Старчава-Крышская культура
Старчава-Крышская культура, або Старчава-Кёрош-Крышская культура — комплекс неалітычных археалагічных культур на паўднёвым усходзе Еўропы. Знутры яго прынята вылучаць лакальныя Старчаўскую культуру (тэрыторыі сучасных Сербіі, Харватыі, Балгарыі, Грэцыі; канец 7 тысячагоддзя да н. э. — 6 тысячагоддзе да н. э.) і Кёрош-Крышскую культуру (тэрыторыі Венгрыі і Румыніі; другая і трэцяя чвэрці 6 тысячагоддзя да н. э.).
Старчава-Крышская культура Неаліт | ||||
---|---|---|---|---|
Геаграфічны рэгіён | Еўропа | |||
Лакалізацыя | Сербія, Харватыя, Балгарыя, Венгрыя, Румынія, Грэцыя | |||
Датаванне | канец 7 тысячагоддзя да н.э. — 6 тысячагоддзе да н.э. | |||
Тып гаспадаркі | сельская гаспадарка, паляванне, збіральніцтва | |||
Пераемнасць | ||||
|
||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Паходжанне
правіцьПершаснымі цэнтрамі фарміравання і далейшага распаўсюдання Старчава-Крышскай культуры з’яўляюцца паўночная Грэцыя, Банат і паўднёвы захад Трансільваніі. Палеагенетычныя даследаванні паказалі, што яе носьбіты паходзілі з суседняй Анатоліі, дзе земляробства і жывёлагадоўля ўзніклі значна раней, чым у Еўропе. Пэўны ўнёсак у іх генетычную спадчыну зрабілі аўтахтоны Балканскага паўвострава або блізкія да іх паляўнічыя і збіральнікі паўночнага захаду Анатоліі.
Асаблівасці
правіцьЗ’яўленне Старчава-Крышскай культуры сведчыла пра надыход эпохі неаліту ў Еўропе, паколькі яе носьбіты былі знаёмы з дасягненнямі неалітычнай рэвалюцыі. Яны займаліся сельскай гаспадаркай, вырошчвалі пшаніцу, ячмень, проса, гарох, віку, трымалі авечак, коз, свінняў і кароў. Пры гэтым, як высветлілі палеагенетыкі, носьбіты Старчава-Крышскай культуры пакутвалі на незасваенне лактозы. Важную ролю працягвалі адыгрываць сезонныя паляванне і збіральніцтва.
Крэмній, абсідыян і кварц выкарыстоўваліся для вырабу лёзаў, разцоў, скрабкоў і свердзелаў. З пясчаніку, вапняку, граніту, кварцу ладзілі сякеры і тачыльныя камяні. Многія прылады працы і ўпрыгожванні вырабляліся з косці. Керамічныя пасудзіны звычайна ўпрыгожваліся сеткаватымі ўзорамі, спіралямі, гірляндамі, расліннымі матывамі, грабянямі, адбіткамі пальцаў. Часам на іх сустракаюцца антрапаморфныя і зааморфныя выявы. Прадстаўнікі Старчаўскай культуры афарбоўвалі пасудзіны ў чырвоны або белы колеры. Кёрошцы наогул не фарбавалі.
Жытламі былі ўкапаныя прамавугольныя аднакамерныя хаціны прыкладна 7—10 м у даўжыню і 4—6 м у шырыню з каркаснымі сценамі, абмазанымі глінай. Падлога таксама была глінабітнай. Некаторыя хаціны мелі гарышча, якое, відавочна, выкарыстоўвалася для захавання збожжа. Большасць вядомых пахаванняў належаць жанчынам і дзецям. Часцяком хавалі пад падлогай хаціны ў скурчаным стане, лежачы на правым або левым баку.