Супрасльскі летапіс

Су́прасльскі ле́тапіс — помнік беларуска-літоўскага летапісання XV стагоддзя, самы поўны спіс 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446 года[1].

Адкрыццё і даследаванне

правіць

Захаваўся ў рукапісе 1519 года. Сам рукапіс быў выяўлен М.К. Баброўскім у пачатку 19 ст. ў бібліятэцы Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра (адсюль назва, гл. таксама Супрасльскі рукапіс).

Упершыню летапіс быў апублікован І. М. Даніловічам у 1823—24 гг. у часопісе «Дзённік Віленскі» лацінскім шрыфтам[2]. У 1905 годзе рукапіс апісаў таксама А. А. Шахматаў[3]. Поўнасцю на кірыліцы летапіс быў выдадзен у 1907 годзе ў 17 томе Поўнага збору рускіх летапісаў, перавыдадзен у 35 томе з прадмоваю Мікалая Улашчыка[2]. Зберагаецца ў Архіве Санкт-Пецярбургскага філіяла Інстытута расійскай гісторыі Расійскай АН.

Змест летапісу

правіць

Складаецца з дзвюх асноўных частак[1]:

  • 1-я — «Избрание летописания», куды ўваходзяць скарочаны старажытна-рускі летапіс (ахоплівае гісторыю Русі за 854—1427), Смаленская хроніка, «Пахвала Вітаўту» і смаленскія пагадовыя запісы за 1432—46 гг.;
  • 2-я — «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» з «Аповесцю пра Падолле». Тэкст «Летапісца…» няпоўны, з пропускамі.

У канцы рукапісу перапісчык пакінуў запіс[2]:

  «Как заець рад избегал тенета, так же всяки мистр радуется, свое делцо искончав. Исписан сии летописець в лето 7028, луна 17, индикта 9, октября 6, на паметь святого апостола Фомы замышлениемь благоверного и христолюбивого князя Симиона Ивановича Одинцевича его милости на здорове и на щастье и на жизнь вечную, на отпущение грехов. Боже милостивы, их милости даи его милости княгини Екатирине, их милости чадомь. Рукоделъе многогрешного раба божиего Григория Ивановича, богу в честь и во славу во векы. Аминь»  

і ніжэй пасля віньеткі: «Преставлъшего помени, господи, ерея Ивана».

Зноскі

правіць
  1. а б Чамярыцкі 2005.
  2. а б в Улащик Н. Н. Предисловие // Полное собрание русских летописей. — Т. 35. — М., 1980. — С. 6.
  3. Шахматов А. А. O Супрасльском списке Западнорусской летописи // Летопись занятий Археографической комиссии. — Вып. 13. — СПб., 1901. — С. 4-5.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць