Паўстанне 1863—1864 гадоў

паўстанне нацыянальна-рэвалюцыйных сіл на частцы зямель колішняй Рэчы Паспалітай
(Пасля перасылкі з Студзеньскае паўстанне)

Паўстанне ў Польшчы, Літве і Беларусі (1863—1864) — паўстанне нацыянальна-рэвалюцыйных сіл на частцы зямель колішняй Рэчы Паспалітай супраць расійскага панавання і за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.

Паўстанне ў Польшчы, Літве і Беларусі 1863 — 1864
Дата 22 студзеня 1863восень 1864
Месца Царства Польскае, беларуская-літоўскія губерніі, Правабярэжная Украіна
Вынік Падаўленне паўстання
Праціўнікі
Польшча Царства Польскае
Паўночна-Заходні край
Расія Расійская імперыя
Прусія Прусія8 лютага 1863)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Сімвал Паўстання

У рускай гістарыяграфіі — Другое польскае паўстанне (1863—1864) або мяцеж, польскай гістарыяграфіі — Студзеньскае паўстанне, у частцы беларускай гістарыяграфіі — паўстанне Кастуся Каліноўскага (таму што паўстанне было ўзначалена менавіта ім). Паролем для вызначэння прыхільнікаў было: -«Каго любіш?» -«Люблю Беларусь» — «То, узаемна».

Перадумовы

правіць

У канцы 50-х — пачатку 60-х гг. XIX ст. адбываліся якасныя змены ў складзе ўдзельнікаў вызваленчага руху ў Расійскай імперыі: дваранскія рэвалюцыянеры саступілі месца т. зв. разначынцам — выхадцам з дэмакратычных пластоў насельніцтва, выразнікам інтарэсаў працоўных мас, прадстаўленых у той час найперш сялянствам. Створаная разначынцамі тайная арганізацыя «Зямля і воля» (18611864) рыхтавала ўсерасійскае сялянскае паўстанне з мэтай устанаўлення народаўладдзя, перадачы без выкупу ўсёй зямлі сялянам, пабудовы сацыялістычнага ладу на аснове рэфармаванай сялянскай абшчыны, утварэння добраахвотнай федэрацыі абласцей. Надзеі на ажыццяўленне гэтай праграмы ўзмацніліся ў сувязі з уздымам антыпрыгонніцкага сялянскага руху і ўзнікненнем рэвалюцыйнай сітуацыі напярэдадні і ў час рэформы 1861 г.[1]

У польскіх і беларуска-літоўскіх губернях імперыі рэвалюцыйная сітуацыя абвастралася не толькі аграрна-сялянскім, але і нацыянальным пытаннем, найперш — уздымам польскага нацыянальна-вызваленчага руху, мэтай якога з’яўлялася аднаўленне незалежнай польскай дзяржавы ў межах Рэчы Паспалітай 1772 г. Па пытанні аб шляхах дасягнення гэтай мэты ўдзельнікі руху падзяляліся на дзве асноўныя плыні: «чырвоных» і «белых». Першыя прадстаўлялі дэмакратычныя пласты насельніцтва — шматлікую беззямельную і малазямельную шляхту, рамеснікаў, сялян; другія — сярэдніх і буйных землеўладальнікаў і буйную буржуазію. «Чырвоныя» зыходзілі з прызнання неабходнасці агульнанацыянальнага ўзброенага паўстання супраць царызму; «белыя» разлічвалі на дасягненне сваёй мэты шляхам мірных рэлігійна-палітычных маніфестацый у касцёлах і перагавораў з урадам пры дыпламатычнай падтрымцы заходніх дзяржаў, найперш Францыі і Вялікабрытаніі, якія яшчэ нядаўна ваявалі з Расійскай імперыяй[1].

Таксама не было адзінства і сярод «чырвоных». Правую, памяркоўную іх частку складалі шляхецкія рэвалюцыянеры — польскія нацыяналісты, для якіх галоўным было пытанне аб аднаўленні польскай рэспублікі з уключэннем у яе склад зямель Беларусі і Літвы і Правабярэжнай Украіны. Памешчыкам абяцалі захаваць іх землеўладанні, а сялянам — аддаць адразу ва ўласнасць тыя зямельныя надзелы, якія яны атрымалі паводле царскага маніфесту 19 лютага 1861 г., г. зн. без выкупных плацяжоў і «часоваабавязаных адносін». Утвораны летам 1862 Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК), які складаўся з правых «чырвоных», дэкларавалася зраўноўванне сялян у правах з шляхтай, замена рэкрутчыны трохгадовай вайсковай службай на сваёй радзіме і падушнага падатку ранейшым падымным, адмена забароны ўніяцкай царквы і надзяленне беззямельных сялян за ўдзел у паўстанні 3 моргамі (каля 2 га) зямлі[2].

У Літве і Беларусі

правіць
 
К. Каліноўскі (фота, 1862)

Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК) з пачаткам паўстання быў рэарганізаваны ў Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі, на чале з К. Каліноўскім. Першым маніфестам гэтага ўрада быў пераказ варшаўскага маніфесту (20.1(1.2).1863). Аднак у «Паўстанцкую інструкцыю» быў уключаны адметны пункт аб праве камандзіраў атрадаў паводле пастановы ваеннага суда караць смерцю «найбольш злосных прыгнятальнікаў сялян».

Варшаўскі ўрад адхіліў ад улады Часовы ўрад Літвы і Беларусі (27.2(11.3).1863), перадаў уладу віленскаму камітэту «белых», які стаў называцца «Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы». Гэты Аддзел распаўсюдзіў дэкрэт, якім касаваліся ўсе паўнамоцтвы і мандаты ЛПК. Каліноўскі ад імя ЛПК выказаў пратэст супраць перадачы ўлады «у рукі контррэвалюцыянераў» і зняў з сябе адказнасць за ўсе будучыя памылкі і страты, але падпарадкаваўся.

Ваенныя сілы паўстанцаў у Паўночна-Заходнім краі царскія ўлады ацэньвалі як 68—77 тыс. чал. Паўстанцкія атрады здолелі правесці на Беларусі і Літве 237 баёў з царскімі карнікамі.[3]

Падчас паўстання на кароткі час інсургентамі быў захоплены горад Горкі. У красавіку 1863 г. атрад Людвіка Звяждоўскага з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута захапіў павятовы горад, але быў разбіты царскім войскам.

На Міншчыне ваенныя дзеянні пачаліся 19.4.1863. Найбольш вялікія баі адбыліся:

На Гарадзеншчыне ваенныя дзеянні былі прыкметнымі значна большым, чым у іншых мясцінах, удзелам сялян, што тлумачыцца ўмелай прапагандай рэвалюцыйных дэмакратаў пад кіраўніцтвам Каліноўскага[4], а таксама значна большым працэнтам католікаў.

11. 4. 1863 г. каля в. Новы Двор (Шчучынскі павет) атрад Людвіка Нарбута вытрымаў бітву з салдатамі палкоўніка Цімафеева. 3 чэрвеня адбылася знакамітая бітва пад Мілавідамі. 13 чэрвеня атрады Ф. Уладака і Я.Ваньковіча трымалі бой каля в. Новыя пскі (Бярозаўскі павет). Праз два дні атрады Валерыя Урублеўскага перамаглі на Пружаншчыне.

У чэрвені-ліпені 1863 у выніку рэпрэсій Мураўёва ад падтрымкі паўстання адышлі памешчыкі Літвы і Беларусі. Тады ў склад Віленскага камітэта быў вернуты Каліноўскі, а 31.7.1863 узначаліў яго. 22 жніўня Каліноўскаму былі перададзеныя паўнамоцтвы камісара варшаўскага ўрада ў Вільні. Такім чынам, у руках Каліноўскага была сканцэнтравана ўся паўната ўлады ў паўстанцкай арганізацыі на землях Літвы і Беларусі. На важнейшыя пасады Каліноўскі паставіў сваіх аднадумцаў — так, В. Урублеўскі стаў ваенным начальнікам Гродзенскага ваяводства, І. Ямант — камісарам у Мінску, А. Мацкевіч — ваенным арганізатарам узброеных сіл Ковенскага ваяводства.

Аднак, і новаму складу кіраўніцтва не ўдалося дамагчыся пералому ў ваенных дзеяннях. Пад пачатак верасня 1863 года паўстанне ў літоўска-беларускіх губернях было практычна задушана. 16 снежня ў Коўне расійскія ўлады павесілі Антона Мацкевіча, прызначанага Каліноўскім арганізатара ўзброеных сіл Ковенскага ваяводства. 21 і 30 снежня былі павешаныя сябры Каліноўскага Ігнат Здановіч і Ціт Далеўскі.[5].

Пасля паразы ў ваенных дзеяннях у 1863 паўстанцы перайшлі да партызанскай барацьбы. У далейшым барацьба перайшла ў сферу грамадскага непадпарадкавання і адміністрацыйных рэпрэсій, яна працягвалася і пасля сканчэння паўстання.

У ноч на 29 студзеня 1864 года кіраўнік паўстання ў Беларусі і Літве К. Каліноўскі быў арыштаваны пад імем Ігнація Вітажэнца ў Святаянаўскіх мурах са знічкай у руках.

Вядомыя ўдзельнікі:

 
Зуаў смерці — François Rochebrune

Вынікі і наступствы

правіць

Паўстанне 1863—1864 гг. выклікала вялікі грамадскі рэзананс у тагачаснай Расіі і, між іншым, прыцягнула ўвагу грамадства да Беларусі як да з’явы з гістарычнымі каранямі, адкрыла «беларускае пытанне» і зрабіла яго адной з найважнейшых тэм даследаванняў і публікацый у 1860—1870-я гг., стала вызначальным фактарам развіцця беларускай гістарыяграфіі гэтага перыяду.

Паўстанне і антыруская прапаганда вакол яго ў еўрапейскім друку паўназначна прычыніліся да ўзнікнення контрпрапагандысцкай у сваёй аснове школы «заходнерусізму» на чале з М. О. Каяловічам.

Ацэнкі

правіць

Гісторыі паўстання 1863—1864 і дзейнасці К. Каліноўскага прысвечана багатая літаратура. Даследчыкі, публіцысты, пісьменнікі ў розны час па-рознаму ацэньвалі і паўстанне, і дзейнасць яго кіраўніка на Беларусі і ў Літве. Польская і расійская літаратура, супярэчлівая ў канцэптуальных адносінах.

Польская гістарыяграфія

правіць

Наогул, у польскай гістарыяграфіі паўстанне на беларускіх і літоўскіх землях не прыцягвае такой увагі, як падзеі ў Польшчы і сусветны кантэкст паўстання. Асоба Каліноўскага выдзяляецца за незвычайнасць, але яго перакананні ў нацыянальным пытанні звычайна класіфікуюцца як польскія або «краёвыя».[6]

Беларуская гістарыяграфія

правіць

Наогул, па стане на XXI ст. беларуская гістарыяграфія паўстання і асобы Каліноўскага характарызуецца слабай апорай на архіўныя крыніцы і моцнай публіцызаванасцю і палітызаванасцю на шкоду навуковасці[7].

Пачатак станаўлення беларускай гістарыяграфіі аб паўстанні і К. Каліноўскім адносіцца да 1920-х гадоў. У часы «беларусізацыі» сфарміраваліся дзве асноўныя канцэпцыі разгляду і ацэнкі паўстання.

Адна з іх, «вульгарна-сацыялагічная» (прадстаўнікі: У. Ігнатоўскі[8] і інш.), разглядала паўстанне як польскае, якое значна закранула Беларусь, і набыло тут асаблівы характар, з’яўляючыся тут, з аднаго боку, сялянскім супраць паноў, з другога — палітычным нацыянальна-вызваленчым супраць царызму. У гэтай канцэпцыі дзеянні «чырвоных» трактаваліся як народныя і антышляхецкія, і амаль як беларускія ў палітычнай скіраванасці, а дзеянні «белых» — як фактычна згодныя з дзеяннямі царскіх уладаў. Паўстанне ў гэтай канцэпцыі дэкларатыўна разглядалася як прадвеснік будучай сацыялістычнай рэвалюцыі.

У той жа час С. Агурскі заяўляў, што паўстанне 1863 г. было арганізавана польскімі памешчыкамі і каталіцкім духавенствам і праходзіла пад польскімі шавіністычнымі лозунгамі, называў Каліноўскага «міфічным героям», «польскім шавіністам»[9].

Падобным чынам, г.зн., дэкларатыўна і як падзею-прадвеснік, але ўжо з пункту гледжання будучага абвяшчэння беларускай дзяржаўнасці (БНР), паўстанне разглядалася ў працах беларускіх замежных даследчыкаў 1920-х гг. і пазней (Адам Станкевіч, Ян Станкевіч).

Другая з канцэпцый 1920-х гг. (С. Агурскі, К. Шчарбакоў і інш.) фактычна вярталася да заходнярускай канцэпцыі, цалкам атаясамляючы сілы паўстання з шляхтай і духавенствам, катэгарычна адмаўляючы ўсенароднасць паўстання, падкрэсліваючы шавіністычны характар паўстання, а Каліноўскага называючы «міфічным героем» і «ідэолагам… шляхты».

Пасля хвалі рэпрэсій 1929—1930 супраць «нацдэмаў» другая ацэнка ўзяла верх, аж да хвалі рэпрэсій 1937—1938, і знішчэння прадстаўнікоў другой ацэнкі. Пасля гэтага частковая «рэабілітацыя» паўстання адбылася ў працах І. Лочмеля (з удзелам Н. Нікольскага, Д. Дудкова), але, напрыклад, у працы У. Пічэты аб антыфеадальных рухах (1940) паўстанне нават не згадвалася. Відавочна, на асцярожнасць у закрананні гэтай тэмы ўплываў палітычны клімат часоў савецка-нямецкага раздзелу Польшчы (1939). У гэтай сітуацыі ўзнік шэраг супярэчлівых міфаў адносна паўстання, якія не мелі нічога агульнага з гістарычнай рэчаіснасцю падзей 1863—1864 гг. — напр., пра скіраванасць паўстання, якое ў Беларусі было сялянскім пад кіраўніцтвам Каліноўскага, супраць польскай шляхты.

У далейшым (1940—1950-я гг.) колькасць міфаў пабольшала, і да «сялянскага характару паўстання ў Літве і Беларусі» дадаўся міф (У. Перцаў, 1945; І. Лушчыцкі ў 1950-я гг.; С. Самбук у 1960-я—1970-я гг.) аб «сялянскім рэвалюцыянеры» Каліноўскім і аб яго намеры ўтварэння «літоўска-беларускай рэспублікі, самастойнай і ад Польшчы і ад Расіі».

Пэўны паварот да навуковасці ў разглядзе пытання адбыўся на працягу канца 1950-х — пач. 1970-х гг., калі выйшаў шэраг прац з шырокім выкарыстаннем архіўных матэрыялаў (манаграфіі А. Смірнова, кнігі Г. Кісялёва. Тут назіралася барацьба старых схем і новага (і супярэчлівага схемам) дакументальнага матэрыялу. Напрыклад, у працах Смірнова адносіны сялянства Літвы і Беларусі да паўстання так і не былі раскрыты.

За 1980-я — 2000-я гг., нягледзячы на ўсведамленне праблемы (М. Біч), так і не быў зроблены навуковы, непалітызаваны аналіз біяграфіі Каліноўскага і гісторыі паўстання 1863—1864 гг. Аўтары або вярталіся да палітызаваных міфаў 1920—1950-х гг. (М. Біч, Г. Сагановіч, У. Арлоў, І. Саверчанка) або да версій блізкіх заходнерусізму (У. Чарапіца, Е. Новік і У. Марцуль). Па-ранейшаму ў беларускай гістарыяграфіі няма манаграфічнай працы, якая б спалучала аналіз падзей паўстання з аналізам крыніц рэканструкцыі гэтых падзей. Агульным для беларускай гістарыяграфіі з’яўляецца слабая ўвага або толькі дэкларацыйнае прызнанне ролі агульнаеўрапейскага (замежнапалітычнага) і польскага кантэксту ў падзеях паўстання.

Адлюстраванне ў культуры

правіць

У 1863—1864 гг. французскі штотыднёвы часопіс «Le Monde illustré» надрукаваў шэраг гравюр прысвечаных паўстанню Каліноўскага («Княжна Б. перадае штандар камандзіру добраахвотнікаў (Мінская губерня)», «Сяляне ўцякаюць ад корпуса царскіх войскаў», «Атрад Лапінскага ў засадзе, каб перахапіць калону высланых па дарозе з Варшавы ў Маскву», «Асуджаныя да высылкі»). Асновай дрэварытаў складалі малюнкі, дасланыя ў Францыю.

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. а б Біч, М. Паўстанне 1863—1864 гг. // Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / М. Біч [і інш.]; Рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]; Рэд. тома: В. Яноўская, С. Рудовіч. — Мн.: Экаперспеектыва, 2005. — 519 с.: іл. — С. 233. — ISBN 985-469-104-7
  2. Біч, М. Нацыянальнае і аграрнае пытанне ў час паўстання 1863—1864 гг. / Міхась Біч // Беларускі гістарычны часопіс. — 1993. — № 3. — С. 39.
  3. Гісторыя Беларусі. Ад старажытнасці да XXI стагоддзя. Кароткі нарыс. — Мн.: Лекцыя, 2000.
  4. М. Біч…
  5. Змагацца і памерці, каб стаць легендай: «Бітва за Каліноўскага» // Наша ніва, 2 лютага 2017
  6. Смалянчук. Спадчына #2, 1998.
  7. Карев Д. В. Восстания 1830—1831 гг. и 1863—1864 гг. в белорусской историографии конца XIX—XX вв. // Повстанческое движение в Гродненской губернии 1863—1864 гг. // сост. Т. Ю. Афанасьева [и др.]; под ред. Д. В. Карева. — Брест : Академия, 2006. — С.3—16. — 397 с. — ISBN 985-505-025-8
  8. Запіскі Аддзелу гуманітарных навук / Беларуская Акадэмія навук. Кн. 13: Працы Інстытута гістарычных навук. Т. 5. Ігнатоўскі, У. 1863 год Беларусі / У. Ігнатоўскі. — Мн.: [б. в], 1930. — 274 с.
  9. Біч, М. В. К. Каліноўскі і паўстанне 1863 г. у працах беларускіх савецкіх гісторыкаў / М. В. Біч // Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук. — 1989. — № 3. — С. 110.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць