкметныя сярод якіх: «аканне» (развілося каля 14 ст.), «нескладовае у» (каля пач. 13 ст.). Асобныя старабеларускія адметнасці ў марфалогіі развіліся ўжо ў 14—15 ст.[37]

Сінтаксіс і лексіка працягвалі мяняцца, у тым ліку і пасля 16 ст., прычым літаратурная мова была пад моцным уплывам польскай мовы, асабліва ў 16—17 ст. Лічыцца, што гутарковая мова была адноснай свабоднай ад такога ўплыву, і пачала адрознівацца ў сінтаксісе і асабліва ў лексіцы.[37]

Уздым і заняпад

правіць

У 14 ст. старабеларуская мова ўжо была шырока распаўсюджанай мовай у ВКЛ, на якой размаўлялі і пісалі ўсе пласты грамадства, у тым ліку неславянская частка арыстакратыі, на якой складаліся ўсе віды свецкіх і дзяржаўных дакументаў[38].

У 15—16 ст., часткова ў 17 ст., старабеларуская мова ў ВКЛ была пераважнай мовай дзяржаўных, дыпламатычных, дзелавых і прыватных дакументаў, дакументаў гарадскога, земскага, замкавага справаводства, дакументацыі магдэбургій, магістратаў, попісаў (інвентароў) і рэвізій маёмасці, спісаў войска і г.д., нават на этнічна літоўскіх землях ВКЛ[32]. Па-старабеларуску была складзена большая частка дакументаў 15—16 ст. Літоўскай метрыкі (Гл. таксама: Дэнамінацыя афіцыйнай мовы); на гэтай мове складаліся афіцыйныя лісты каралеўскіх канцылярый у Кракаве і Варшаве, накіраваныя ў ВКЛ[32], статуты ВКЛ. На старабеларускай мове выйшла першая газета ВКЛ — «Навіны грозные а жалостлівые...» Старабеларуская мова высока ацэньвалася і за мяжой[32].

Старабеларуская мова стала 3-й славянскай, пасля чэшскай і польскай, на якой пачалося кнігадрукаванне. Першая кніга па-старабеларуску была надрукавана Скарынам у Празе (1517). Пазней у 16 ст. фактычны цэнтр старабеларускага кнігадрукавання змяшчаўся ў Вільні.

Старабеларуская мова была мовай белетрыстыкі, публіцыстыкі, мемуараў, рэлігійнай палемікі, гамілетыкі, агіяграфіі і г.д., на яе перакладаліся заходнееўрапейскія рыцарскія раманы, гістарычныя хронікі і апокрыфы.[32]

Пасля палітычных змен, што адбываліся ў ВКЛ з канца 14 ст. і на працягу 15 ст., назначылася тэндэнцыя да заняпаду старабеларускай культуры на карысць польскай, і такі заняпад мацнеў на працягу 16—17 ст. Асабліва неспрыяльным становішча стала ў апошняй чвэрці 16 ст., калі ў Рэчы Паспалітай набрала сілу контррэфармацыя, бо пратэстанты і праваслаўныя складалі на той час асноўную частку беларускамоўнага насельніцтва. Між іншым, інквізіцыя Рэчы Паспалітай уключыла шмат выданняў на старабеларускай мове ў свой «Кодэкс забароненых кніг» (вып. з 1603)[39].

Паланізацыя выклікала адпор буйных беларускіх дзяржаўных (Леў Сапега) і некаторых рэлігійных (Васіль Цяпінскі) дзеячаў. Пачынаючыся з публіцыстыкі (напрыклад, у прадмове Цяпінскага (1570)), абарона правоў беларускай мовы пераходзіла ў практыку дзяржаўнага будавання (спрэчкі аб мове Статуту 1588 г., вынік якіх агучаны ў славутай Сапегавай прадмове да Статута 1588 г.) і зафіксаваны ў выбары мовы Статутаў. Значнай перамогай гэтай палітычнай лініі было замацаванне ў адмысловым артыкуле Статута старабеларускай мовы як адзінай дазволенай мовы афіцыйных дакументаў, што быў унесены ў Статут 1566 года, і паўтораны ў Статуце 1588 года, і нават у польскім перавыданні Статута (1614)[40]. Гл. таксама: Залаты век беларускай гісторыі.

З цягам часу, калі ўсё большая колькасць вышэйшага, а потым і сярэдняга класа пераходзіла ў польскую культуру, і на польскую мову, выкарыстанне старабеларускай мовы скарачалася. Пад сяр. 17 ст. адзіным значным выдаўцом па-старабеларуску заставалася праваслаўная царква. Аднак, у той час нават мова тэкстаў, пісаных у праваслаўным асяроддзі, стала, у спробе прыцягнуць увагу чытача, моцна паланізаванай, і пачала моцна адрознівацца не толькі ад гутарковай мовы, але і ад ранейшай старабеларускай літаратурнай традыцыі. Прыкметна, што ад 1626 ўся праваслаўная анты-уніяцкая палеміка друкавалася па-польску.

К 2-й чвэрці 17 ст., старабеларуская літаратурная мова ўвабрала вялікую колькасць польскіх моўных элементаў, адарвалася ад сваёй народнай асновы, і стала моцна штучнай і нават не цалкам прыдатнай да жыццёвага выкарыстання. Літаратурная мова перыяду, асабліва пасля пераносу цэнтра праваслаўнага кнігадрукавання ў Кіеў (1610-я гг.), ужо не можа лічыцца сапраўды старабеларускай.[37]

У 1696 годзе, Генеральная канфедэрацыя саслоўяў забараніла выкарыстанне старабеларускай мовы ва ўсіх новых[41] афіцыйных дакументах, замяняючы яе ў гэтай ролі польскай мовай.

Сучасная беларуская літаратурная мова і ўкраінская літаратурная мова былі створаны ў XIX ст. на аснове гутарковай мовы сялянства, якія існавалі на этнічных беларускіх і ўкраінскіх землях у форме розных дыялектаў.

Духоўная літаратура

правіць

З’яўленне старабеларускіх адметнасцей у духоўнай літаратуры па-царкоўнаславянску адносіцца да 15 ст., а некаторыя аўтары заўважаюць беларускія фанетычныя адметнасці ў тэкстах 11 ст.[42]. Значнейшымі прыкладамі такой літаратуры былі «Чэцця» (перапісаная «паповічам Бярозкам з Навагрудка», 1489), збор старазапаветных кніг, перакладзены на старабеларускую са старажытнаяўрэйскай мовы ў канцы XV ст., псалтыр у XVI ст. і інш.[43]. Скарына, захоўваючы царкоўнаславянскую аснову ў сваіх кнігах, увёў так шмат старабеларускай лексікі, што мова яго кніг пачала значна адрознівацца ад царкоўнаславянскай[44].

Далейшыя спробы скарачэння разрыву між мовай духоўнай літаратуры і гутарковай былі зроблены Будным і Цяпінскім. Выданне Запаветаў у перакладзе Цяпінскага азначыла фактычную замену царкоўнаславянскай мовы на старабеларускую ў ролі мовы духоўнай літаратуры.[37]

Афіцыйная мова

правіць

Праблема класіфікацыі афіцыйнай, канцылярскай мовы і яе адмен у ВКЛ з’яўляецца спецыфічнай. Наогул, між мовазнаўцамі, што вывучаюць сярэдневяковую ўсходнеславянскую пісьменнасць, існуе фундаментальная нязгода наконт таго, ці лічыць тагачасную афіцыйную пісьменнасць праявай адпаведнай літаратурнай мовы. У выпадку старабеларускай мовы, Карскі ў 1900-х гг. (пазней, Ф. П. Філін у 1970-х гг., Л. М. Шакун у 1960-х гг.) давялі дастатковую ступень тоеснасці між старабеларускай літаратурнай мовай і мовай афіцыйных дакументаў ВКЛ. Але іншыя даследчыкі (С. Кутшэба (1914), Й. Якубоўскі (1912), А. Мартэль (1938), І. І. Лапо (1936)) аспрэчылі думку Карскага — або падкрэсліваючы значнасць царкоўнаславянскага кампанента ў мове афіцыйнай пісьменнасці ВКЛ, або выстаўляючы тэзіс пра тое, што такая мова была проста царкоўнаславянскай.[26]

Распаўсюджанне такіх поглядаў звычайна прыпісваецца недастатковаму веданню іншаземнымі даследчыкамі жывой беларускай мовы, перакрыццём сфер ужывання сярэдневяковай царкоўнаславянскай і старабеларускай моў, падобнымі графічнымі сістэмамі, блізкасцю гэтых моў у граматыцы і лексіцы.[26]

Агульная характарыстыка

правіць

Устойлівыя, агульнапрынятыя кадыфікаваныя нормы (арфаграфіі, фанетыкі, марфалогіі, словаўтварэння) ў старабеларускай літаратурнай мове не існавалі, а толькі фарміраваліся; у адным тэксце маглі спалучацца як архаічныя, так і жывыя моўныя рысы, так і інавацыі. Існавалі шматлікія фармальныя дублеты — фанетычныя, марфалагічныя, арфаграфічныя. Так, рознымі спосабамі маглі перадавацца на пісьме, напрыклад, выбухны [г] — праз спалучэнні 'гг', 'кг', афрыката [дж] — дыграфамі 'дч', 'дж'; магло перадавацца або не перадавацца аканне, зацвярдзенне шыпячых, 'р', 'ц', пераход 'л', 'в' у 'ў' (нескладовае) і інш. Таму нормай у старажытнабеларускай літаратурнай мове звычайна лічаць найбольш частае, стабільнае ўжыванне той ці іншай граматычнай формы, спалучэння і інш.[45]

Фанетыка

правіць

Да адметных фанетычных з’яў старабеларускай мовы адносяцца аканне, яканне, дзеканне і цеканне, адлюстраваныя спарадычна; рэдукацыя ъ і ь у гукі ы, и (молоды, злы, би, пи і інш.); чаргаванні ро, ло, ле -> ры, лы, ли ў становішчы паміж зычнымі (кровъ — крыви, глотка — глытати, блескъ — блишати і г.д.); прыстаўны и перад збегам зычных, першы з якіх санорны (иржа, имгла і інш.), выпадзенне и ў пачатку слоў (мети з имети і інш.); пераход е -> о (прышолъ, чотыры і інш.); афрыката дж, перададзеная або непасрэдна, або апасродкавана (ездживалъ, розъежчал і інш.); фрыкатыўны г, у адрозненні ад выбухнога, што перадаваўся спалучэннямі кг, гк, гг; падаўжэнне зычных (вяселле і інш.); зацвярдзелыя р, ж, ш, ч (прамо, божэ, иншыхъ, чыи і інш.); пераход в, у, л -> ў, перададзенае праз в (вжо, прышовъ і інш.); прыстаўныя зычныя в, г (восень, гусеница і г.д.); зацвярдзелыя губныя на канцы слова (семъ, сыпъ і г.д.) і інш. Варта зазначыць, што ўсе гэтыя асаблівасці характэрныя для сучаснай (новай) літаратурнай беларускай мовы, і толькі часткова — для ўкраінскай.[46]

Марфалогія

правіць

З марфалагічных рыс старабеларускай мовы трэба адзначыць скланенне назоўнікаў тыпу боль, тень, жаль, насыпъ і г.д. на ўзор мужчынскага роду, ужыванне канчаткаў -у (-ю) ў родным склоне адзіночнага ліку ў назоўнікаў мужчынскага роду (народу, броду і інш.); канчатак -ы ў назоўніках мужчынскага і ніякага роду (адз. лік, наз. склон) (городы, болоты і інш.). У рускай мове ў падобных выпадках захаваўся парны лік (два города, два яблока і г.д.); адлюстраванне найвышэйшай ступені параўнання ў прыметніках праз суфікс -ейш (мягчейший і г.д.); формы дзеясловаў тыпу стерегчи, несе, ляж, киньмо і г.д.; клічны склон; наяўнасць службовых часціц хай, але, або, каб і г.д.[46]

Сінтаксіс

правіць

З сінтаксічных з’яў трэба адзначыць такія асаблівасці ўласна беларускай мовы як шырокае ўжыванне поўных форм прыметнікаў у функцыі выказніка; спалучэнне лічэбнікаў два, тры, чатыры з назоўнікамі (адз. лік) ў форме роднага склону (тры столы і г.д.); ужыванне сінтаксічных канструкцый тыпу лепшъ за его, вышелъ от всихъ, пошолъ до дому, сталося ему і інш.; выкарыстанне ўласна беларускіх злучнікаў што, нібы, калі, як і інш..[46]

Лексіка

правіць

Слоўнікавы склад старабеларускай мовы надзвычай стракаты, у ім выдзяляецца найперш пласт спрадвечна беларускай лексікі (маці, сонца, брат, тры, новы і г.д.), агульнаславянскія (я, чалавек, дзед, зіма і інш.); агульнаўсходнеславянскія (сабака, куст, сорак, сям’я і інш.), уласна беларускія (волат, вежа, сейбіт, араты і інш.), а таксама шматлікія пазычанні, у большасці праз пасярэдніцтва польскай мовы або проста з польскай мовы.[46]

Фразеалогія

правіць

Да асаблівасцей старабеларускай мовы можна далучыць узнікненне ўстойлівых выразаў (фразеалагізмаў), частка з якіх захавалася з часоў агульнаславянскай мовы (напр. соль земли), а частка з’яўляецца ўласна беларускімі прыдумкамі (як свинья в болоте, ходити по людях і г.д.)[46]

Узаемадзеянні з іншымі мовамі

правіць

У пісьмовай старабеларускай мове існавалі шматлікія лексічныя пазычанні, найперш з польскай, таксама з нямецкай, лацінскай, чэшскай, радзей — з літоўскай і цюркскіх моў. Пазычаныя словы існавалі ва ўсіх сферах функцыянавання літаратурнай мовы, і ва ўсіх стылях[47]

Фанетычная адаптацыя пазычанняў літаратурнай мовай адбывалася не цалкам паслядоўна, у літаратурнай мове некаторыя з іх былі засвоены часткова, і захавалі гукі, не характэрныя, у прынцыпе, для беларускай мовы.

Так, у старажытнабеларускай літаратурнай мове пад уздзеяннем пазычанняў з грэчаскай праз царкоўнаславянскую з’явіўся гук [ф]. У большасці выпадкаў ён захаваўся, але часта ён, як і ў сучасных народных гаворках, замяняўся блізкімі да яго ў акустычных адносінах [п], [х], [хв]: фляша — пляша, кафель — кахель, фурман — хурман, фальварак — хвальварак. Часам утвараліся словы з фанетычнымі варыянтамі: кафтанъ — каптанъ — кахтанъ.

Словы з выбуховым [ґ] у выніку фанетычнай адаптацыі ў вымаўленні збліжаліся з словамі з фрыкатыўным [г]; раней гэтыя два гукі ў пісьмовых помніках размяжоўваліся: фрыкатыўны [г] перадаваўся літарай 'г', выбухны [ґ] — 'гг', 'кг' або спецыяльнай графемай. Часам у пазычаных словах фрыкатыўны [г] апускаўся: лоика, траедия[48].

Замяняліся і іншыя нехарактэрныя для беларускай мовы гукі, напрыклад, [е,], [о,] (у паланізмах) — на [а] і [у]: вязенье, прудки (prе, dki).

Асаблівасцю многіх пазычанняў была наяўнасць у іх цвёрдых зубных зычных перад пярэднім галосным [і], што азначалася на пісьме літарай 'ы' пасля адпаведнага зычнага: визытовати, дыктовати, дысцыплина, констытуцыя, традыцыя і інш. Але такое вымаўленне не стала агульнай заканамернасцю старажытнабеларускай мовы; гэтыя словы пачалі прыстасоўвацца да арфаэпічных нормаў жывой народнай мовы: индыкъ — индикъ, инквизыция — инквизиция, инкурсыя — инкурсия і інш. У пісьмовых помніках ранняга перыяду пераважаюць формы з цвёрдымі зубнымі, у позніх — з мяккімі зубнымі (наяўнасць варыянтаў з цвёрдымі зычнымі сведчыць, што пасярэдніцай у пазычанні была польская мова).[49] У 2-й пал. 16 ст. для іншамоўных слоў характэрнае і цвёрдае вымаўленне перад [э]: апэляцыя, гэрбъ, сэймъ, сэкта.

Многія пазычанні зазналі фанетычныя працэсы прыватнага характару, так у словах з двума гукамі [р] адбывалася рэгрэсіўная дыстантная асіміляцыя, у выніку якой першы гук [р] пераходзіў у [л]: барверъ — балверъ, перкгримъ —пелкгримъ, секретаръ — секлетаръ. Мелі месца метатэза: тумултъ — тулмутъ, манастыръ — намастыръ, тарелка — талерка, мураль — муляръ, кальцнеръ — канцлеръ і інш., таксама спрашчэнне: вспонялый — спанялый, обфитость — офитость, радзей — устаўка: каноникъ — кановникъ, пробощъ — проборщъ[50].

Напісанне (і вымаўленне) падвоеных зычных у пазычаннях саступала месца спрошчаным, адзіночным варыянтам; варыянты маглі і суіснаваць.

Прыклады

правіць
 
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Старабеларуская мова

Прыклад тэксту на старабеларускай мове — першы абзац звароту падканцлера ВКЛ Льва Сапегі да Жыгмонта III Вазы з нагоды прыняцця Статуту ВКЛ, 1 снежня 1588 года, Брэст:

«Наяснейшому пану, пану Жикгимонъту Третему […] Были тые часы, наяснейшый милостивый г[о]с[по]д[а]ру королю, коли в томъ згромаженью а посполитован[ь]ю людскомъ, которое мы речью посполитою называем, не правомъ якимъ описанымъ або статутомъ, але только своимъ зданъемъ и уподобанъемъ владность свою г[о]с[по]д[а]ры и короли того света надъ людми ростегали. Але ижъ частокроть от пристойное своее повинности отступовали, а, на свой толко пожытокъ речы натегаючы, о сполное доброе всихъ мало дбали, оттул[ь] то было уросло, же люди, брыдечысе ихъ панованьемъ и звирхностю и не господарми, але тыранами оные называючы, на самом только статуте и праве описаномъ все беспеченство и доброе речы посполитое засажали. А прото онъ великий и зацный филозофъ греческий Арыстотелесъ поведилъ, же тамъ бельлуа, а по-нашому дикое звера, пануеть, где чоловекъ водлугъ уподобанья своего владность свою ростегаеть, а где опятъ право або статутъ гору маеть, там самъ богъ всимъ владнеть.»

Сучаснасць

правіць

Лексічныя, марфалагічныя і іншыя элементы старабеларускай мовы ў сваіх творах выкарыстоўваюць асобныя беларускія літаратары: Міхась Баярын у паэтычным зборніку «Шалёны вертаградар», Сяргей Балахонаў у апавяданні «Паляванне на пачварнага парсюка».

Гл. таксама

правіць

Заўвагі

правіць
  1. А. И. Журавский. Деловая письменность в системе старобелорусского литературного языка // Восточнославянское и общее языкознание. — М., 1978. — С. 185—191
  2. Мечковская Н. Б. Социальная лингвистика: Пособие для студентов гуманит. вузов и учащихся лицеев. — 2-е изд., испр. — М.: Аспект-Пресс, 2000. С. 106
  3. Языковая ситуация в Беларуси: этические коллизии двуязычия Архівавана 8 красавіка 2016. // Сацыякультурная прастора мовы (сацыяльныя і культурныя аспекты вывучэння беларускай мовы): На бел. і рус. мовах / С. Ф. Іванова, Я. Я. Іваноў, Н. Б. Мячкоўская. — Мн.: Веды, 1998.
  4. Лариса Пуцилева (Болонский университет). Между Польским королевством и Российской империей: поиски национальной идентичности в белорусской поэзии // Contributi italiani al 14. congresso internazionale degli Slavisti: Ohrid, 10-16 settembre 2008 / a cura di Alberto Alberti … [et al.]. — Firenze: Firenze University Press, 2008. [1] Архівавана 11 ліпеня 2011. С. 202
  5. Ольга Лазоркина. Дипломатическая деятельность канцелярии Великого княжества Литовского в XVII в. // Журнал международного права и международных отношений 2008 — № 1
  6. Ж. Некрашевич-Короткая. Лингвонимы восточнославянского культурного региона (исторический обзор) // Исследование славянских языков и литератур в высшей школе: достижения и перспективы: Информационные материалы и тезисы докладов международной научной конференции / Под ред. В. П. Гудкова, А. Г. Машковой, С. С. Скорвида. — М., 2003. — С. 150 — 317 с.
  7. Начальный этап формирования русского национального языка. — Ленинград — 1962. — С. 221
  8. Паводле прац украінскага філолага П. Плюшча, украінскія пісьменнікі 16—17 стст. называлі стараўкраінскую мову «русскою мовою», «речью русской», «российским языком» ці «языком русским»
  9. Свяжынскі У. Праблема ідэнтыфікацыі афіцыйнай мовы Вялікага Княства Літоўскага // METRICIANA: даследаванні і матэрыялы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. ATHENAEUM: Commentarii Historiae et Culturae. — 2001. — В. 1. — № 3. Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016.
  10. а б Ruthenia (Lithuania-Rus) in Europe: A Literary History, 1348—1418. Edited by David Wallace. Oxford University Press, 2016, Volume 2, pp. 420—439. — P. 424. / This new secular culture was associated with democratization of the language of writing, which formed as a result of interaction between local spoken (Belarusian-Ukrainian) dialects and literary models of Church Slavonic and Polish. To distinguish this language from the bookish Church Slavonic on one hand and from the vernacular language of northern and north-eastern Rus on the other, it is referred to as Ruthenian (lingua Ruthenorum), or — using its self-identifying name — ‘ruska mova’.
  11. а б в Смирнова Е. А. «Проста мова» как лингвистический феномен (реконструкция глагольной системы на материале Евангелия Тяпинского). Архіўная копія ад 28 жніўня 2021 на Wayback Machine — С. 2
  12. Успенский Б. 2002, с. 394—400.
  13. Мозер М. 2002.
  14. а б Иванов Вяч. Вс. Славянские диалекты в соотношении с другими языками Великого княжества Литовского // Славянское языкознание. XIII международный съезд славистов. Любляна, 2003 г. Доклады российской делегации. М., Индрик, 2003.
  15. у Хроніцы Канстанцкага сабора Ульрыха фон Рыхенталя, XV век.
  16. Паводле паведамлення Пыпіна, працытаванага ў «Гісторыі Беларусі» Доўнар-Запольскага. Меліся на ўвазе фрагменты (польскай лацініцай), якія нярэдка ўстаўляліся ў польскамоўныя афіцыйныя дакументы Расійскай Імперыі пачатку XIX ст., калі цытаваліся старыя «рускамоўныя» тэксты грамат, прывілеяў, актаў і г.д.
  17. У Северскай зямлі. Я. Станкевіч.
  18. Вернадский Г. В. Россия в средние века. — Гл. VI. Западная Русь в XVI веке. Архівавана 28 чэрвеня 2008.
  19. Müller L., Schramm G., de Vincenz A. Vorschläge für eine einheitliche Terminologie des alten Ostslaventums // Russia Mediaevalis. — Band 7 (1992). — Heft 1. — S. 5−8 (6). Архівавана 29 верасня 2020. (ням.)
  20. Gonneau P., Sorlin I., Vodoff V. Propositions pour une terminologie en langue française du passé des slaves orientaux // Russia Mediaevalis. — Band 9 (1997). — Heft 1. — S. 5−12 (9). Архівавана 29 верасня 2020. (фр.)
  21. Запрудскі, С. Назвы беларускай мовы ў працах даследчыкаў пачатку ХІХ ст. Архівавана 24 студзеня 2022. / С. Запрудскі // Беларуская мова і мовазнаўства: ХІХ стагоддзе/ пад агул. Рэд. М. Р. Прыгодзіча. — Мінск: БДУ, 2013. — С. 81—111.
  22. Гл. Салаўёў С. М., Гісторыя Расіі, том 10, глава 2.
  23. [2]
  24. Працыт. ва Улащик Н. Введение в белорусско-литовское летописание. — М., 1985.
  25. Падаецца паводле цыт. у (Жураўскі 1978).
  26. а б в (Жураўскі 1978).
  27. (Будзько 2003), С.167.
  28. Хоць і спрэчных з боку аргументацыі. (Будзько 2003), С.167.
  29. Паводле прац Карскага, Станкевіча, Жураўскага і інш.
  30. Паводле (Яскевіч 2001).
  31. (Станкевіч 1954), С.48,49.
  32. а б в г д (Жураўскі 1993).
  33. Якія раней азначаліся як «заходняя галіна сярэднерускіх дыялектаў», напр., Карскім.
  34. Змяшчэнне цэнтру ўплыву адбылося, не ў апошнюю чаргу, з прычыны разбуральных войнаў на ўсходніх землях ВКЛ на працягу 16 ст. (Станкевіч 1939).
  35. (Карскі 1893, 1903).
  36. (Доўнар 1926), частка 5, раздзел 7.
  37. а б в г (Карскі 1903).
  38. Адзначана ў (Доўнар 1926), частка 3, раздзел 3. Некаторыя значнейшыя помнікі перыяду, на думку Жураўскага (Жураўскі 1993): дагавор Мсціслава Давыдавіча, князя смаленскага з Рыгай і Гоцкім берагам (6 дакументаў), грамата князя Гердэня (1264), граматы Ізяслава, князя полацкага (каля 1265), граматы Якава, епіскапа полацкага (каля 1300), грамата жыхароў Рыгі
  39. (Галенчанка 1988).
  40. Сучасная інтэрпрэтацыя слова руски, хоць і не выклікае пярэчанняў у беларускім мовазнаўстве, але аспрэчваецца ў гістарыяграфіі. Гл.далей: Праблема дэнамінацыі афіцыйнай мовы ВКЛ.
  41. Дачыненне забароны толькі да новых дакументаў падкрэслена Грыцкевічам. Альманах «Адраджэнне»…
  42. (Станкевіч 1954).
  43. (Анічэнка, Жураўскі 1988), (Будзько 2003).
  44. (Карскі 1893).
  45. Пд. Бубновіч.
  46. а б в г д Паводле: Плотнікаў Б. А., Антанюк Л. А. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум. — Мн.: Інтэрпрэссэрвіс, Кніжны Дом, 2003. — 672 с. — ISBN 985-482-033-5. — ISBN 985-428-614-2..
  47. У беларускім мовазнаўстве няма адзінай класіфікацыі пазычанняў. Адной з прапаноў з’яўляецца класіфікацыя А. М. Булыкі, якая вылучае 14 лексічна-семантычных разрадаў: грамадска-палітычная лексіка; юрыдычная лексіка; канцылярская лексіка; ваенная лексіка; сацыяльна-эканамічная лексіка; прафесійна-вытворчая лексіка; бытавая лексіка; лексіка, якая характарызуе чалавека ў фізічных, псіхалагічных, інтэлектуальных адносінах; лексіка, якая характарызуе прыроду ў бытавым і навуковым асвятленні; лексіка, звязаная з лічэннем і вымярэннем; лексіка, якая характарызуе навуку, культуру, мастацтва; рэлігійная лексіка; шматфункцыянальная лексіка; агульная лексіка. Пд. (Булыка 1980), як працыт. у Бубновіч.
  48. (Булыка 1980), С.213, як працыт. у Бубновіч, С.27.
  49. Бубновіч, С.28.
  50. Булыка, С.215, як працыт. у Бубновіч, С.28.

Літаратура

правіць
  • (Анічэнка, Жураўскі 1988) Анічэнка У. В., Жураўскі А. І. Беларуская лексіка ў выданнях Ф. Скарыны // Францыск Скарына і яго час. Энцыклапед. даведнік. — Мн. : БелЭн, 1988. ISBN 5-85700-003-3.
  • (Бубновіч 2000) Бубновіч І. І. Засваенне іншамоўных слоў беларускаю літаратурнаю моваю: Дапам. для студэнтаў філал. спецыяльнасцей выш. навуч. устаноў/Пад рэд. П. У. Сцяцко. — Гродна: ГрДУ, 2000. — 107 с. ISBN 985-417-165-5.
  • (Булыка 1980) Булыка А. М. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII ст. — Мінск: Навука і тэхніка, 1980. — 256 с.
  • (Галенчанка 1988) Галенчанка Г. Я. Кнігадрукаванне ў Польшчы // Францыск Скарына і яго час. Энцыклапед. даведнік. — Мн. : БелЭн, 1988. ISBN 5-85700-003-3.
  • Запрудскі, С. Назвы беларускай мовы ў працах даследчыкаў пачатку ХІХ ст. Архівавана 24 студзеня 2022. / С. Запрудскі // Беларуская мова і мовазнаўства: ХІХ стагоддзе/ пад агул. Рэд. М. Р. Прыгодзіча. — Мінск: БДУ, 2013. — С. 81—111. [3] Архівавана 8 ліпеня 2022.
  • (Карскі 1893) Карский Е. Ф. Что такое древнее западнорусское наречие? // «Труды Девятого археологического съезда в Вильне, 1893», под ред. графини Уваровой и С. С. Слуцкого, т. II — М., 1897. — с. 62 — 70. In edition: Карский Е. Ф. Белорусы: 3 т. Т. 1 / Е. Ф. Карский / Уступны артыкул М. Г. Булахава, прадмова да першага тома і каментарыі В. М. Курцовай, А. У. Унучака, І. У. Чаквіна. — Мн. : БелЭн, 2006. — с. 495—504. ISBN 985-11-0360-8 (T.1), ISBN 985-11-0359-4.
  • (Карскі 1903) Карский, Е. Ф. Белорусы: 3 т. Т. 1 / Уступны артыкул М. Г. Булахава, прадмова да першага тома і каментарыі В. М. Курцовай, А. У. Унучака, І. У. Чаквіна. ; [Карскій. Бѣлоруссы. Т. I — Вильна, 1903] — Мн. : БелЭн, 2006. ISBN 985-11-0360-8 (Т.1), ISBN 985-11-0359-4.
  • (Станкевіч 1927) Ян Станкевіч. Беларуская Акадэмічная Конфэрэнцыя 14.—21.XI.1926 і яе працы дзеля рэформы беларускае абэцэды й правапісу (агульны агляд) [1927] // Станкевіч Я. Збор твораў у двух тамах. Т.1. — Мн. : Энцыклапедыкс, 2002. — 552 с. ISBN 985-6599-45-8 (т.1) С.223—235.
  • (Станкевіч 1930) Ян Станкевіч. Месца беларускага языка сярод іншых славянскіх языкоў і час яго ўзьніку [Вільня, 1930] // Станкевіч Я. Збор твораў у двух тамах. Т.1. — Мн. : Энцыклапедыкс, 2002. — 552 с. ISBN 985-6599-45-8 (т.1) С.223—235.
  • (Станкевіч 1939) Ян Станкевіч. Гісторыя беларускага языка [Вільня, 1939] // Станкевіч Я. Збор твораў у двух тамах. Т.1. — Мн. : Энцыклапедыкс, 2002. — 552 с. ISBN 985-6599-45-8 (т.1) С.373—375.
  • (Станкевіч 1954) Доля мовы беларускае (яе вонкашная гісторыя) у розныя перыяды гісторыі Беларусі [Нью-Йорк, 1954] // Станкевіч Я. Збор твораў у двух тамах. Т.2. — Мн. : Энцыклапедыкс, 2002. — 586 с. ISBN 985-6599-46-6 (т.2). С.48—60.
  • (Яскевіч 2001) Яскевіч А. А. Старабеларускія граматыкі: да праблемы агульнафілалагічнай цэласнасці. — 2-е выд. — Мн. : Беларуская навука, 2001. ISBN 985-08-0451-3.
  • (Жураўскі 1978) А. И. Журавский. Деловая письменность в системе старобелорусского литературного языка // Восточнославянское и общее языкознание. — М., 1978. — С. 185—191.
  • (Жураўскі 1993) Жураўскі А. І. Беларуская мова // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1. — Мн.: БелЭн, 1993.
  • Півторак, Г. П. Староукраїнська літературна мова / Г. П. Півторак // Енциклопедія історії України : у 10 т. / редкол.: В. А. Смолій (голова) та ін. ; Інститут історії України НАН України. — Київ : Наук. думка, 2012. — Т. 9 : Прил — С. — С. 829.
  • Мозер М. Что такое «простая мова»? // «Studia Slavica Hung». — Будапешт: 2002. — № 47/3−4.
  • Успенский Б. А. История русского литературного языка (XI-XVII века). — 3-е. — Москва: Аспект-Пресс, 2002. — 558 с. — ISBN 5-7567-0146-X.

Спасылкі

правіць