Сусветная выстаўка (1851)
Вялікая выстаўка прамысловых прац усіх народаў (англ.: The Great Exhibition of the Works of Industry of All Nations) — выстаўка, якая праходзіла ў лонданскім Гайд-парку з 1 мая па 15 кастрычніка 1851 года і стала вяхой у гісторыі прамысловай рэвалюцыі. З-за ўдзелу многіх краін неўзабаве ёй далі мянушку сусветнай. На гэтай першай сусветнай выстаўцы былі прадстаўлены прамысловыя тавары і розныя вырабы рамяства, машыны, вытворчыя метады, а таксама карысныя выкапні і творы выяўленчага мастацтва.
Ініцыятыва па правядзенні выстаўкі належыць брытанскаму саюзу рамеснікаў (англ.: Society of Arts). Калі праект у 1849 годзе быў прадстаўлены грамадскасці, то рэзананс сярод брытанскіх прамыслоўцаў і бізнесменаў быў станоўчым. Яны бачылі ў выстаўцы ідэальную платформу для падтрымкі сусветнага свабоднага гандлю.
Пры заступніцтве прынца Альберта арганізацыяй і кіраўніцтвам займаўся Генры Коўл і камітэт з 24 чалавек, званы «каралеўскай камісіяй» (англ.: Royal Commission). Яго састаў зацвярджаўся асабіста каралевай, што надавала праекту дзяржаўны аўтарытэт. Але фінансаваннем праекта займаліся арганізатары. Нават паліцэйскія, якія ахоўвалі выстаўкі, аплачваліся імі.
Для правядзення выстаўкі быў збудаваны Крыштальны палац — гіганцкі будынак са шкла і сталі, прадвеснік сучаснай архітэктуры. Унутры палаца гледачам дэманстравалі дзіўныя вынаходствы — такія, як прататып факс-машыны і т.з. прадракальнік бур. Для прыцягнення публікі дэманстраваліся і іншыя дзівоцтвы — напрыклад, знакаміты дыямент Кахінур. Таксама, былі выстаўлены багатыя паляўнічыя трафеі вядомага паляўнічага і даследчыка Паўднёвай Афрыкі Роэліна Гордана-Камінга. Гэта была сапраўдная вітрына Брытанскай імперыі.
Ажыятаж вакол выстаўкі, якую наведала да 6 мільёнаў чалавек (трэць насельніцтва Брытаніі), прынёс арганізатарам вялікі прыбытак, які пайшоў на заснаванне музеяў Альбертопаля. Ініцыятыву правядзення сусветных выставак тут жа падхапілі французы, якія адказалі на выклік англічан сусветнай выстаўкай 1855 года. З тых часоў такія мерапрыемствы сталі праводзіцца рэгулярна.
Літаратура
правіць- John R. Davis: The Great Exhibition. Sutton, Stroud 1999, ISBN 0-7509-1614-1