Сусветная паштовая канвенцыя

Сусветная паштовая канвенцыя, або Усеагульны адзіны паштовы дагавор, таксама вядомы як Бернскі дагавор (англ.: Treaty of Bern) — міжнародна-прававое пагадненне аб парадку міжнародных паштовых сувязяў, складзенае ўпершыню ў 1874 годзе ў Берне паміж дзяржавамі-членамі Сусветнага паштовага саюза (СПС).

Помнік Сусветнаму паштоваму саюзу у Берне (пабудаваны ў 1900 годзе)

Гісторыя правіць

Намаганнямі Генрыха фон Стэфана і ўрада Швейцарыі, у першую чаргу Эжэна Барэля, 15 верасня 1874 года ў Берне была скліканая міжнародная канферэнцыя, якая ўвайшла ў гісторыю як I Сусветны паштовы кангрэс. У канферэнцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі 22 краін.

9 кастрычніка 1874 года на гэтай канферэнцыі было прынята пагадненне пад назвай «Усеагульны адзіны паштовы дагавор», які ў 1878 годзе быў перайменаваны ва «Сусветную паштовую канвенцыю». Адначасова быў створаны Усеагульны паштовы саюз (з 1878 — Сусветны паштовы саюз). З тых часоў штаб-кватэра СПС знаходзіцца ў Берне.

Канвенцыя неаднаразова змянялася ў сувязі з развіццём паштовай справы. Апошняя рэдакцыя была прынятая ў 2008 годзе на прынятай на XXIV Кангрэсе Сусветнага паштовага саюза ў Жэневе і ўступіла ў сілу з 1 студзеня 2010 года.

Ратыфікаваная Законам Рэспублікі Беларусь ад 6 ліпеня 2015 года «Аб ратыфікацыі Агульнага рэгламенту Сусветнага паштовага саюза, Сусветнай паштовай канвенцыі і Заключнага пратакола Сусветнай паштовай канвенцыі».

Апісанне правіць

Канвенцыя і яе Выканаўчы рэгламент вызначаюць агульныя правілы міжнароднай паштовай службы і ўтрымліваюць абавязковыя для ўсіх краін-членаў СПС палажэнні адносна абмену пісьмовай карэспандэнцыяй.

Іншыя віды паштовай сувязі (перасылка лістоў і бандэроляў з абвешчанай каштоўнасцю, пасылак, грашовых пераводаў, адпраўленняў накладзеным плацяжом, грашовых даручэнняў, дарожных чэкаў) рэгулююцца дадатковымі пагадненнямі, абавязковымі толькі для іх удзельнікаў.

Канвенцыя вызначае ўмовы транзіту і нормы транзітных выдаткаў, розныя віды бясплатных перасыланняў (напрыклад, друкаваных выданняў шрыфтам для сляпых).