Су́нды (сунд.: Urang Sunda) — аўстранезійскі народ, карэнныя насельнікі заходняй часткі вострава Ява ў Інданезіі. Агульная колькасць (2013 г.) - 36 705 тыс. чал.[1] Ад назвы сундаў паходзіць найменне Зондскіх астравоў.

Сунды
(Urang Sunda)
Агульная колькасць 36705 тыс.
Рэгіёны пражывання Інданезія
Мова сундская
Рэлігія іслам, політэізм
Блізкія этнічныя групы бадуі, мадурцы, малайцы

Паходжанне правіць

Сунды з'яўляюцца аўстранезійцамі, нашчадкамі перасяленцаў 2 тысячагоддзя да н. э. Яны звязваюць пачатак сваёй гісторыі з плато Прыанган на захадзе Явы, створанага "калі богі пасміхаліся". Відавочна, у фарміраванні судскага народа і яго суцэльнай культуры вызначальную ролю адыграла сундская індуісцкая дзяржава, якая існавала ў VII - XVI стст.

Традыцыйная культура правіць

 
Сундскія свіраны для захавання рысу

Традыцыйны занятак — земляробства. Вырошчваюць рыс, кукурузу, чай, какава, тытунь і г. д. Жывёлагадоўля мае дадатковае значэнне. Трымаюць буйвалаў, коней, курэй, качак. На марскім узбярэжжы важнай формай здабычы з'яўляецца рыбалоўства. Акрамя таго, рыбу разводзяць на рысавых палетках і ў штучных сажалках. Распаўсюджаныя рамёствыткацтва, пляценне (асабліва добра вядомы плеценыя капелюшы), апрацоўка металаў, выраб керамікі і інш. У нашы дні многія сунды жывуць у буйных гарадах і працуюць у прамысловасці.

Насельнікі сельскай мясцовасці жывуць у буйных вёсках нага́ры, якія маюць лінейную планіроўку і будуюцца недалёка ад вады. Каркасныя хаціны ладзяць з бамбуку або дрэва, ставяць на па́лі, крыюць драўлянай дранкай або чарапіцай. Сучасныя сунды імкнуцца ўзводзіць тыпавыя цагляныя дамы, аднак старыя хаціны ўсё яшчэ выкарыстоўваюцца з-за іх мабільнасці. Яны проста разбіраюцца і пераносяцца ў іншае месца.

Звычайная ежа — звараны на пару рыс з прыправамі і рагі, падлівы з цыбулі. Да яго падаецца мяса і садавіна. Асабліва папулярны бананы. Вараць розныя кашы з кукурузы і клубянёвых культур. П'юць чай і каву, пальмавае віно і піва.

Аснова жаночай вопраткісаронг. Валасы багата мажуць алеем і сцягваюць на патыліцы ў вузел. Мужчыны апранаюць пад доўгі саронг штаны, на галаву — чорны капялюшык. Знакамітыя сундскія доўгія плеценыя капелюшы, якія выдатна ахоўваюць ад спякотнага сонца, у нашы дні робяць амаль выключна на продаж. І жанчыны, і мужчыны любяць розныя ўпрыгожванні з высакародных металаў. Да XX ст. быў распаўсюджаны звычай падпілоўваць і фарбаваць зубы.

Суседская абшчына дэса на чале старасты куву займаецца пераважна адміністрацыйным кіраваннем, хаця да канца XIX ст. яна таксама пераразмяркоўвала землі, мела абшчыннае жытло, займалася ірыгацыяй. У другой палове XX ст. улады Інданезіі садзейнічалі ўмацаванню кааператываў і арганізацый узаемнай дапамогі. Сем'і пераважна малыя нуклеарныя. Главой сям'і можа быць як бацька, так і маці, але большая частка маёмасці перадаецца па мужчынскай лініі.

Фальклор сундаў надзвычай багаты. Для яго характэрна вялікая колькасць гістарычных і міфалагічных паданняў, якія перадаюцца ў вершаванай форме чытырохрадкоўяў. Многія музычныя інструменты робяць з бамбуку. У вёсках і гарадах распаўсюджаны гамеланы. Сунды маюць багатыя танцавальныя традыцыі. Найбольш папулярны народны танец джайпанган можа ўключаць эратычныя элементы. Народны лялечны тэатр ваянг голек абыгрывае як бытавыя жартоўныя сцэны, так і ісламскія рэлігійныя падданні.

Мова правіць

Сундская мовааўстранезійская, блізкая да мадурскай і малайскай, у меншай ступені да яванскай. На ёй размаўляе каля 15% жыхароў Інданезіі. Падзяляецца на 6 буйных дыялектаў. Дыялект прыянган лічыцца літаратурным.

Рэлігія правіць

Большасць сучасных вернікаў-сундаў — мусульмане-суніты. Аднак захавалася традыцыйная рэлігія сунда вівітан, на развіццё якой у эпоху сярэднявечча моцна паўплывалі будызм і індуізм. Прыхільнікі сунда вівітан лічаць, што сусвет падзяляецца на тры часткі. Адна належыць багам і духам, другая — людзям і жывёлам, трэцяя — гэта забаронены свет або пекла. Родапачынальнікам сусвету лічыцца бог Санг Х'янг Керса. Хаця сунда вівітан мае дастаткова распрацаваную тэалогію, у Інданезіі яна не прызнаецца асобнай афіцыйнай рэлігіяй, і колькасць яе паслядоўнікаў адносна малая.

Зноскі

Спасылкі правіць