Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529

збор законаў феадальнага права

Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529, Першы Статут Вялікага Княства Літоўскага — збор законаў феадальнага права, які дзейнічаў у ВКЛ у сярэдзіне XVI ст.

Першы аркуш Статута (1529)

У арыгінале меў назву Права писаные даны панству Великому Князьству Литовскому, Рускому, Жомойтскому и иных через наяснейшого пана Жикгимонта з божее милости короля полского, великого князя литовского, руского, пруского, жомойтского, мазовецкого и иных. Назва «Статут» прыйшла да яго пазней, калі ўступілі ў дзеянне два наступныя[1].

Гісторыя стварэння правіць

Праца па падрыхтоўцы першага Статута 1529 г. вялася на працягу некалькіх гадоў у першай чвэрці XVI ст. Першы варыянт праекта Статута быў падрыхтаваны ў 1522 г., але ён не быў зацверджаны, і праца над ім працягвалася яшчэ сем гадоў.

Статут складала камісія пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ Альбрэхта Войцеха Гаштольда. Асоб, што займаліся падрыхтоўкай Статуа устанавіць з абсалютнай дакладнасцю ў наш час немагчыма, але ёсць падставы сцвярджаць, што ў яго падрыхтоўцы між іншым прымалі ўдзел доктар права Францыск Скарына і сам канцлер Гаштольд. Асноўныя палажэнні Статута абмяркоўваліся з вялікім князем Жыгімонтам Старым, які пазней зацвердзіў Статут. З гэтай нагоды была напісана «Пахвала Жыгімонту», дзе ён называўся «Вялікім Жыгімонтам», бо пераўзышоў усіх вялікіх князёў і каралёў, «нас навчыл справедлівості чыніті».

Статут быў падрыхтованы на аснове кадыфікацыі і сістэматызацыі норм мясцовага звычаёвага права, пастаноў судовых і дзяржаўных устаноў, Судзебніка 1468 г., прывілеяў. Пры яго падрыхтоўцы ўпершыню выпрацаваны сістэмы і структура размяшчэння прававых норм у залежнасці ад іх зместу, уключаны тыповыя і абагульненыя нормы; дадзена дакладная рэдакцыя кожнага артыкула; уведзена шмат новых прававых норм, у якіх адлюстраваны тагачасныя таварна-грашовыя адносіны; уключаны нормы дзяржаўнага, адміністрацыйнага, грамадзянскага, сямейнага, крымінальнага, судова-працэсуальнага і іншых галін права. Складальнікі Статута адыйшлі ад сістэмы кадыфікацыі, прынятай у рымскім праве, і выпрацавалі сваю. У яе аснове закладзены новыя прынцыпы: суверэннасць дзяржавы (насуперак сярэдневяковаму касмапалітызму), адзінства права на прыярытэт пісанага права. Статут уключаў нормы агульнага права і спецыяльныя нормы, якія забяспечвалі прывілеі пануючаму класу або яго групам. Пры гэтым яны былі не выключэннем, а састаўной часткай у сістэме Статута 1529 года, хоць і супярэчылі яго асноўным прынцыпам.

Статут быў уведзены ў дзеянне 29 верасня 1529 г.

Змест і структура Статута 1529 правіць

Статут ВКЛ 1529 года складаецца з 13 раздзелаў і 244 артыкулаў. Пазней у яго ўнесены дапаўненні, у выніку колькасць артыкулаў павялічылася да 283.

У 1 — 3-м раздзелах змешчаны ў асноўным нормы дзяржаўнага права і прынцыповыя палажэнні іншых галін права, у 4-м і 5-м — шлюбна-сямейнае, апякунскае і спадчыннае, у 6-м — судова-працэсуальнае, у 7-м — крымінальнае, у 8-м — зямельнае, у 9-м — лясное і паляўнічае, у 10-м — цывільнае, у 11 — 13-м — крымінальнае і крымінальна-працэсуальнае права. У Статуце 1529 года юрыдычна замацаваны асновы грамадскага і дзяржаўнага ладу, прававое становішча класаў, саслоўяў і сацыяльных груп насельніцтва, парадак утварэння, склад і паўнамоцтвы некаторых органаў дзяржаўнага кіравання і суда. Абвяшчалася правіла, паводле якога ўсе асобы, «як убогія, так і багатыя», павінны былі судзіцца паводле норм, выкладзеных у Статуце. Вялікі князь абавязаўся захоўваць тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы, не дапускаць чужаземцаў на дзяржаўныя пасады ВКЛ, не даваць ім маёнткаў, не адбіраць у мясцовых феадалаў пасады і маёмасці без суда, прытрымлівацца ўсіх старых законаў і звычаяў. Асаблівая ўвага ў Статуце аддадзена судова-працэсуальнаму праву. Абвяшчаўся прынцып публічнасці правасуддзя, фармальнай роўнасці бакоў у працэсе, права абвінавачанага на абарону з удзелам адваката. Адначасова ў Статуце абвяшчалася захаванне прывілеяў і льгот для феадалаў, што на практыцы замацоўвала бяспраўе простых людзей і захоўвала паўнату правоў толькі для феадалаў. Аднак у перыяд феадалізму нават такое абвяшчэнне ідэі првапарадку было значным крокам наперад. Ідэі гуманізму паўплывалі на нормы крымінальнага і цывільнага права, выкладзеныя ў Статуце 1529 года і іншых Статутах. Так, у Статуце 1529 (раздз. 1, арт. 7), абвяшчалася, што ніхто не павінен адказваць за чужую віну, а крымінальнае пакаранне трэба назначаць толькі асобам, віна якіх устаноўлена судом. У арт. 27 раздз. 7 прадугледжан тэрмін крымінальнага праследавання: за найбольш зяжкае злачынства — 10 гадоў, менш цяжкае — 3 годы. У арт. 7 раздз. 11 зроблена спроба абмежаваць халопства. Вольны чалавек за здзейсненае злачынства не павінен быў аддавацца ў вечную няволю. У Статуце даволі поўна выкладзены нормы, якія забяспечвалі права ўласнасці феадалаў. Шмат увагі аддавалася шлюбна-сямейнаму праву. Змяшчаліся нормы, якія вызначалі маёмасныя правы жанчын і дзяцей, парадак выдачы дзяўчат замуж. Абвяшчалася абяцанне вялікага князя не вадаваць замуж прымусова, а толькі з іх згоды. Падрабязна рэгламентаваўся парадак назначэння апекуноў непаўналетнім дзецям, якія засталіся без бацькоў.

Значэнне Статута 1529 правіць

Статут напісаны на беларускай мове і мае важнае значэнне як помнік прававой культуры і мовы беларускага народа, дае магчымасць вывучыць лексіку і стыль, дзяржаўна-прававую тэрміналогію таго часу. Нормы дзяржаўнага права, выкладзеныя ў Статуце, у сваёй сукупнасці складалі своеасаблівую феадальную канстытуцыю, у якой упершыню вызначалася структура і характар дзейнасці органаў дзяржаўнай улады, замацаваліся асноўныя правы і прывілеі пануючага класа і саслоўя шляхты. Статут 1529 года адыграў значную ролю ў далейшай кадыфікацыі і сістэматызацыі права. Як і Статут ВКЛ 1566 года, паслужыў базай і крыніцай для распрацоўкі Статута ВКЛ 1588 года.

Такім чынам, выданне Статута 1529 года вывела ВКЛ на адно з першых месцаў у свеце па развіццю права і прававой культуры. Разам з тым, Статут 1529 года з’явіўся прававой асновай для далейшага развіцця заканадаўства.

Спісы і пераклады правіць

Вядомыя пераклады Статута 1529 года на лацінскую (1530) і польскую (1532) мовы. Захаваліся 4 спісы на старабеларускай мове: Фірлееўскі, Замойскіх, Дзялынскіх, Слуцкі; 2 спісы на лацінскай мове: Лаўрэнцеўскі, або Пфорцкі, Пулаўскіх; 1 спіс на польскай мове — Альшэўскі (Свідзінскі і Вастрабрамскі спісы загінулі ў 1944 г.). Упершыню Статут 1529 надрукаваны ў 1841 годзе ў Познані ў «Зборы літоўскіх законаў з 1389 да 1529» (лацінскім шрыфтам), у 1854 г. — кірыліцай у Маскве.

Цікавыя звесткі правіць

У спісе Замойскіх, а таксама ў Лаўрэнцеўскім і Пулаўскім спісах быў змешчан тэкст гімна «Багародзіца»[2]. Як лічаць некаторыя даследчыкі, гімн «Багародзіца» быў дзяржаўным гімнам ВКЛ або чымсьці падобным і выконваўся падчас афіцыйных мерапрыемстваў.

Зноскі

  1. Улашчык, М. Першы Літоўскі Статут (З гісторыі знаходак рукапісаў і іх вывучэння) / Мікалай Улашчык // Беларускі Гістарычны Агляд. — 1996. — Т. 3. — Сш. 1. — С. 7.
  2. С. Лазутка, Э. Гудавичюс. Первый Литовский Статут. с. 50, 95, 101.

Літаратура правіць

  • Улашчык М. Першы Літоўскі Статут: (3 гісторыі знаходак рукапісаў і іх вывучэння) // Беларускі гістарычны агляд. 1996. Сш. І.
  • Лазутка С., Гудавичюс Э. Первый Литовский Статут / Вильнюс. гос. ун-т им. В. Капсукаса, Ин-т истории АН ЛССР. — Т. 1. Ч. 1, Палеографический и текстологический анализ списков. — Вильнюс: Минтис, 1983.
  • Юхо І. А. Стату́т Вялі́кага Кня́ства Літо́ўскага 1529 // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 170—171. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).