Архіепіскап Сцяпан (Стэфан, свецкае імя — Сямён (Сымон) Іосіфавіч Се́ўба; 17 (29) красавіка 1872, Цялуша, Бабруйскі павет, Расійская імперыя — 25 студзеня 1965, Зальцбург, Аўстрыя) — епіскап Бранскі і Смаленскі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (1942—1943), архіепіскап Венскі і Аўстрыйскі Рускай праваслаўнай царквы за мяжой (1946—1965)[1].

Архіепіскап Сцяпан
Архіепіскап Сцяпан
6-ы Архіепіскап Венскі і Аўстрыйскі
13 жніўня 1946 — 25 студзеня 1965
Царква Руская праваслаўная царква за мяжой
Папярэднік Нафанаіл (Львоў)
Пераемнік Антоній (Барташэвіч)
Епіскап Бранскі і Смаленскі
17 мая 1942 — 1943
Царква Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква
Папярэднік Мадэст (Нікіцін)
Пераемнік Сергій (Смірноў)
Адукацыя
Дзейнасць святар
Імя пры нараджэнні Сямён Іосіфавіч Сеўба
Нараджэнне 17 (29) красавіка 1872
Смерць 25 студзеня 1965(1965-01-25) (92 гады)
Пахаванне

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся 17 красавіка 1872 года ў сям’і Іосіфа Сеўбы, спевака царкоўнага хора ў вёсцы Цялуша Бабруйскага павета Мінскай губерні Расійскай імперыі. Страціў у раннім дзяцінстве бацьку, таму яго выхоўвала маці[2].

Пасля заканчэння духоўнага вучылішча ў 1891 годзе паступіў у Мінскую духоўную семінарыю, якую скончыў у 1894 годзе. У 1896 годзе быў пасвечаны ў святары, больш за 30 гадоў служыў у Мінскай епархіі ў Ракаве.

Пасля падзелу Беларусі ў 1921 годзе ў выніку Рыжскага міру застаўся на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў Польскай Рэспубліцы. Быў зацятым праціўнікам аўтакефаліі Польскай праваслаўнай царквы, за што падвяргаўся пераследу, неаднаразова сядзеў у турмах (у Наваградку і Бярозе-Картузскай). У часе зняволення пачалася савецка-нямецкая вайна 1941—1945 гадоў, Сямён Сеўба быў вызвалены і вярнуўся ў Ракаў[2].

Перыяд у БАПЦ

правіць

У ходзе нямецкай акупацыі ў 1942 годзе быў выкліканы ў Мінск і пастрыжаны ў манаства пад імем Сцяпан (Стэфан) і ўзведзены ў сан архімандрыта. 3 сакавіка 1942 года на саборы епіскапаў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы быў узведзены ў сан епіскапа Бранскага і Смаленскага[d], будучы святаром-удаўцом[3][4].

Епіскапская хіратонія протаіерэя Сцяпана павінна была адбыцца ў нядзелю 15 сакавіка 1942 года, але нечаканая хвароба мітрапаліта Панцеляймона перашкодзіла гэтаму. З прычыны неадкладнасці гэтай хіратоніі яе хацелі зрабіць архіепіскап Філафей і епіскап Афанасій, але мітрапаліт Панцеляймон не даў сваёй згоды, запатрабаваўшы ад гэтых епіскапаў ад’езду ў свае епархіі.

Архімандрыт Сцяпан з’ехаў у свой прыход для працягу пастырскага служэння. Мітрапаліт Панцеляймон пасля ад’езду епіскапаў разлічваў узначаліць Мінскую і Навагрудскую епархіі і кіраваць імі пры дапамозе Сцяпана, якога ён, насуперак рашэнню сабора, хацеў рукапакласці ў епіскапа Слуцкага, вікарыя Мінскай епархіі. Гэта моцна ўстрывожыла беларускіх дзеячаў, якія паведамілі пра гэта нямецкім уладам. Генеральны камісарыят загадаў мітрапаліту Панцеляймону неадкладна пасвяціць Сцяпана ў сан епіскапа Смаленскага[4].

17 мая 1942 года ў Мінску ён быў высвечаны ў епіскапа Смаленскага і Бранскага. Чын хіратоніі здзяйснялі: мітрапаліт Мінскі Панцеляймон, епіскапы Гродзенскі Венедыкт і Магілёўскі Філафей. На наступны дзень епіскап Сцяпан з’ехаў у свой прыход у Ракаў для падрыхтоўкі да ад’езду ў Смаленск. У Смаленск епіскап Сцяпан прыехаў толькі 27 снежня 1942 года. У гэты ж дзень пасля літургіі ў малым Богаяўленскім саборы адбылася яго ўрачыстая сустрэча з клірам і паствай Смаленскай епархіі[4]. Недахоп святароў заахвоціў епіскапа Смаленскага Сцяпана арганізаваць у Смаленску пастырскія курсы, якія выпусцілі за першыя 7 месяцаў свайго існавання 40 святароў. Арганізуючы сваю епархію, ён аб’ехаў увесь фронт, пабываўшы нават у Бранску. Адрозніваўся сціпласцю, абслугоўваў сабе сам, у тым ліку сам сабе рыхтаваў вячэру[2].

У верасні 1943 года савецкія войскі занялі Смаленск і Сцяпан эвакуяваўся ў Барысаў. 7 чэрвеня 1944 года прыбыў у Германію. У 1945—1948 гадах быў намеснікам старшыні Царкоўна-дабрачыннага камітэта Германскай епархіі.

Перыяд у РПЦЗ

правіць

12 лютага 1946 года ўвайшоў у юрысдыкцыю РПЦЗ. З 7 па 10 мая 1946 года ўдзельнічаў у працы Архірэйскага Сабора РПЦЗ у Мюнхене[5]. 13 жніўня 1946 года рашэннем Архірэйскага Сінода РПЦЗ быў прызначаны епіскапам Венскім і Аўстрыйскім[d] з узвядзеннем у сан архіепіскапа[6].

Развіў плённую дзейнасць па харчаванні бежанцаў у лагерах перамешчаных асоб Парш (Зальцбург), Келерберг, Куфштайн. У выніку палітычных прычын яму давялося пераехаць у Зальцбург, які знаходзіўся ў заходняй зоне акупацыі Аўстрыі. На тэрыторыі ягонай епархіі пасля заканчэння вайны знаходзілася каля 100 тысяч «перамешчаных асобаў» з СССР, якія жылі ў мясцовых лагерах і стварылі 33 праваслаўныя абшчыны. Епіскап Сцяпан пасяліўся на тэрыторыі вялікага лагера Парш пад Зальцбургам, дзе ўжо дзейнічалі тры барачныя царквы. Адной з іх ён надаў статус кафедральнага сабора. Архіепіскапа Сцяпана ўспаміналі як добрага і сардэчнага чалавека, які падоўгу гутарыў на лавачцы з бежанцамі, слухая іх апавяданні і паўсядзённыя праблемы. Сцяпан не гаварыў па-нямецку, таму перакладчыцай у яго служыла А. Гунбіна, якая шмат зрабіла для лагернага прыхода[7].

У 1948 годзе архіепіскап Сцяпан арганізаваў прыход для бежанцаў у Зальцбургу. Набажэнствы праводзіліся ў адной з прыбудоваў каталіцкай царквы на Рэзыдэнцплац, асвячонай у імя Архістратыга Міхаіла. Абразы для часовага іканастаса напісалі барон Мікалай Мэйендорф і Іван Дзікі, якія раней працавалі мастакамі ў Югаславіі. У 1950 годзе сабор у лагеры Парш спалілі савецкія смершаўцы, у сувязі з чым быў пабудаваны новы будынак сабора ў іншай частцы лагера. Архіепіскап Сцяпан сам зрабіў для яго іканастас.

У канцы 1940-х гадоў бежанцы сталі актыўна выязджаць з Аўстрыі, галоўным чынам у Амерыку і Аўстралію, у сувязі з чым паства архіепіскапа Сцяпана стала імкліва змяншацца. Да 1953 года каля 90 % бежанцаў эмігравалі, а рэшта баялася высылкі ў СССР і хавалася. У 1956 годзе католікі адмовілі РПЦЗ у храме на Рэзыдэнцплац, таму епіскап Сцяпан зладзіў дамавую Пакроўскую царкву на першым паверсе ў былым замку баронаў Цінен-Адлерфліхт, якая змяшчала ўсяго 20 чалавек, з-за чаго шмат каму з людзей, якія маліліся, даводзілася стаяць у калідоры. Таксама набажэнствы для вернікаў РПЦЗ у Зальбургу адбываліся ў Мікольскай царкве пры бежанскай багадзельні, якая праіснавала тры дзесяцігоддзі. З 1962 года яна размяшчалася ў каталіцкай царкве святога Ераніма на Мюльнер на Гауптштрасэ, 6[8].

29 мая 1959 года для пабудовы храма за 49 тысяч марак быў набыты ўчастак, размешчаны паблізу ракі Зальц, у квартале Леэн. Праект новага храма стварыў архітэктар Яўген Салпіус, эмігрант з Прыбалтыкі. Будаўніцтва ішло павольна і вельмі эканомна. Нягледзячы на свой узрост, архіепіскап Сцяпан асабіста адправіўся ў ЗША для збору ахвяраванняў. Новы Пакроўскі сабор асвяцілі 26 чэрвеня 1964 года архіепіскап Сцяпан і архіепіскап Берлінскі і Германскі Аляксандр (Лоўчы). На асвячэнні прысутнічалі кіраўнікі мясцовых каталіцкіх і пратэстанцкіх епархій.

Памёр 25 студзеня 1965 года ў Зальцбургу. Пахаваны на мясцовых могілках[9].

Зноскі

  1. Падрыхтоўка й арганізацыя БАПЦ у часе Другой Сусьветнай вайны(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 22 кастрычніка 2020. Праверана 9 жніўня 2020.
  2. а б в Корнилов А. А. Духовенство перемещенных лиц: Биографический словарь. — Нижний Новгород: Научно-исследовательская лаборатория «Русское Зарубежье», 2002. — 119 с.
  3. Афанасий (Мартос), архиепископ. «Беларусь в исторической государственной и церковной жизни», Буэнос-Айрес, Аргентина, 1966 г., репринтное издание. — Минск, 1990 г., стр. 274
  4. а б в Амельченков В. Л. Смоленская епархия в годы Великой Отечественной войны. — Смоленск: Свиток, Смоленская обл. тип. им. В.И. Смирнова, 2006. — 191 с. — ISBN 978-5-902-093-21-3.
  5. Нивьер А. Православные священнослужители, богословы и церковные деятели русской эмиграции в Западной и Центральной Европе. 1920—1995: Биографический справочник / Библиотека-фонд «Русское Зарубежье». Русский путь / YMCA-Press. 978-5-85887-206-1. 2007, стр. 472
  6. Шкаровский М. В. Архиерейский Синод Русской Православной Церкви за границей и русская церковная эмиграция в Югославии после окончания второй мировой войны (в 1945—1950-х гг.) // Христианское чтение. 2015 — № 6, стр. 219—272
  7. Денис Mицкевич. Преломления эмигрантского опыта // Судьбы поколения 1920-1930-х годов в эмиграции. Очерки и воспоминания / сост. Людмила Флам. — М.: Русский путь, 2006. — 472 p. — ISBN 5-85887-253-0.
  8. ЦЕРКОВЬ ПОКРОВА ПРЕСВЯТОЙ БОГОРОДИЦЫ. Зальцбург, Австрия Архівавана 19 снежня 2018. // Русские храмы и обители в Европе / Авт.-состав. В. В. Антонов, А. В. Кобак. — СПб.: Лики России, 2005.
  9. Магіла Сямёна Сеўбы

Літаратура

правіць
  • Редчайший юбилей // «Православная Русь». — 1962. — № 7. — С. 2-3
  • Бачманов М. Смерть и погребение архиепископа Стефана // «Православная Русь». — 1965. — № 3. — С. 6
  • Бобров Н. Памяти высокопреосвященного Стефана Архиепископа Венского и Австрийского // «Православная Русь». — 1965. — № 5. — С. 6-7
  • Боголюбов С. Н. Светлой памяти архиепископа Стефана // «Православная Русь». — 1965. — № 3. — С. 5
  • Вечная память приснопамятного архиепископа Стефана // «Православная Русь». — 1965. — № 6. — С. 7
  • Памяти Владыки Стефана. Архиепископа Венского и Австрийского // «Церковные ведомости» Официальный орган Православной Германской Епархии. — 1965. — № 1-6. — С. 6
  • Тальберг Н. Д. Доброй памяти архиепископа Стефана // «Православная Русь». — 1965. — № 3. — С. 6-7
  • Памяти Владыки Стефана, архиепископа Австрийского // ЦВГЕ. 1965. No 1-6;
  • Архиепископ Стефан (Севбо) // «Вестник Западно-Европейской епархии Русской Православной Церкви за Рубежом». — 1977. — № 8. — С. 40-45

Спасылкі

правіць