Стары горад (Слуцк)

Стары горад, або Старое места[1] — найбольш старажытная частка горада Слуцка з Верхнім і Ніжнім замкамі на правым беразе Случы, вакол якой быў вал. З Новым горадам злучаўся мостам, на якім размяшчаліся млыны.

Стары горад з замкамі на плане Максімільяна фон Фюрстэнгофа  (ням.), 1711—1736

Спачатку горад развіваўся ва ўсходнім напрамку. Паміж пасадам і замкам знаходзілася гандлёвая плошча, у 1419 г. тут пабудаваны фарны касцёл. У канцы XV ст. Слуцк пачаў расці ў заходнім напрамку, расшыраўся і на поўнач, фармаваўся як горад з радыяльна-кальцавой планіроўкай.

У 1579 г. Слуцк быў падзелены паміж трыма братамі Алелькавічамі на Стары горад, Новы горад і Востраў. Стары горад з Верхнім і Ніжнім замкамі атрымаў Юрый Юр'евіч[2]. У 1592 г. усе часткі горада і Слуцкае княства былі зноў аб'яднаны і перайшлі да апошняй князёўны з роду Алелькавічаў — Соф'і Юр'еўны, а праз яе — да Радзівілаў.

У 1696 г. на тэрыторыі Старога горада, непадалёку ад Востраўскай брамы езуіты пабудавалі драўляную капліцу і кляштарны корпус. У пачатку XVIII ст., паводле праекту дойліда-манаха Я. Клауса, пабудаваныя новы драўляны кляштар, касцёл Святога Духа, да якога прымыкаў сад.

Зноскі

  1. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
  2. Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць