Стары будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

збудаванне ў стылі канструктывізм, 1932 г.

Стары́ буды́нак Нацыяна́льнай бібліятэ́кі, або Буды́нак Саве́та Рэспу́блікі — збудаванне ў Мінску па вуліцы Чывронаамейскай, 9. Помнік архітэктуры канструктывізму, пабудаваны ў 1932 годзе (архітэктар Георгій Лаўроў).

Славутасць
Стары будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
2014 год
2014 год
53°54′02″ пн. ш. 27°34′00″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Архітэктурны стыль канструктывізм[d]
Архітэктар Георгій Лаўрэнцьевіч Лаўроў
Дата заснавання 1932
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

 
Праект Дзяржаўнай бібліятэкі архітэктара Георгія Лаўрова, канец 1920-х гадоў. Масіўнае кнігасховішча ў левай частцы будынка ў выніку так і не было пабудаванае
 
Праект Дзяржаўнай бібліятэкі імя Леніна

Дзяржаўная бібліятэка савецкай Беларусі была створаная 15 верасня 1922 года на базе бібліятэкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пад назвай Беларуская дзяржаўная і ўніверсітэцкая бібліятэка. Першапачаткова займала будынак Юбілейнага дома на Архірэйскім падвор’і[1]. Праз павелічэнне кніжных фондаў і развіццё функцый бібліятэкі Беларуская дзяржаўная і ўніверсітэцкая бібліятэка паводле Пастановы СНК БССР ад 14 траўня 1926 года рэарганізаваная ў самастойную Беларускую дзяржаўную бібліятэку, тады ж пачынаецца планаванне пераводу бібліятэкі ў большы будынак. У 1929 годзе СНК БССР прымае рашэнне аб будаўніцтве ў Менску на вуліцы Чырвонаармейскай новага будынка. Праца была даручаная архітэктару Георгію Лаўрову, які ўжо меў некалькі прац у Менску.

 
Будаўніцтва бібліятэкі, 1931 г.

Першапачаткова Лаўроў прапанаваў праект, у якім працяглы аб’ём чытальных залаў бібліятэкі кантраставаў бы з вышынным кнігасховішчам у глыбіні кварталу, аднак гэта не было рэалізавана. Беларускі мастацтвазнаўца і гісторык архітэктуры Мікола Шчакаціхін у сваім артыкуле «Новы Менск», размешчаным у часопісе «Чырвоная Беларусь» № 2 за 1930 год так апісвае праект Лаўрова[2]:

  Нельга, аднак, не адзначыць, што ў бліжэйшай будучыні ў Менску ўжо намячаецца зьнішчэньне шмат якіх з адзначаных хібаў асабліва ў двох новых будынках, якія самае большае праз два будаўнічыя сэзоны ўжо будуць закончаны і стануць, бязумоўна, найлепшымі ў ліку іншых будынкаў новага Менску. Адзін з гэтых будынкаў — Дзяржаўная Бібліотэка — будзе адным з узорных прыкладаў прыстасаваньня архітэхтурнае конструкцыі да мэтаў навукова-культурнае ўстановы. Увесь поўны сьвятла, як-бы пераважна шкляны, ён прыгожа распадзяляецца на два функцыянальна розныя крылы, аб’яднаныя вялізным уваходам, падкрэсленым лёгкім паўкругам, які быццам шырока заклікае бясконцыя масы працоўных да скарбніцы ведаў перахаваных у будынку, які высока падымаецца з задняга пляну ў выглядзе масыўнага паасобнага кнігасхову.  

У 1932 годзе пабудова была скончаная, а бібліятэцы ў гонар 10-годдзя было нададзеная імя У. І. Леніна. Ля галоўнага ўвахода месцілася парная скульптура Леніна і Сталіна.

 
Сядзіба Беларускай цэнтральнай рады ў 1943 годзе

У часе Другой сусветнай вайны, за нямецкай акупацыяй, у будынку бібліятэкі месціўся акруговы камісарыят, а пазней размясцілася Беларуская цэнтральная рада[3].

 
10 беларускіх рублёў узору 2000 года

У 2006 годзе Нацыянальная бібліятэка пераехала ў новы будынак. Была праведзеная рэканструкцыя з рэстаўрацыяй і прыстасаваннем будынка пад адміністрацыйнае прызначэнне. У распрацоўцы праекта прынялі ўдзел А. Цяльцоў, Яўген Яворскі, І. Касабукін з «Мінскграмадзянпраекта», Уладзімір Старосцін з «Праектрэстаўрацыі», Лілія Усоская з Цэнтра па рэгенерацыі гісторыка-культурных ландшафтаў і тэрыторый, А. Бандарэнка з «Мінскпраекта». Былі выдалены познія напластаванні і адноўленыя страчаныя яго элементы, фасады апрацаваныя дэкаратыўнай мармурова-антрацытавай каменнай тынкоўкай, у выніку чаго будынак набыў цёмна-шэры колер[4].

З 2012 года будынак займае Савет Рэспублікі, які дагэтуль месціўся ў будынку насупраць, па адрасе вуліца Чырвонаармейская, 4. Першае пасяджэнне Савета Рэспублікі пятага склікання ў будынку прайшло 19 кастрычніка 2012 года[5].

Архітэктура правіць

 
Крыло па вуліцы Кірава
 
Фасад з боку вул. Чырвонаармейскай

Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя заснаваная на спалучэнні форм, пазбаўленых дэкору. Чатырохгранныя слупы падтрымліваюць павіслы паўкруглы аб’ём, утвараючы своеасаблівы порцік галоўнага ўвахода з зашклёным эркерам вестыбюля. Чатырохпавярховы будынак мае складаную канфігурацыю плана, падпарадкаваную арганізацыі функцыянальных працэсаў.

У канцы 1950-х гадоў да бібліятэкі прыбудаваны 4-павярховы прамавугольны ў плане корпус, у якім месціліся кнігасховішча, абанементны аддзел і службовыя памяшканні. У часе выкарыстання ў якасці бібліятэкі ў будынку было 12 чытальных залаў, сярод якіх вылучалася зала на 500 чалавек. У вестыбюлі ўстаноўленая скульптура Уладзіміра Леніна (скульптар Андрэй Бембель).

Цікавыя факты правіць

  • Выява Нацыянальнай бібліятэкі была размешчаная на 10-рублёвых купюрах Беларусі ўзору 2000 года.

Галерэя правіць

Зноскі

  1. Darriuss. Районы, кварталы. Национальная библиотека: история ромбокубооктаэдра (руск.). onliner.by (7 чэрвеня 2012). Праверана 17-11-2019.
  2. Уладзімір Садоўскі. «Невыразны асабнячок» і «кашарны выгляд»: архітэктура Мінска 1920-х гадоў вачыма сучаснікаў(недаступная спасылка). tut.by (24 снежня 2016). Архівавана з першакрыніцы 24 лістапада 2019. Праверана 24-2-2020.
  3. Алег Гардзіенка. Сацыяльна-эканамічныя асновы жыцця. minsk-old-new.com. Архівавана з першакрыніцы 24-2-2020. Праверана 24-2-2020.
  4. Darriuss. Архвыставка «Минск-2011», ч.2 (руск.). livejournal.com (10 лістапада 2011). Архівавана з першакрыніцы 24 лютага 2020. Праверана 24-2-2020.
  5. Василий Семашко. Новое здание Совета Республики — снаружи и изнутри (руск.)(недаступная спасылка). naviny.by (19 кастрычніка 2012). Архівавана з першакрыніцы 26 студзеня 2020. Праверана 24-2-2020.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць